ПЕРШЫЯ РЭКОРДЫ

Грамадства

На хлебных палях у гэтым годзе разгарнулася сапраўднае спаборніцтва. З пачатку ўборачнай кампаніі актыўна ўключыліся ў работу хлебаробы ўсіх гаспадарак. Але ўжо з першых дзён лідарства – у КСУП “Брагінскі” і “Чамярыскі”. На 20 ліпеня ў засекі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў паступіла 2700 і 2447 тон хлеба новага ўраджаю адпаведна. Менавіта з бункераў камбайнаў гэтых гаспадарак была выдадзена першая тысяча тон зерня. І першая перавезеная тысяча тон – таксама іх вадзіцеляў. Вось яны, героі-тысячнікі: камбайнер Мікалай Аляксандравіч Дзегцярэнка, вадзіцель Анатоль Уладзіміравіч Кацуба (КСУП “Брагінскі”), маладзёжны экіпаж у складзе Міхаіла Мікалаевіча Салдаценкі і Дзяніса Пятровіча Тарасенкі, вадзіцель Аляксандр Іванавіч Кудранок (КСУП “Чамярыскі”).


З працоўнай перамогай па традыцыі прама ў поле прыехалі павіншаваць герояў жніва старшыня раённага выканаўчага камітэта А.П. Ятчанка, старшыня раённа Савета дэпутатаў М.І. Кавалёк, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В.В. Хмелянок, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама І.В. Самбук, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу В.І. Балобан. Ва ўрачыстых абставінах камбайнерам і вадзіцелям  былі  выказаны   словы  падзякі, уручаны падзячныя пісьмы і каштоўныя падарункі.



Самі пераможцы гавораць, што аб спаборніцтве няма калі думаць, цяпер галоўнае – як мага хутчэй і без страт убраць ураджай. Гэта стала магчымым дзякуючы сучаснай тэхніцы, глебаапрацоўчым і пасяўным агрэгатам. Многае залежыць ад прымянення інтэнсіўнай тэхналогіі, добрай запраўкі глебы. І, безумоўна, ад граматнага агранома і  ад працавітых рук хлебаробаў.


Аляксандр Іванавіч Кудранок лічыць жніво самым адказным перыядам усіх сельскагаспадарчых работ. Нягледзячы на тое, што сёлетняя ўборачная па ліку васемнаццатая, кожны раз хвалюецца перад выездам у поле: які ўраджай чакаецца ў гэтым годзе, ці не перашкодзіць надвор’е? І супакойвае сябе: усё будзе добра.


Яго прозвішча – у гісторыі Брагіншчыны. Два гады назад ён на аўтамашыне МАЗ-5551 першым перавёз больш двух тысяч тон зерня. Не здае пазіцый адказны вадзіцель і сёлета.


Тут, на роднай зямлі, жывуць і працуюць сямейныя дынастыі Дзегцярэнкаў і Кацубаў. Іх праца – прыклад для пераймання. Ніколі не застаецца ў баку ад самых важных кампаній вадзіцель Анатоль Уладзіміравіч Кацуба. У апошнія гады – ён лідар па перавозцы зерня не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Менавіта такім, вопытным і старанным працаўнікам, давяраюць сучасную тэхніку, на якой дабіваюцца працоўных перамог.


Новы камбайн “Лексіон-580” аддалі ў надзейныя рукі Мікалая Аляксандравіча Дзегцярэнкі. Апрабаваў яго механізатар на кармавых угоддзях, затым перайшоў на хлебнае поле. Але ж, дзе б ні працаваў Мікалай Аляксандравіч, яго прозвішча заўсёды ў ліку лепшых. Нездарма станавіўся пераможцай рэспубліканскага спаборніцтва на нарыхтоўцы кармоў.


Аб першай тысячы тон намалочанага зерня ў раёне рапартаваў  і экіпаж у складзе Міхаіла Салдаценкі і Дзяніса Тарасенкі. Яны  працуюць на зернеўборачным камбайне КЗС-1218.


Гэта чарговае пацверджанне прафесіяналізму і майстэрства пераможцаў мінулагодняга рэспубліканскага спаборніцтва сярод маладзёжных экіпажаў камбайнераў. Усё яшчэ наперадзе. Хочацца пажадаць новых працоўных поспехаў, каб і сёлета нашы слаўныя хлебаробы падымаліся  на святочную сцэну фестываля, услаўляючы Брагіншчыну.


Т. ЦІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *