ФУНКЦЫЙ ШМАТ. АБАРОНА ПРАЦОЎНЫХ – ГАЛОЎНАЯ

Грамадства

Адну з вядучых роляў у нашым грамадстве адыгрываюць прафсаюзы. На шостым з’ездзе федэрацыі прафсаюзаў Беларусі абазначаны задачы гэтай шматлікай грамадскай арганізацыі і яе месца ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, актывізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, кардынальным росце прадукцыйнасці працы.


На думку старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктара Балобана, галоўнае,  што  вынікае з работы з’езда – улада настроена і ў далейшым адстойваць інтарэсы працоўных, быць на іх баку. У будучай пяцігодцы плануецца больш як на трэць павялічыць колькасць новых рабочых месцаў, забяспечыць рост прадукцыйнасці працы. Значнае павышэнне заробку і рэальных даходаў насельніцтва магчыма, калі амаль у 1,7 раза павялічыцца валавы ўнутраны прадукт. Якасць жыцця беларусаў не павінна  ні  ў чым  уступаць   якасці   жыцця  людзей у перадавых дзяржавах. Галоўная ўмова для дасягнення ўсяго гэтага – сумленная і плённая праца кожнага грамадзяніна, калектыву.


Прафсаюзы павінны кантраляваць сітуацыю на вытворчасці, як выконваецца дысцыпліна, займаць прынцыповую пазіцыю. Кантрактная сістэма ўжо прыжылася, яна лічыцца цывілізаванай формай узаемаадносін паміж работнікам і наймальнікам, але ж інтарэсы людзей трэба абараняць.


-На нас, як самую аўтарытэтную грамадскую арганізацыю, спадзяюцца і ў вырашэнні такога пытання, як кадравае, — дзеліцца Віктар Іванавіч. — Рабочыя прафесіі страцілі свой аўтарытэт сярод моладзі. Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні на шостым з’ездзе параіў прафсаюзным лідарам стварыць інфармацыйную базу аб вакансіях рабочых месцаў, дапамагаць у працаўладкаванні маладых спецыялістаў. Што, дарэчы, і робіцца. Адукаваныя інжынеры, заатэхнікі і ветурачы ў раёне патрэбны. Праграма адраджэння і развіцця вёскі будзе прадоўжана, хаця і кардынальна перагледжана. Як, дарэчы, аграгарадкоў і ўкаранення там адпаведных стандартаў. Сродкі пойдуць на інавацыйныя праекты, стварэнне суперсучасных прадпрыемстваў.


Галоўны клопат прафсаюзаў – абарона інтарэсаў чалавека. Выкананне заканадаўства аб працы павінна стаць нормай жыцця. Каб і заробак своечасова выдаваўся, і бытавыя ўмовы былі адпаведныя. На жаль, сустракаюцца яшчэ выпадкі п’янства ў рабочы час, хаця іх становіцца менш. Уздзейнічаем на свядомасць членаў калектыву не толькі словам, але і строгімі мерамі. Да ўдзелу ў раённым спаборніцтве не дапускаюцца тыя работнікі, калектывы і гаспадаркі, якія дапусцілі парушэнні працоўнай дысцыпліны, траўматызм.


У калектыўных дагаворах, якія заключаюцца паміж наймальнікам і прафсаюзамі, ёсць спецыяльны раздзел, які так і называецца: “Ахова працы”. У ім прадугледжаны ўсе пункты, уключаючы забеспячэнне спецвопраткай. Дарэчы, у студзені-лютым, калі будуць праходзіць агульныя сходы працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і заслухоўвацца выканенне калектыўных дагавораў,  можна будзе ўнесці нейкія дапаўненні і папраўкі.


Клопатаў нямала, але ж самы галоўны ў бліжэйшы час – падрыхтоўка жывёлагадоўчых памяшканняў да зімова-стойлавага перыяду. Каб за вытворчымі пабудовамі не згубіліся людзі. Душавыя на фермах ёсць амаль ва ўсіх гаспадарках. Лазня – толькі ў КСУП “Чамярыскі”. Пакоі адпачынку ў апошні час з’явіліся там, дзе іх даўно чакалі: на комплексе ў КСУП “Пераможнік”, Буркоўскай ферме (КСУП імя Жукава). Тут не абышлося без нашага ўдзелу. Закупілі лінолеум, фарбу, воданагравальнік, засталося толькі выкарыстаць іх па прызначэнні. Адрамантаваны пакоі адпачынку ў Рыжкаве і Конанаўшчыне, Зарэччы. Шмат робіць па стварэнні належных бытавых умоў для жывёлаводаў кіраўніцтва КСУП “Малажынскі”.


Выязджаючы на месца, улічваем фінансавае становішча  гаспадаркі. І ўсё ж, якой бы яна ні была, эканоміць на людзях не варта.


Падрыхтавала Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *