УНУКІ ПАЗБАЎЛЯЮЦЬ маёмасці бабуль і дзядуль

Школа бяспекі

За шэсць месяцаў бягучага года ў Гомельскай вобласці было зарэгістравана 705 пажараў, на якіх загінула 70 чалавек. У параўнанні з мінулым годам гібель знізілася на 12,4% (у 2009-м загінула 86 чалавек). На пажарах траўміраваны 31 чалавек. Неасцярожнае абыходжанне з агнём стала прычынай смерці 58 чалавек, траўмы атрымалі 23. Незахаванне правіл бяспекі пры мантажы і эксплуатацыі пячнога ацяплення пазбавіла жыцця пяць чалавек, столькі ж загінула з-за парушэння правіл эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання, адзін — з-за ўдару маланкі. Па прычыне свавольства з агнём сёлета не стала аднаго дзіцяці, а двое — траўміраваны.


Асноўнымі прычынамі ўзнікнення пажараў з’яўляюцца: неасцярожнае абыходжанне з агнём – 348; падпалы – 82 ; свавольства з агнём – 23; парушэнне правілаў устройства і мантажу печаў  – 69 і іншыя. Агульныя эканамічныя страты склалі 4млрд 511млн 46 тысяч рублёў. Па віне п’яных адбылося 137 пажараў, на якіх загінула 50 чалавек, траўміравана 15.


У разгары доўгачаканыя летнія канікулы. Дзеці застаюцца дома адзін на адзін з уласнай неўтаймаванай энергіяй, вынікі праяўлення якой адлюстроўваюцца штодзень у зводках МНС, МУС, АСВОДа і іншых службаў экстранага рэагавання. Легкадумныя паводзіны дзетвары з агнём, вадой, газам, няведанне элементарных правілаў бяспечных паводзін – першапрычыны трагічных вынікаў.


Што датычыцца зводак МНС, то за шэсць дзён ліпеня адбылося 5 пажараў па прычыне дзіцячага свавольства з агнём. У выніку такіх “гульняў” адно дзіця траўміравана, агнём знішчаны хлеў і лазня, пашкоджаны два жылыя дамы, тры хлявы, легкавы аўтамабіль.


30 чэрвеня ў вёсцы Янава Веткаўскага раёна трое ўнукаў (ад пяці да сямі гадоў) на падворку дзядулі і бабулі распалілі вогнішча. У будцы вырашылі развесці агонь, а каб лепш гарэла, падкінулі сена. У выніку на моцным сялянскім падворку агнём знішчаны хлеў, лазня, дах жылога дома і другога хлява. У хляве згарэлі конь, дзве свінні і куры.


3 ліпеня ў в. Макарычы Петрыкаўскага раёна адбыўся пажар, у час якога згарэлі дах і перакрыццё хлява, а таксама маёмасць, якая там захоўвалася. Віноўнікамі  сталі два пяцігадовыя хлопчыкі.


4 ліпеня ў Рагачоўскую ЦРБ было дастаўлена дзіця 2008 года нараджэння з апёкамі кісцяў рук, твару, часткі галавы, шыі, перадплечча (30% цела). Гуляючы ў аўтамабілі без нагляду бацькоў, хлопчык знайшоў запалкі, якія знаходзіліся ў салоне. Калі бацька, які адлучыўся ненадоўга ў дом, вярнуўся, ужо гарэў салон машыны. З яго ён дастаў сына, які атрымаў апёкі.


Паважаныя бацькі! Не пакідайце дзяцей адных без нагляду! Займіце іх вольны час гульнямі! Клапаціцеся аб іх жыцці, здароўі і самі захоўвайце правілы бяспечных паводзін у быту, выхоўвайце навыкі культуры, дэманструючы гэта на ўласным прыкладзе. А каб дзіцячыя забавы не сталі пачаткам вялікай бяды, давайце дакладныя веды аб дзеяннях у той або іншай сітуацыі. Памятайце, што жыццё і здароўе вашых дзяцей залежаць толькі ад вас!


І. ЧАРНЯЎСКАЯ,
інспектар групы прапаганды і навучання Брагінскага  РАНС



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *