КАЛІ АДКРЫЕЦЦА МАГАЗІН?

Грамадства

Гэтае пытанне стала адным з ключавых у час сустрэчы жыхароў Просмычаў  з інфармацыйнай групай райвыканкама.


Амаль пяць год на шляху далейшага павышэння ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва. Час падсумоўваць, аналізаваць, рабіць пэўныя вывады. Каб ісці ў нагу з міравымі тэндэнцыямі, Беларусі патрэбна было максімальна выкарыстаць  свае моцныя бакі — патэнцыяльныя канкурэнтныя перавагі. Наколькі  гэта ўдалося і ці ўсё атрымалася, можна меркаваць па дасягнутым узроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця.


Папярэднія вынікі работы народнай гаспадаркі рэспублікі ў 2006-2010 гадах у святле выканання рашэнняў трэцяга Усебеларускага народнага сходу сталі  ключавой тэмай гутаркі з насельніцтвам інфармацыйных груп, адна з якіх – на чале з намеснікам старшыні  райвыканкама Ганнай Бабрынёвай — пабывала ў Просмычах. Галоўны акцэнт быў зроблены на зрухі, з якімі падышла да чарговай пяцігодкі Брагіншчына. А потым  разам з прадстаўнікамі мясцовай улады, гандлёвага, медыцынскага  і сацыяльнага абслугоўвання, землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы перайшлі  і да абмеркавання надзённых праблем: што хвалюе, не ладзіцца, якімі клопатамі і турботамі  вяскоўцы жывуць.


Першасным звяном у вырашэнні складаных пытанняў,  як і належыць, тут з’яўляецца мясцовае самакіраванне. Дэпутат Сяргей Прыходзька не толькі добра валодае сітуацыяй на даверанай тэрыторыі, але і са шчырай зацікаўленасцю прыходзіць сваім выбаршчыкам на дапамогу. Разам разбіраюцца, шукаюць выйсце. Як, напрыклад, было нядаўна з адсутнасцю водазабеспячэння: пры садзейнічанні дэпутата паломку ліквідавалі аператыўна.


Іншая справа, калі праблема патрабуе працяглага вырашэння – да такой патрэбна аднесці  часовую нязручнасць з гандлёвым забеспячэннем. Востры недахоп кадраў прымусіў перайсці на абслугоўванне жыхароў Просмычаў аўтакрамай. Але ў лістападзе, з прыходам пасля адпаведнай падрыхтоўкі спецыяліста, магазін сваю работу адновіць. Аб гэтым паведаміла вяскоўцам намеснік старшыні райспажыўтаварыства па кадрах і ідэалагічнай рабоце Алена Сукач.


Як пашырыць  тэрыторыю  могілак,  падказаў  начальнік  землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы Мікалай Міхалёў.  Цяпер  пытанне   знаходзіцца на кантролі.


З улікам таго, што пераважная большасць вяскоўцаў — пенсіянеры з невысокімі даходамі, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сяргей Пархамец завастрыў увагу прысутных на механізме аказання адраснай сацыяльнай дапамогі. Да ведама: прэтэндаваць на яе назначэнне на шэсць месяцаў маюць права сем’і (грамадзянін), сярэднедушавы даход якіх не перавышае бюджэту пражытковага мінімуму (274 510 рублёў). А на аднаразовую дзяржаўную падтрымку могуць разлічваць грамадзяне з сярэднедушавым даходам не вышэй 1,5 гэтай велічыні, ці 411 765 рублёў. Добрае падспор’е, напрыклад, у набыцці паліва, сельгаспрадукцыі, правядзенні нейкіх рамонтных работ.


Закранулі таксама пытанні медыцынскага абслугоўвання,  радыёвяшчання, добраўпарадкавання, злоўжывання спіртнымі напоямі – усё жыццёва важнае, набалелае, праблемнае не прайшло міма ўвагі суразмоўцаў. На асобныя патрэбна будзе даць тлумачэнні кіраўнікам тых ці іншых структур.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *