ЦЕСНА Ў РАДАХ ПЕРАДАВІКОЎ

Грамадства

У гаспадарках Брагіншчыны на 3 жніўня  ўбрана 86% ад запланаванай плошчы, намалочана 29022 тоны зерня пры сярэдняй ураджайнасці 26,4 цэнтнера з гектара.


СПЯКОТНАЕ надвор’е спрыяе хуткаму тэмпу жніва, дае магчымасць абмалочваць у сярэднім больш 300 гектараў у дзень. Вялікі ўклад у агульную справу ўнеслі хлебаробы КСУП  імя Жукава, дзе з пачатку ўборкі намалацілі 6201 тону зерня. На апошніх гектарах убіраюць зерневыя ў КСУП “Брагінскі” і “Пераможнік”. Тут намалочана 4847 і 2960 тон адпаведна. Больш 5102 тон  атрымалі ў КСУП “Чамярыскі”. У сярэднім ураджайнасць па раёне складае 26,4 цэнтнера з гектара.


Самая высокая яна ў КСУП імя Жукава – 31,6, “Чамярыскі” – 30,8 цэнтнера.



На хлебнай ніве КСУП “Малажынскі”, пад якую адведзена 2568 гектараў, задзейнічаны 8 экіпажаў, на адвозцы – 10 вадзіцеляў. Нагрузка на зернеўборачны камбайн немалая — 280 гектараў. Але дзякуючы сучаснай тэхнікі, якой умела ўпраўляюць старанныя хлебаробы, часам за дзень абмалочваюць больш 200 гектараў, атрымалі ўжо каля пяці тысяч тон зерня. У гаспадарцы засталося ўбраць крыху менш чым  20% плошчаў.


Першымі камбайнерамі, якія намалацілі тысячу тон збожжа ў КСУП «Малажынскі», сталі Уладзімір Іванавіч Чарнянок і Вадзім Аляксандравіч Малы. І на сёння ў гэтага экіпажа самыя высокія намалоты ў сельгаспрадпрыемстве – 1188 тон. Стараецца не адставаць ад іх сямейны экіпаж Уладзіміра Міхайлавіча і Наталлі Іванаўны Харко (1026 тон). На падыходзе да запаветнай тысячы Сяргей Аляксандравіч Філон і Васіль Фёдаравіч Шынкарэнка.


На адвозцы зерня няма роўных Аляксандру Іванавічу Рудабельцу. Вопытны вадзіцель, які аддаў сельскай гаспадарцы больш 30 гадоў, не раз станавіўся пераможцам раённага спаборніцтва. На аўтамашыне ГАЗ-53 ён не ўступае МАЗам – на яго рахуну 1315 тон.  


Тысячу тон зерня новага ўраджаю на МАЗ-5551 перавёз і Васіль Аляксандравіч Філон. Для яго сёлетняе жніво толькі другое, але ўвесь гэты час ён у ліку лідараў сярод маладых вадзіцеляў.


Папоўніў спіс тысячнікаў таксама экіпаж у складзе Васіля Кузьміча Сніцарэнкі і Андрэя Іванавіча Краўчанкі з КСУП “Чамярыскі”. Разам яны другі сезон, хаця Васіль Кузьміч выводзіць на хлебную ніву зернеўборачны камбайн ужо дваццаты раз.


Сярод хлебаробаў КСУП імя Жукава сёлета ў ліку тысячнікаў Сяргей Аляксандравіч Лявоненка, а таксама экіпаж у складзе Аляксандра Іванавіча Раманюка і Сяргея Уладзіміравіча Герасіменкі. Усе яны працягваюць традыцыі сваіх бацькоў – засталіся вернымі хлебаробскай справе. Дарэчы, бацька Сяргея Герасіменкі, Уладзімір Раманавіч, за працоўныя дасягненні некалі на рэспубліканскіх “Дажынках” атрымаў аўтамабіль “Жыгулі”.



У КСУП “Пераможнік” адзін экіпаж рапартаваў аб першай тысячы тон намалочанага зерня. Гэта Мікалай Іванавіч Дарошчанка і Віктар Фёдаравіч Надтачэй. 



— Падвядзенне вынікаў работы ў час жніва – добры стымул для паспяховай працы. Вялікі дзякуй за вернасць хлебаробскай справе. Няхай і надалей спрыяе вам поспех і добрае надвор’е, — з такімі словамі да герояў жніва звярнуўся першы намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В.В. Хмелянок. Валянцін Валянцінавіч разам з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы І.В. Самбуком, старшынёй райкама прафсаюза аграпрамысловага комплексу В.І. Балобанам і выконваючай абавязкі першага сакратара ГА “БРСМ” Н.М. Фурс павіншавалі з працоўнымі дасягненнямі, уручылі падзячныя лісты і падарункі.


Да заканчэння жніва на Брагіншчыне засталося каля тыдня. Спаборніцтва на хлебных палях раёна разгарнулася гарачае, як і само надвор’е, і да канца ўборачнай рады тысячнікаў папоўняцца.


Т. ЦІШКЕВІЧ


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *