ДРОБЕЗЯЎ НЕ БЫВАЕ

Грамадства

Так ужо склалася, што напярэдадні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праходзяць Усебеларускія народныя сходы, дзе падводзяцца вынікі зробленага за пяць гадоў і вызначаюцца асноўныя накірункі жыцця краіны ў будучым. Улада трымае экзамен на апраўданне даверу народа. Вытрымае – значыць не памыляемся, рухаемся ў правільным накірунку.
Менавіта ў святле зробленага за 2006-2010 гады прайшла сустрэча жыхароў вёскі Бярозкі з інфармацыйнай групай, якую ўзначальваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кавалёк.


У сваім выступленні Мікалай Іванавіч расказаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, перспектывах. Зроблена за апошні час і сапраўды нямала. Змянілі сваё аблічча, папрыгажэлі Брагін, Камарын, Вуглы, Малажын, Мікулічы і многія іншыя вёскі. Адбыліся значныя зрухі ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, у забеспячэнні жыццядзейнасці жыхароў раёна.


Аб тым, што раённымі і мясцовымі ўладамі вядзецца пастаянная работа з людзьмі, удзяляецца шмат увагі іх паўсядзённым турботам і клопатам, сведчыць той факт, што на сустрэчу вяскоўцы прыйшлі, каб паслухаць аб зменах у жыцці раёна, а не вытрасці ворах нявырашаных праблем, якія цягнуцца гадамі, псуюць жыццё і здароўе чалавеку. Хаця, як кажуць, яны заўсёды былі і будуць, колькі б ні існавала чалавецтва, у любым куточку свету.


Хоць і нямнога, але і членам інфармацыйнай групы былі зададзены пытанні, на якія трэба даць канкрэтныя адказы. Так, усе жыхары просяць, каб  міжгародні аўтобус Камарын-Гомель ехаў праз  вёску тры разы ў тыдзень: сераду, пятніцу і нядзелю. 82-гадовая пенсіянерка Марыя Мацвееўна Бельчанка  па віне нягодніка-злодзея трапіла ў складанае  фінансавае становішча і папрасіла аказаць ёй грашовую дапамогу. Ёсць цяжкасці ў жыхароў вёскі з арганізацыяй выпасу жывёлы.


Вырашэнне людскіх праблем узята старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Кавальком пад асабісты кантроль. 


Мікалай ЧАРНАБАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *