ТРАДЫЦЫІ ЛІДЭРСТВА,

Грамадства

якім  можна  па-добраму  пазайздросціць


У мінулым годзе ад вопытнага кіраўніка давялося пачуць: “Няма ніякай “бітвы за ўраджай” – ёсць мэтанакіраваная, добра спланаваная і прадуманая ўборка вырашчанага. А “ваяваць” навошта?”.  Але ж сёлета ў нейкім сэнсе гэта ўсё-такі  бітва са спякотай, якая пануе над хлебнай нівай. Занадта жаркае надвор’е зрушыла тэрміны ўборачнай, яна пачалася раней, і амаль адразу  КСУП  “Чамярыскі” і “Брагінскі” рапартавалі аб першых тысячных намалотах.


Прама ў поле прыехалі павіншаваць маладзёжны экіпаж у складзе старшага камбайнера М.М. Салдаценкі  і камбайнера Д.П. Тарасенкі старшыня абласнога выканаўчага камітэта А.С. Якабсон, старшыня раённага выканаўчага камітэта А.П. Ятчанка, старшыня раённага Савета дэпутатаў М.І. Кавалёк. Не засталіся ў баку і прафсаюзныя лідары – старшыня абкама прафсаюзаў работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці В.І. Яцэвіч, яго калега з Гомельскага гаркама А.І. Матчанка, В.І. Балобан.


“Ёсць  у “Чамярыскім” добрая традыцыя – станавіцца лідарамі на жніве. Гэта ўжо хвароба такая – добра працаваць, — пажартаваў Аляксандр Серафімавіч, звяртаючыся да прысутных. – Але гэта хвароба добрая. Наша ж першачарговая  задача – падтрымаць моладзь, каб такія тэндэнцыі працягваліся. Галоўнае заўсёды – уважлівыя адносіны да чалавека, веданне яго праблем і запатрабаванняў. Спякота ўносіць свае карэктывы, падштурхоўвае да таго, каб  хутчэй працаваць. Я не памятаю такога, каб вільготнасць зерня складала ўсяго 6%.Тэмпы ўборкі неабходна давесці да 7% у дзень. І, вядома, вельмі патрэбны дажджы.


Наперадзе ў аграрыяў вобласці – уборка кукурузы, гародніннай групы. Але  надвор’е чалавек не можа  выбраць, тым больш  падпарадкаваць сабе.  Адзінае, што можна супрацьпаставіць яму — працалюбства і адданасць справе.”


Аляксандр Серафімавіч уручыў маладым лідэрам жніва каштоўныя падарункі, пажадаўшы і надалей поспехаў у справе.


А на полі “Брагінскага”  ўшаноўвалі   старшага   камбайнера   М.А. Дзегцярэнку   і   вадзіцеля  А.У.  Кацубу. Падарункі і прывітальныя адрасы ўручыў  В.І. Яцэвіч.


Радавалі прысутных песняй удзельнікі вакальнага гурта раённага Дома культуры.  Будзе на жніве яшчэ не адно ўшаноўванне, ды і пасля яго таксама. Наперадзе – і раённыя, і абласныя, і рэспубліканскія “Дажынкі”. Няхай плённая праца нашых земляробаў дасць свае станоўчыя вынікі. Умацоўваючы харчовую бяспеку краіны, яны атрымаюць адпаведную адзнаку і пашану.


Г. ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *