НАТХНЕННЯ І ЦЯРПЛІВАСЦІ Ў НОВЫМ НАВУЧАЛЬНЫМ ГОДЗЕ!

Грамадства

Што такое ўстанова, дзе кіпіць, віруе навучальна-выхаваўчы працэс? Вядома, дзеці, заняткі, перапынкі, адзнакі. Бязмежны акіян адкрыццяў, прасторы ведаў, яркія сузор’і надзей. І, безумоўна, мудрасць вопытных, таленавітых, улюбёных у сваю справу педагогаў, якія якраз на парозе чарговага навучальнага года падводзяць вынікі, аналізуюць, дзеляцца вопытам, распрацоўваюць стратэгію на будучыню.


Штогадовыя жнівеньскія нарады ўжо даўно сталі традыцыяй у жыцці тых, хто выхоўвае і вучыць. Гэта і новыя сустрэчы, задумкі, і  аснова планавання далейшай работы, і пошук  эфектыўных шляхоў развіцця сістэмы адукацыі. У рэшце рэшт, своеасаблівы комплексны падыход да працэсу выхавання і навучання дзіцяці, калектыўная школа прафесійнага росту. На бягучым тыдні ў гэтым можна было ўпэўніцца зноў.


ВІТАЕМ!


Яркім танцавальным, песенным і вершаваным бісерам рассыпалі па сцэне свае прывітанні настаўнікам дзеці – выхаванцы Дома дзіцячай творчасці і ясляў-сада №2 г.п. Брагіна. Запалілі бадзёрасцю, натхненнем  і энергіяй для высокага палёту. У зале сачылі за іх рухамі і спевамі, гучнымі словамі з непадробным замілаваннем: ці не для гэтага і варта быць у пастаянным творчым пошуку, несці ў свет добрае, светлае, вечнае?…  Побач з дзецьмі, удзельнікамі мастацкай самадзейнасці раённага Дома культуры раскрывалі свой творчы патэнцыял і педагогі: у ролі вядучых, выканаўцаў канцэртных нумароў.


“Гэта і ўрачыстасць, і працоўны момант, і подых свята ведаў”, — адзначыла ў сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Ганна Мікалаеўна Бабрынёва. І дала педагогам наказ: “Памятайце, што на вас глядзяць і з вас бяруць прыклад дзеці. Яны вучацца ў тых, каго паважаюць і любяць. Таму ідзіце на ўрокі з радасцю, працуйце з задавальненнем і не мірыцеся ў сваёй ганаровай справе з раўнадушшам”.


З віншавальнымі словамі і шчырымі пажаданнямі ўпэўнена весці падрастаючае пакаленне дарогай ведаў, працягваць лепшыя традыцыі настаўніцтва звярнуліся да ўдзельнікаў нарады начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама І.В. Самбук і ветэран Вялікай Айчыннай вайны, настаўнік са шматгадовым стажам М.М. Кулеш.


АДРАСУЕМ  ПАДЗЯКУ


Вядома, ключавой фігурай у сістэме адукацыі заўсёды быў, ёсць і будзе настаўнік, паколькі якасць навучання залежыць ад якасці яго працы. А сёлета педагогам сапраўды ёсць чым ганарыцца. У канцы папярэдняга навучальнага года раённы выканаўчы камітэт узнагародзіў вучняў, якія дасягнулі значных поспехаў у вучобе і творчай дзейнасці, грашовымі прэміямі. І такое ж заахвочванне чакала на жнівеньскай нарадзе тых, хто дапамог дзецям раскрыць свае здольнасці і талент, падрыхтаваў пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў і абласных прадметных алімпіяд.


Заслужаныя прэміі раённага выканаўчага камітэта атрымалі кіраўнікі гурткоў Камарынскага Дома дзіцячай творчасці Т.М. Глуўко, А.Р. Леўчанка і настаўнікі: гісторыі – Н.М. Корань (Малажынская САШ),  нямецкай мовы — А.Д. Харко (гімназія г.п. Брагіна), фізічнай культуры – Ф.М. Протчанка (Крыўчанская БАШ), беларускай мовы – М.А. Музыкіна (Камарынская САШ) і Г.Л. Дземяненка (Чамярыскі вучэбна-педагагічны комплекс), біялогіі – Н.І. Тарасевіч (гімназія г.п. Брагіна). Былі ўручаны яны таксама Ж.П. Чубсе, якая падрыхтавала прызёра абласнога этапа алімпіяды па рускай мове, і М.У. Гладкаму – прызёра абласных спартыўных спаборніцтваў.


Не менш прыемным момантам стала прыняцце лепшымі работнікамі з рук намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама В.М. Салавей і начальніка аддзела адукацыі райвыканкама А.І. Калясана Ганаровых грамат за плённую працу ў сістэме адукацыі, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення.


Самыя цёплыя і кранаючыя словы знайшла старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Н.І. Пінчук, каб правесці сваіх калег працоўнай дарогай  настаўніцы  пачатковых класаў  Малейкаўскай  САШ Ф.А. Покрышкі, падкрэслісць яе любоў да дзяцей і веліч душы. З усёй урачыстасцю праводзілі гэтую жанчыну на заслужаны адпачынак. У знак удзячнасці – кветкі і падарунак.


СПАДЗЯЁМСЯ


Прыток і замацаванне маладых спецыялістаў у сістэме адукацыі з’яўляецца адной з актуальных задач. А сёлета вялікую настаўніцкую сям’ю папоўнілі 44 маладыя спецыялісты, 27 з якіх – ураджэнцы раёна. Гэта ўсяляе надзею, што яны адпрацуюць у нас не год-два, а застануцца назаўсёды. Па добрай традыцыі пачынаючым  педагогам – кветкі ад дзяцей і наказы на дарогу, якую выбралі, хочацца верыць, асэнсавана і з якой не з’явіцца падстаў звярнуць.


ПАДВОДЗІМ  ВЫНІКІ


Наколькі эфектыўна працуюць сёння педагогі над удасканаленнем якасці адукацыйных і выхаваўчых паслуг, як спраўляюцца з пастаўленымі задачамі і над чым яшчэ патрэбна працаваць больш плённа, можна было даведацца з  выступлення начальніка аддзела адукацыі А.І. Калясана, які прааналізаваў вынікі дзейнасці галіны, адзначыў як станоўчую дынаміку, так і нявыкарыстаныя рэсурсы і магчымасці.


Так, у сістэме дашкольнай адукацыі ў сувязі з павелічэннем нараджальнасці вырас запыт на месцы ў яслях-садах.


Адкрыта дзесятая група ў Брагінскім дзіцячым садзе №1 і другая – у Сялецкім. Падвозам на першае верасня ахоплена 97 выхаванцаў з 27 населеных пунктаў.


Пашырыўся спектр адукацыйных паслуг, у тым ліку і на платнай аснове. У чатырох установах створаны ўмовы для ранняга развіцця здольнасцяў дзяцей праз гуртковую работу рознай накіраванасці. З пачатку навучальнага года яслі-сад №2 г.п. Брагіна рэарганізоўваецца ў дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці, дзе прадугледжваецца стопрацэнтны ахоп выхаванцаў гуртковай работай з улікам індывідуальных здольнасцяў.


Асноўнай задачай, што стаяла ў 2009/2010 навучальным годзе перад школамі раёна, было павышэнне якасці адукацыі, стварэнне роўных умоў для яе атрымання ў гарадской і сельскай мясцовасці. З улікам пажаданняў вучняў і іх бацькоў былі арганізаваны факультатыўныя заняткі, і на сучасным этапе адным з накірункаў дзейнасці стане вывучэнне эфектыўнасці і якасці іх правядзення.


Як выніковую начальнік аддзела адзначыў работу педагагічнага калектыву Малейкаўскай САШ: вучаніца Алена Гермель закончыла школу з залатым медалём “За асаблівыя поспехі”, а Ірына Боркіна атрымала пасведчанне аб базавай адукацыі з адзнакай.


У цэлым жа, за мінулы навучальны год павялічылася колькасць дзяцей, якія вучацца на 7-10 балаў. У гімназіі такія адзнакі па ўсіх прадметах маюць 44% вучняў, у Малажынскай школе – 39%, Малейкаўскай – 28%.


Па  папярэдніх   даных,   стабільным   у   параўнанні з вынікамі мінулага года застаецца сярэдні бал па цэнтралізаваным тэсціраванні (32-33). Па рускай, беларускай мовах і матэматыцы, што прыемна адзначаць, ён вышэй сярэдняга па вобласці і рэспубліцы.


Вышэй раённага сярэдні бал у выпускнікоў Брагінскай школы па матэматыцы, рускай і беларускай мовах; Камарынскай – па біялогіі і рускай мове; Хракавіцкай – па біялогіі і матэматыцы. Лепшыя вынікі паказалі вучань Жаны Рыгораўны Рослік (Брагінская школа),  які набраў 75 балаў па рускай мове, вучань Таццяны Іванаўны Нікалаенкі (Іялчанская школа) – 74 балы па беларускай мове, вучаніца Яніны Андрэеўны Шубянок (Камарынская школа) – 72 балы па біялогіі, вучаніца Веры Уладзіміраўны Андрэевай (Брагінская школа) – 71 бал па матэматыцы, вучаніца Зоі Анатольеўны Сапоненкі (Хракавіцкая школа) – 70 балаў па беларускай мове.


У вышэйшыя навучальныя ўстановы  паступіла сёлета 27% выпускнікоў школ, што на 6% больш мінулагодняга.


Але, нягледзячы на пэўныя поспехі, існуе і шэраг праблем: выклікае трывогу недастатковы ўзровень развіцця школьнай даследчай дзейнасці, неадпаведнасць адзнак у журналах з атрыманымі за праверачныя работы, патрабуе павышэння якасці выкладанне замежных моў.


На першы план у забеспячэнні занятасці вучняў у пазаўрочны час выходзяць спартыўныя мерапрыемствы. У аснову выхаваўчай работы пакладзены мерапрыемствы абласных акцый “Займись полезными делами – сделай себя сам” і “Главный рекорд – здоровье”. Па выніках круглагадовай спартакіяды сярод школьнікаў першае месца ў раёне займае Іялчанская школа, другое – Мікуліцкая, трэцяе – Камарынская.


У сувязі з тым, што задача педагагічных калектываў – дапамагчы дзецям з поспехам рэалізаваць свой інтэлектуальны і творчы патэнцыял, для стымулявання гэтай дзейнасці практыкуецца абмен вопытам у час семінараў. Эфектыўныя формы работы са школьнікамі прадэманстравалі Буркоўская, Іялчанская, Брагінская школы, гімназія. Асаблівая ўвага была звернута на вопыт работы па фарміраванні нацыянальнай свядомасці вучняў калектыва Асарэвіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу. Семінар, праведзены ў гэтай установе, дазволіў многім кіраўнікам зірнуць на работу малакамплектных школ па-новаму.


Што ж датычыць матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, то дзякуючы Дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця вёскі на правядзенне рамонтных работ было выдзелена 1,8 мільярда рублёў. Але многія кіраўнікі знаходзіліся ў пошуку дадатковых крыніц фінансавання. Напрыклад, цеснае супрацоўніцтва з дабрачыннымі фондамі дазволіла прыцягнуць 18,7 млн рублёў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы Чамярыскага комплексу, на 7,2 мільёна атрымаць дапамогу Малейкаўскаму дзіцячаму саду, на 2,2 мільёна – Хракавіцкай школе. Адчувальнай з’яўляецца і шэфская падтрымка КСУП “Малажынскі”, “Чамярыскі”, “Брагінскі”, “Камарынскі”, імя Жукава.


Аляксандр Іванавіч выказаў шчырую падзяку ўсім, хто мае непасрэднае дачыненне да стварэння ўтульнасці і прыгажосці ва ўстановах адукацыі, забеспячэння спрыяльных умоў для навучання і выхавання дзяцей. Выказаў шчырае спадзяванне, што ў творчым саюзе педагогаў, вучняў, бацькоў і грамадскасці чарговы навучальны год будзе выніковым і парадуе ўсіх новымі поспехамі і дасягненнямі.


ДЗЕЛІМСЯ  ВОПЫТАМ


Тое, што сучаснае жыццё патрабуе новых формаў і метадаў работы, – бясспрэчна. Як іх укараняюць у практыку педагогі і якім чынам імкнуцца зацікавіць дзяцей тым ці іншым відам дзейнасці, захаваць іх здароўе, наладзіць супрацоўніцтва з іншымі структурамі,  стварыць належныя ўмовы для развіцця асобы – усім гэтым дзяліліся з калегамі кіраўнікі ўстаноў адукацыі Л.А. Лук’янава і С.П. Кудранок, выхавальніца І.У. Ятчанка, настаўніца хіміі і біялогіі В.М. Бузько. З сістэмай вучнёўскага самакіравання ў раёне пазнаёміў гімназіст Віталь Гаўрыленка.


У  ДОБРЫ  ШЛЯХ!


Запальныя песні ў выкананні народнага ансамбля “Чарэмша” і вершаваныя радкі ў гонар усіх настаўнікаў падвялі рысу чарговай жнівеньскай нарадзе. Наперадзе – плённая, крапатлівая, адказная праца.


Няхай жа хопіць вам, паважаныя, сіл, настойлівасці  і цярплівасці, каб ажыццявіць усё задуманае ў новым навучальным годзе!


В. БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *