ЮНАЦТВА НЕЗАБЫЎНЫ ЧАС

Грамадства

У   суботу, 10 ліпеня,  выпускнікі Савіцкай  сярэдняй  школы адзначалі чарговую гадавіну з дня заканчэння навучальнай  установы


Збіраліся на цэнтральнай плошчы Брагіна, каля  ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.  Сустракаў усіх Аляксандр Рыгоравіч Грэсь, былы аднакласнік і былы дырэктар Савіцкай школы (з 1982 па 1986 гады), зараз узначальвае Дзербіцкую САШ што ў Буда-Кашалёўскім раёне.  Некаторыя не бачыліся больш 30 гадоў, нават не пазнавалі адзін аднаго. І толькі напамінак аб нейкіх падзеях,  вяртанне ў далёкія 70-я, дазвалялі ўспомніць прозвішча знаёмага «незнаёмца». Абдымаліся, смяяліся, мужчын віталі крэпкімі поціскамі рукі,  жанчын – кветкамі.


…Для 82-х вучняў Савіцкай сярэдняй школы  апошні званок прагучаў у  75-м, за адзінаццаць гадоў да аварыі на Чарнобыльскай АЭС і адсялення вёскі.  Тады не ўсе пакінулі  родныя мясціны. Сваё жыццё з раёнам звязалі Сяргей Рыгоравіч Набок – дырэктар ААТ “Брагінаграсервіс”, яго намеснік Мікалай Фёдаравіч Барысенка. Працаваў начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пётр Міхайлавіч Кудан, зараз ён – дырэктар Палесскага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Наталля Міхайлаўна Леўчанка з’яўляецца дырэктарам Камарынскага Дома дзіцячай творчасці, а Валянціна Анатольеўна Казачэнка – настаўніцай Хракавіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы. У КЖУП “Брагінскае” працуюць Марыя Рыгораўна Глушанкова і Анатоль Паўлавіч Голік. Не адзін год аддаў сельскай гаспадарцы Аляксандр Фёдаравіч Цалуйка.



Атрымаўшы атэстат сталасці, многія ўсё ж разляцеліся па свеце. Нехта жыве ў Славуцічы, нехта ў Херсоне,  Рызе,  Ніжнім Ноўгарадзе, Санкт-Пецярбургу, а нехта зусім за Уралам…  Аднак кожныя  пяць гадоў, па-магчымасці,  яны збіраюцца разам, едуць у родную вёску, наведваюць школу, якая пустуе болей як 20 гадоў.  Дарэчы, сярод выпускнікоў Савіцкай школы  1975 года – 22 удзельнікі ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. 


Не забываюць удзячныя  вучні запрасіць на сустрэчу і  тых, хто доўгія десяць гадоў вучыў іх дабру і мудрасці. Заўсёды ўспамінаюць Міхаіла Іванавіча Ветчанку, першага настаўніка, якому ўжо споўнілася 90 гадоў.  Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, кавалер двух ордэнаў Славы зараз жыве ў Мінску. Нягледзечы на свой узрост, ён і сёння ў страі. У Дзень Незалежнасці краіны прымаў удзел у святочным парадзе, крыху прастудзіўся, таму прыехаць не змог.


…Сёння, гартаючы класны журнал і гледзячы на свае адзнакі, былыя школьнікі ўсміхаюцца. А нехта жартуе: “Я вучыўся па трохбальнай сістэме”.


– Ты не дазваляла мне спісваць кантрольную, – напамінае Любе Пінчук адзін з яе былых аднакласнікаў.


– А памятаеце, як весела мы святкавалі маёўкі? – разглядваючы фотаздымкі, кажа другі.


Сябры згадвалі, як праводзілі час у лагеры працы і адпачынку, як разам з настаўнікам фізікі Міхаілам Максімавічам Якаўлевым палолі буракі, добраўпарадкоўвалі школу. Гэта быў дзень успамінаў, і абавязкова чагосьці вясёлага, што адбывалася ў іх школьным жыцці.


На жаль, 13 аднакласнікаў ужо няма сярод жывых, таму абавязкова на павестцы  дня – наведванне іх магіл. Даніну павагі аддалі таксама мужнаму пажарнаму Васілю Ігнаценку і воінам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай.


Аляксандр Рыгоравіч Балобан, былы настаўнік фізічнай культуры Савіцкай СШ:


– Лічу, што такія сустрэчы нам патрэбны. Патрэбна памятаць аб мінулым, бо без яго немагчыма будаваць будучае. Мне вельмі  прыемна, што былыя вучні мяне запрасілі на  свята. І, як былому настаўніку фізкультуры, мне было цікава даведацца, што і сярод іх ёсць спартсмены. Гэта Віктар Рыгоравіч Галуза – майстар спорту  па слаламу (від лыжных гонак), кандыдат у майстры спорту па боксу і па грэблі на байдарках. Памятаю, што лепшым хакеістам школьнай каманды быў Сяргей Рыгоравіч Набок. Дарэчы, я таксама выпускнік Савіцкай школы. І сёння я ўдзячны сваім настаўнікам за тое, што калісьці прывілі любоў да ведаў, пераканалі, што без іх будзе цяжка ў жыцці.


Раіса Сяргееўна Лявоненка (Певень), выпускніца Савіцкай СШ  1975 года:


  Я працую галоўным эканамістам СПК “Крыніца Ігуменшчыны” што ў Чэрвеньскім раёне. У час вучобы ў школе нават не думала, што звяжу свой лёс з гэтай прафесіяй. Тады мне больш падабалася наведваць заняткі па гуманітарных прадметах – літаратуры, гісторыі.  На сустрэчы з былымі аднакласнікамі імкнуся прыязджаць заўсёды. Гэта ж сустрэча з юнацтвам. І ўсім  раю не забываць сваіх школьных сяброў. Збірайцеся разам, успамінайце. Тым больш, што для многіх гэта адзіная падстава прыехаць на радзіму.


В. ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *