З ВЕРАЙ У ЦУДЫ

Грамадства

Святкаваць Купалле на беразе Дняпра ў Камарыне для многіх стала традыцыяй. Не здрадзілі сабе прыхільнікі  народнага свята і ў гэтым годзе. У мінулую суботу сюды з’ехаліся з розных куткоў Беларусі і не толькі. Сёлета да нас завіталі нават з  далёкай Амерыкі. Ужо не кажучы аб тым, што пастаяннымі гасцямі з’яўляюцца прадстаўнікі Украіны і Расіі.


Тут, на жывапісным беразе ракі, кожны год збіраецца шмат людзей.  Каб адзначыць Купалле, узгадаць старажытныя традыцыі нашых продкаў, ды і проста цудоўна адпачыць сюды прыязджаюць цэлымі  сем’ямі.


І на гэты раз вольны час усе праводзілі весела. Дарослыя ўдзельнічалі ў спаборніцтвах па валейболе, самыя дужыя мераліся сілай у армрэслінгу, падымалі гіру і перацягвалі канат. Знайшліся  смельчакі, каб узабрацца і на высокі драўляны слуп. Пераможцы атрымлівалі падарункі.


Дзеці з вялікім задавальненнем гулялі ў гульні, прыгалі на батутах і ўдзельнічалі ў бяспройгрышнай латарэі. А калі трохі сцямнела, кожны стараўся набыць цацку, якая свеціцца ў цемры, – яшчэ адна традыцыя свята, толькі сучасная.   Яе не цураліся нават дарослыя.


Яшчэ ў продкаў Купалле заўсёды суправаджалася супольнай вячэрай. Гэты звычай захаваўся і да нашых дзён – ўсялякімі прысмакамі і духмяным шашлыком вабілі да сябе ўдзельнікаў свята гандлёвыя рады.


Цікавае тэатралізаванае прадстаўленне з народнымі абрадамі і  купальскімі песнямі паказалі гледачам супрацоўнікі Камарынскага гарадскога Дома культуры. Дзяўчаты ўпрыгожвалі пудзіла, збіралі лекавыя травы, плялі з кветак вянкі і вадзілі карагоды.  На сцэне выступалі ансамблі “Чарэмша” (в. Чамярысы),   “Весялуха” (г.п Камарын),  «Беражніца» (в. Краснае)  і іншыя.


Пасля канцэрта неба заззяла рознакаляровымі агнямі – традыцыйны фейерверк сімвалізаваў тое, што хутка ў лесе зацвіце папараць. У гэты ж момант у гонар жыцця і дабрабыту на беразе ракі разгарэліся купальскія вогнішчы.


Арганізатары мерапрыемства пастараліся, каб праграма была займальнай і гэта ім удалося,  таму сумаваць не было калі. Завяршылася свята дыскатэкай, у час якой дыджэй прымаў віншавальныя заявы і дасылаў адрасатам музычныя падарункі.


Згодна з павер’ем, у купальскую ноч не спяць, каб не прамінуць усход сонца. Аднак з-за таго, што раённае святкаванне праходзіла крыху пазней сапраўднай даты, прытрымлівацца гэтай традыцыі не сталі. Але як бы там ні было, кожны, хто прысутнічаў у той вечар на беразе Дняпра, верыў у незвычайнасць цудоўнага старадаўняга свята.


В. ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *