ШТО ПАКАЗАЛА ПРАВЕРКА?

Сельское хозяйство

Перад жывёлаводамі раёна пастаўлена задача да 1 кастрычніка завяршыць падрыхтоўку ферм да стойлавага перыяду і перавесці грамадскі статак на зімовае ўтрыманне і кармленне.


Зараз напружаны і адказны час для працаўнікоў вёскі. Завяршыўшы жніво, хлебаробы прыступілі да сяўбы азімых, уборкі бульбы. Ва ўсіх гаспадарках працягваецца нарыхтоўка кармоў, але ж гэты фактар, хаця і з’яўляецца важным, не адзіны з тых, што ўплываюць на вытворчасць малака і мяса ў зімовыя месяцы. Вялікае значэнне маюць умовы, у якіх утрымліваецца жывёла. Тут важна ўсё: санітарны і тэхнічны стан памяшканняў, спраўнасць даільнага абсталявання, сістэм водапаення і гноевыдалення. Калі статак знаходзіцца на пашы, трэба выкарыстаць усе магчымасці для падрыхтоўкі ферм да зімова-стойлавага перыяду.



З мэтай кантролю падрыхтоўкі да зімоўкі створана камісія, у склад якой увайшлі спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, кіраўнікі, галоўныя заатэхнікі і галоўныя ветэрынарныя ўрачы гаспадарак. У ходзе ўзаемаправерак было адзначана, што ў цэлым сельгаспрадпрыемствамі зроблены вялікі аб’ём работы. Ёсць і недахопы.


КСУП імя Жукава. У гэтай гаспадарцы 2748 галоў буйной рагатай жывёлы, якая ўтрымліваецца на чатырох фермах у дзевятнаццаці памяшканнях.


У час праверкі было адзначана, што за лета тут зроблена нямала, але да ідэалу яшчэ далёка. Цэнтральная МТФ у Бурках  пакуль не пабелена. У цялятніку неабходна адрамантаваць станкі, уцяпліць падвод вады, замяніць краны. Другое памяшканне (адкормачнік) падрыхтаваны толькі на 50%. У бягучы час вядзецца рэканструкцыя кармавога стала, выбарачны рамонт падлогі. Неабходна таксама адрамантаваць двое дзвярэй у памяшканні з бяспрывязным утрыманнем жывёлы. Тут няма падводу вады да карытаў. Кароўнік на 200 галоў гатовы.



На МТФ “Мікулічы” вядзецца рэканструкцыя памяшкання для дойнага статка. У цялятніку патрэбна адрамантаваць падлогу, а памяшканне груп дарошчвання і кашару – ачысціць ад гною.


Не ўсе работы завершаны на МТФ “Рыжкаў”, дзе чатыры памяшканні. У адным неабходна правесці дэзінфекцыю, адрамантаваць падлогу, кармавыя праходы, а таксама устанавіць у прафілакторыі новыя клеткі і лямпы для абагрэву цялят. У цялятніках уцяпліць дверы, вокны, ачысціць станкі і кашары.


Да гэтага часу не пабелены тры памяшканні на МТФ “Конанаўшчына”. У некаторых з іх патрабуецца рамонт дзвярэй, даху.


КСУП “Брагінка”. У зімова-стойлавы перыяд на трох фермах будзе ўтрымлівацца 1310 галоў.


Неабходна адзначыць, што сёлета жывёлагалоўчыя памяшканні ў гэтай гаспадарцы падрыхтаваны да зімоўкі значна лепш, чым у мінулыя гады. На МТФ “Кавака” засталося адрамантаваць двое дзвярэй, сістэму водапаення і падключыць халадзільнае абсталяванне ў малочным блоку.


На МТФ “Новы Пуць” тры памяшканні. У адным з іх патрэбна адрамантаваць дзверы,  у другім — замяніць транспарцёр, у трэцім – правесці дэзінфекцыю, ачысціць ад гною.


КСУП “Брагінскі”. На чатырох фермах у дзевятнаццаці памяшканнях — 4217 галоў БРЖ.
Да зімоўкі на МТФ “Вуглы” зроблена нямала. У двух памяшканнях для дойнага статку засталося пабяліць і правесці дэзінфекцыю. Акрамя таго, пабелка патрэбна і іншым памяшканням. Нельга забываць і аб абкошванні тэрыторый.
Пабелкі чакаюць і два кароўніка ў Рудні Жураўлёвай. А вось МТФ “Лубенікі” зусім не падрыхтавана да зімоўкі.


Невялікі рамонт кармавога стала і пабелка неабходны на ферме ў Сяльцы.


КСУП “Пераможнік”. У трынаццаці жывёлагадоўчых памяшканнях будзе ўтрымлівацца 3030 галоў.
Не ўсё з запланаванага зроблена на комплексе ў Малейках. У стадыі завяршэння рэканструкцыя памяшкання (I перыяд).


Неабходна правесці зварачныя работы, адрамантаваць шыферны дах па галерэі (II перыяд). Такія ж работы патрэбна зрабіць і на трэцім перыядзе. Да 1 кастрычніка запланавана ўвесці ў строй памяшканне з бяспрывязным утрыманнем жывёлы.


На МТФ “Сцежарнае” – завяршыць капітальны рамонт памяшкання. Засталося яшчэ закласці аконныя праёмы, устанавіць новы дах, малакаправод.


Неабходна выканаць выбарачны рамонт падлогі на МТФ “Макрэц”, “Старое Зарэчча”, “Новае Зарэчча”, правесці іншыя работы. Акрамя таго, на  першай ферме, дзе ўтрымліваецца 159 галоў, патрабуецца рамонт двух дзвярэй, усталяваць у малочным блоку халадзільнік, а таксама пасеяць каля памяшкання травы для выпасу.


Аналагічнае становішча з падрыхтоўкай ферм да зімоўкі і ў астатніх гаспадарках раёна.


Рэйдавая брыгада:


М. РАМАНЮК,
намеснік начальніка
ўпраўлення сельскай
гаспадаркі і харчавання;
А. АБАШЫНА,
галоўны ветэрынарны ўрач раёна;
І. РУДАБЕЛЕЦ,
інжынер па ахове працы, транспартнай і пажарнай бяспекі ўпраўлення
сельскай гаспадаркі
і харчавання;
Т. ЦІШКЕВІЧ,
загадчык аддзела
сельскай гаспадаркі
рэдакцыі газеты “Маяк Палесся”



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *