СЛАВУТАЯ ПЕРАМОГА

Грамадства

У яе свой уклад унеслі і рыцары беларускай зямлі


Заўтра спаўняецца 600 год адной значнай гістарычнай падзеі. 15 ліпеня 1410 года войскі Вялікага княства Літоўскага і польскае сустрэліся з арміяй Тэўтонскага ордэна пад тагачасным прускім мястэчкам Грунвальд. У жорсткай сечы галоўныя сілы Ордэна былі разбіты ўшчэнт.


У наш час сэнс гэтай вялікай падзеі ўсведамляюць далёка не ўсе: маўляў, калі тое было –  ужо шэсць стагоддзяў мінула, ці мала чаго пасля гэтага адбылося на нашай зямлі… Аднак, перамога пад Грунвальдам мела велізарнае палітычнае значэнне. Паводле ўмоваў падпісанага з крыжакамі Тарунскага міру, Ордэн павінен быў вызваліць усе захопленыя землі. Была спынена 200-гадовая агрэсія нямецкіх рыцараў на ўсход. Разгромлены Ордэн ужо не змог аднавіць сваёй магутнасці і знік як самастойная дзяржава. Суадносіны сілаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе змяніліся на карысць славянскіх дзяржаў.


ЯК  ГЭТА  БЫЛО


Тэўтонскі нямецкі ордэн – вайскова-манашаскае рыцарскае фарміраванне,  які ў другой палове ХІІ ст. заснаваў сваю дзяржаву. Ім была знішчана частка балцкага племені прусаў, частка анямечана. Некаторыя прусы ратаваліся  ў лясістых раёнах на захадзе  цяперашняй Беларусі. Паступова яны ўвайшлі ў склад беларускай народнасці.


Другая палова ХІІІ і пачатак ХІV стагоддзяў – гэта перыяд пастаянных войнаў Вялікага Княства Літоўскага з крыжакамі, калі ад сістэматычных набегаў ворага шмат цярпелі жамойцкія, літоўскія і беларускія землі. Жамойціі і Літве пагражаў  лёс,  які ўжо спаткаў прусаў –  вынішчэнне і анямечанне. Такая ж небеспяка стварылася і для жыхароў беларускіх тэрыторый. Адначасова Тэўтонскі ордэн вёў агрэсіўную палітыку ў дачыненні да Польшчы, захопліваючы яе землі. Гэта аб’ектыўна стварала ўмовы для заключэння дзяржаўнага саюзу паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай.


У канцы траўня 1409 г. у Жамойціі, якая знаходзілася пад кіраўніцтвам нямецкага войта, узнялося паўстанне. Вітаўт падтрымаў яго.   Ягайла і польскія феадалы таксама сталі на бок паўстанцаў, неафіцыйна ім дапамагаючы. З-за гэтага Тэўтонскі ордэн аб’явіў вайну Польшчы і Літве. 


Летам 1410-га прайшла вырашальная кампанія і да яе бакі рыхтаваліся сур’ёзна.  Апошняя бітва адбылася 15 ліпеня. Пасля шасцігадзіннага бою рэшткі войска ворага сталі хутка адыходзіць да свайго ўмацаванага лагера – вагенбурга. Былі забіты кіраўнікі  крыжакоў. У 7 гадзін вечара  польска-беларуская пяхота захапіла вагенбург. Удар па заваёўніках быў настолькі ашаламляльны, што славянскія землі пяць стагоддзяў не ведалі германскай агрэсіі.


Бітва пад Грунвальдам запісана ў летапісах. Па сутнасці яна была працягам усталявання вайсковых традыцый беларускіх рыцараў і палкаводцаў. Абапіраючыся на іх, беларускія ваяры атрымлівалі перамогі і ў наступных стагоддзях. Яскравым прыкладам гэтага з’яўляецца славутая бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г. і перамогі над ворагам падчас Лівонскай вайны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *