ЦЫБУЛЯ – ГАРОДНІНА ПРЫБЫТКОВАЯ

Сельское хозяйство

Самай  прыбытковай  культурай для КСУП «Брагінка» ў апошнія гады стала цыбуля, якая дае рэнтабельнасць да 200 і больш працэнтаў.


Людзі старэйшага пакалення памятаюць, якія ўраджаі  гародніны збіралі ў саўгасах і калгасах да аварыі на Чарнобыльскай АЭС. А якія радзілі яблыкі ў садах! Ад рэалізацыі гэтай прадукцыі мелі значны прыбытак. На жаль, доўгія гады ёй не займаліся, усё было зведзена да мінімуму. У апошні  час становішча  выправілася. Сёлета на палях гаспадарак  сеюць і сталовыя  буракі, і моркву,  і  цыбулю,  і  часнок.


Вырошчваць цыбулю КСУП “Брагінка” пачало ў 2003 годзе. Як успамінае дырэктар Тамара Сямёнаўна Кудан, на той час не было ніякіх практычных навыкаў, вопыту. А раптам не атрымаецца? Дапамагла абласная пладова-агароднінная асацыяцыя. Пры яе  садзейнічанні былі набыты  насенне, ядахімікаты.  З нецярпеннем  чакалі першага   ўраджаю. І  ён парадаваў: з дзесяці гектараў сабралі  129  тон цыбулі. Рэалізавалі яе  ў  гандлёвыя  кропкі Брагінскага і  Хойніцкага  раёнаў.


-Калі я пяць гадоў назад прыйшоў на працу ў гаспадарку, — дадае галоўны аграном Аляксандр Васільевіч Ярац, — на “цыбульнай ніве” амаль усё рабілі ўручную – ад пасадкі да ўборкі. Зараз у гаспадарцы ёсць тэхніка, якая замяніла ручную працу: перадпасяўны і міжрадны культыватар, прыстасаванне для ўборкі бацвіння, сеялка, камбайн і іншае. Пабудавалі і сховішча з халадзільным абсталяваннем на 450 тон.


Паступова павялічвалі пасяўныя плошчы. Сёлета пад вітамінную прадукцыю адвялі 35 гектараў, але з-за засушлівага надвор’я пяць давялося спісаць. Калі ў мінулым годзе з 30 гектараў сабралі 880 тон, то ў гэтым такога ўраджаю, вядома ж, не атрымаем.


З першага дня, як толькі пачалі вырошчваць гародніну на сваіх палях, ёю займаўся вопытны механізатар Сяргей Мікалаевіч Кудрэнка, які і сеяў, і культывіраваў, а затым і ўбіраў ураджай. У мінулым годзе на цыбульным полі быў заняты Мікалай Пятровіч Карсак. Сёлета капаць яе даверылі маладому механізатару  Аляксандру  Дзегцярэнку. Разам з бацькам адрамантавалі  трактар, на якім Аляксандр працаваў на прасаванні сена і саломы. Раней даводзілася капаць бульбу.


Таму, па словах механізатара, ніякіх цяжкасцей на ўборцы цыбулі не ўзнікае. Да справы адносіцца з адказнасцю.
Ні адна пасяўная і ўборачная кампанія не абыходзіцца без пенсіянераў. Уладзімір Фёдаравіч Нікіценка аддаў гаспадарцы больш 40 гадоў. І калі пад час палявых работ не хапае тэхнікі, не застаецца ў баку. Зараз на асабістым трактары адвозіць ад камбайна цыбулю.


Кіпіць работа і на буртавым полі. Гаспадыня тут — Агаф’я Іванаўна Кананок. З 1976 года працуе кладаўшчыцай. І хаця даўно на пенсіі, не сядзіць дома без справы. У такі гарачы час дапамога пенсіянераў не перашкодзіць, лічыць жанчына.



Самім вяскоўцам не ўправіцца. На дапамогу прыязджаюць тыя, хто стаіць на ўліку ў сектары занятасці. Ды і іншыя жыхары раёна прапаноўваюць свае паслугі, выказваюць жаданне прыехаць на падборку і пераборку цыбулі, бульбы, каб і сельгаспрадпрыемству дапамагчы, і для сябе крыху назапасіць. Асабліва сёлета, калі не ва ўсіх урадзіла гародніна. У гэтыя дні колькасць працаўнікоў даходзіць да 40-50 чалавек. Нязменныя памочнікі — арганізацыі раёна, вучні Буркоўскай і Вуглоўскай школ.


Цыбуля прыйшлася па густу не толькі брагінчанам, яе набываюць і за межы вобласці, рэспублікі. Рэалізоўваюць праз гандлёвыя кропкі раёна. Жадаючыя маюць магчымасць набыць яе і на восеньскіх кірмашах.


Т. ЦІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *