РАДЗІМА МЕЛЕЖА СУСТРАКАЛА ГАСЦЕЙ

Грамадства

А  ў  нядзелю, 5 верасня, усе дарогі вялі ў Хойнікі. Гэты горад  невыпадкова абраны месцам правядзення рэспубліканскага свята –  Дня беларускага  пісьменства.  Хойнікшчына –  радзіма  народнага пісьменніка Івана Мележа, які на ўвесь свет праславіў родную зямлю “Палескай хронікай”. Тут беражліва шануюць і ахоўваюць сваю багатую нацыянальную спадчыну, памнажаюць і ўмацоўваюць культурныя традыцыі беларускага народа. У гэтым мог упэўніцца кожны, хто там пабываў.



Чароўная атмасфера свята вітала над Хойнікамі, яго жыхарамі і гасцямі ўжо з самага ранку. Напярэдадні горад  апрануўся ў яркія колеры. Тут рэканструяваны многія сацыяльныя аб’екты, у тым ліку Дом культуры, дзіцячая бібліятэка, гарадскі парк, былая панская сядзіба і інш.



Святочны дзень быў напоўнены цікавымі сустрэчамі з вядомымі пісьменнікамі і паэтамі.  Жадаючыя  змаглі завітаць у гарадок прэсы, павільён “Беларуская кніга”, а таксама  на выставу “СМІ  Гомельшчыны”, у якой, дарэчы, прымаў удзел і “Маяк Палесся”.


І трэба сказаць, наша раёнка карысталася попытам сярод гасцей свята. Да нас падыходзілі ўраджэнцы Брагіншчыны, якія пакінулі раён у сувязі з чарнобыльскай катастрофай, раз’ехаліся па гарадах і вёсках Беларусі, Украіны і Расіі, дзяліліся ўражаннямі, успаміналі мінулае, фатаграфаваліся, прасілі нумары газет.  Было вельмі прыемна чуць ад іх добрыя словы пра Брагіншчыну, якая насуперак выпрабаванням лёсу працягвае жыць і квітнець.


У святочнай “сталіцы” мы сустрэлі і сённяшніх нашых землякоў. Сардэчна запрашаў у госці шынок дзядзькі Лявона, дзе разгарнуліся гандлёвыя рады Брагінскага райспажыўтаварыства. Тут жа раскінулася выстава вырабаў з саломкі майстроў Вуглоўскага Цэнтра культуры і вольнага часу,  можна было прыдбаць лялькі, зробленыя рукамі старшага навуковага супрацоўніка раённага музея і інш. А настрой  завітаўшым сваімі спевамі  падымаў народны ансамбль “Чарэмша” з вёскі Чамярысы.


У летнім амфітэатры прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” і рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, літаратурнай крытыкі і інш.  Лепшыя аўтары і кнігавыдаўцы атрымалі дыпломы і статуэткі “Залаты фаліянт” і  “Залаты Купідон”.  Пазней на сцэну падымаліся галоўныя рэдактары раённых газет, якія прапанавалі гледачам прыняць удзел у конкурсах.  А тыя, хто ведаў пра паходжанне назваў населеных пунктаў  вобласці, атрымалі  сувеніры  ад “Маяка Палесся”.



На працягу дня з канцэртных пляцовак гучалі спевы мастацкіх калектываў Гомельшчыны. Працавала выстава арганізацый і прадпрыемстваў “Хойнікшчына: мінулае і сучаснае”, дэманстраваліся калекцыі вырабаў з ільну і саломкі хойніцкай фабрыкі  мастацкіх вырабаў.  Прайшлі цырымоніі адкрыцця скульптурнай кампазіцыі “Па старонках твораў Івана Мележа”,  Дома абрадаў і комплексу “Сядзібны дом”.


На дзіцячай пляцоўцы для юных удзельнікаў свята праводзіліся гульні.  На гарадскім стадыёне разгарнулася спартыўная праграма са  спаборніцтвамі па футболу, шахматах, гіравому спорту і інш. А напрыканцы  дня самай яскравай падзеяй  стала рок-опера “Курган” па матывах паэмы Янкі Купалы.


Дзень беларускага пісьменства –  гэта даніна павагі тым, хто на працягу многіх стагоддзяў нёс у свет беларускую мову, хто заклаў падмурак для кнігавыдання, хто ўпрыгожыў сусветную культуру сваімі бессмяротнымі творамі. Невыпадкова свята праходзіць у гарадах, якія багаты на гістарычную спадчыну, з якімі звязаны жыццё і творчасць вядомых пісьменнікаў і паэтаў. Эстафету горада-сталіцы будучага свята прынялі Ганцавічы Брэсцкай вобласці.


В. ПАЛЯШЧУК


 


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *