КАМУ ПАДЫМАЦЬ КАМЕНЬ, каб вада пацякла?..

Грамадства

Сустрэчы з жыхарамі населеных пунктаў кіраўніцтва раёна праводзіць рэгулярна. Для сяльчан гэта цудоўная магчымасць пагутарыць з прадстаўнікамі  улады,   з першых вуснаў даведацца аб тым, што робіцца ў раёне, у краіне ці ў свеце, а таксама  расказаць аб сваіх хваляваннях, задаць набалелыя пытанні.


З надзеяй на дапамогу і садзейнічанне прыйшлі на сустрэчу з інфармацыйнай групай райвыканкама, якую ўзначальвае  старшыня раённага Савета дэпутатаў  М.І. Кавалёк, і жыхары Лубенікоў. Пытанняў да прадстаўнікоў служб раёна ў іх накапілася шмат. Перш за ўсё вяскоўцаў хвалявалі перабоі ў водазабеспячэнні.


– Нельга ні бялізну  памыць, ні есці зварыць, ні памыцца, – скардзіліся жыхары адной з вуліц вёскі, да якіх вада па водаправоду не даходзіць.


Як расказаў Мікалай Іванавіч, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, усе водаправоды населеных пунктаў былі перададзены на баланс жыллёва-камунальных гаспадарак, якія і павінны займацца іх абслугоўваннем. Аднак водаправод у Лубеніках застаўся на балансе КСУП “Брагінскі”, таму што свідравіна знаходзіцца на тэрыторыі малочнатаварнай фермы.


Выконваючы абавязкі дырэктара КЖУП “Брагінскае”  Ю.А. Лук’яненка паабяцаў, што ў хуткім часе праблема будзе вырашана. З сельскагаспадарчым прадпрыемствам заключана дамоўленасць аб рамонце сеткі. Юрый Анатольевіч таксама паведаміў, што на будучы год запланавана будаўніцтва  новай свідравіны, а сам водаправод будзе рэканструіраваны і прыняты на баланс жыллёва-камунальнай гаспадаркі.


Продаж малака з асабістых падсобных гаспадарак дзяржаве – яшчэ адно злабадзённае пытанне для вяскоўцаў. І зразумела чаму – некаторыя нядобрасумленныя гаспадары дзеля колькасці грэбуюць якасцю і разбаўляюць малако вадой. Ад гэтага паніжаецца тлустасць прадукта, а разам з ёй і кошт. Старшыня Вуглоўскага сельскага выканаўчага камітэта  В.М. Краўчанка паведаміў, што скора ў зборшчыкаў з’явяцца прыборы для вызначэння тлустасці.  Пры выяўленні вады, да здатчыкаў будуць прымяняцца меры – некаторы час малако ў іх не будзе забірацца.


Валерый Мікалаевіч таксама праінфармаваў людзей аб спецыяльным крэдыце для развіцця асабістай падсобнай гаспадаркі. Прыдбаць па ім можна многае: ад   насення і саджанцаў пладова-ягадных культур  да  сельскагаспадарчай  жывёлы і тэхнікі.


Прысутныя на інфармацыйным дні падзяліліся сваімі хваляваннямі і наконт  закрыцця малочнатаварнай фермы ў вёсцы.  Кіраўніцтва гаспадаркі сцвярджае, што на МТФ некаму працаваць.  Аднак вяскоўцы маюць на гэта свой пункт гледжання.  Яны ездзяць  працаваць у суседнюю Рудню Жураўлёву, а маглі б рабіць гэта на месцы.


Шмат нараканняў ад жыхароў Лубенікоў паступіла і ў адрас работніка мясцовай гандлёвай кропкі. Разабрацца ў сітуацыі паабяцала  дырэктар  Брагінскай негаспадарча-разліковай         розніцы  райспажыўтаварыства  М.М. Леўчанка.


Усе пытанні і прапановы, якія прагучалі ў час сустрэчы, будуць разгледжаны і перададзены кампетэнтным службам. Аднак, як заўважыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама І.В. Самбук, многае залежыць і ад саміх жыхароў вёскі. Напрыклад, добраўпарадкаванне  прылягаючых да  дамоў тэрыторый,  абкошванне вуліц і г.д. Патрэбна старацца знаходзіць выхад з той ці іншай сітуацыі, а  не сядзець на месцы і чакаць, што гэта зробіць нехта іншы. Неабходна праяўляць ініцыятыву, часцей збіраць сельскія сходы, каб сваю думку мог выказаць кожны.


У Лубеніках жывуць людзі, неабыякавыя да лёсу сваёй малой радзімы.  Ім хочацца, каб у іх вёскі было будучае, каб тут утульна жылося дарослым і моладзі.  Аднак, у народзе кажуць, што пад ляжачы камень вада не цячэ. Хто яго зможа зрушыць з месца, як не самі вяскоўцы?


В. ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *