У КОЖНАЙ СПРАВЕ ПАВІНЕН БЫЦЬ ПАРАДАК

Сельское хозяйство

Аналізу работы жывёлагадоўлі за 8 месяцаў быў прысвечаны семінар з кіраўнікамі і галоўнымі спецыялістамі заатэхнічных  і ветэрынарных службаў, які праходзіў на базе КСУП “Пераможнік”.


Пачалося мерапрыемства з практычнай часткі. Удзельнікі семінару пазнаёміліся з тым новым, што ўдалося ўкараніць у практыку за апошні час, з планамі і задумамі, якія неабходна рэалізаваць. Па словах дырэктара В.І. Протчанкі, сёлета цэнтральная вёска Малейкі набудзе статус аграгарадка. Зараз вядзецца газіфікацыя населенага пункта. Выдзелены сродкі і на сельскагаспадарчую галіну. Многа зроблена на машынным двары: зменшылі тэрыторыю, заасфальтавалі яе, знеслі будынак былой майстэрні. Падрыхтавалі памяшканне, у якім будзе працаваць пункт тэхнічнага абслугоўвання. 
Механізатарам створаны ўмовы для працы і адпачынку. У адрамантаваным Доме механізатараў прыгожа і ўтульна. Тут ёсць кабінеты па тэхніцы бяспекі, фельчара, дыспетчарская.


Як станоўчае было адзначана тое, што зернеўборачныя камбайны, якія не задзейнічаны, пастаўлены на захаванне. Тым больш, цёплае надвор’е садзейнічае гэтаму.


Зараз на парадку дня – падрыхтоўка да зімова-стойлавага ўтрымання. У трынаццаці памяшканнях будзе 3030 галоў буйной рагатай жывёлы. Большасць будынкаў з цягам часу прыйшла ў непрыгоднасць, таму ў апошнія гады ўшчыльную заняліся іх рэканструкцыяй. За лета тут зроблена нямала. Вялікі аб’ём работы праведзены на комплексе ў Малейках. У стадыі завяршэння рэканструкцыя двух памяшканняў.


Ствараючы адпаведныя  ўмовы  для  жывёлы,  патрэбна  не  забываць  і  пра  людзей, якія тут працуюць. Нездарма ў народзе бытуе трапнае выказванне: кінь назад – наперадзе знойдзеш. Нарэшце паклапаціліся і аб умовах для іх адпачынку. Той пакой, да якога доўгі час не даходзілі рукі, адрамантавалі. На гэта спатрэбілася літаральна некалькі дзён. Было б толькі цёпла зімою…


У гаспадарцы адпрацавана тэхналогія вырошчвання і адкорму буйной рагатай жывёлы. Ферма ў Малейках камплектуецца ў асноўным за кошт уласнага маладняку.  Прыемнае ўражанне ў прысутных засталося пасля наведвання цялятніка, у якім утрымліваецца 400 галоў. У памяшканні здаровы мікраклімат, чысціня і парадак.


Ды і людзі ўмеюць працаваць. Нездарма ў апошнія гады ў ліку пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва сярод комплексаў па вырошчванні і адкорму буйной рагатай жывёлы і КСУП “Пераможнік”.


Сельгаспрадпрыемства  нарошчвае  аб’ёмы рэалізацыі і павялічвае прадуктыўнасць дойнага статка дзякуючы сістэмнай рабоце па адбору цялушак ад высокаўдойных кароў. Тут добра наладжана работа асемянатараў. На гэта і ўказалі спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.


Наведалі і МТФ “Зарэчча”. Сёлета каля фермы пасеялі жыта з рапсам – будзе добрая паша для кароў. У адным з памяшканняў аператары машыннага даення працуюць у даільнай зале з малочнай устаноўкай “Елачка”. У другім плануюць арганізаваць паточна-цэхавую сістэму вытворчасці малака.


Раней узнікала многа праблем з добраўпарадкаваннем прыфермскай тэрыторыі МТФ “Старое Зарэчча”. Пасля дажджу нельга было пад’ехаць да фермы. Зараз заасфальтавалі да яе пад’езд. Акрамя таго, правялі касметычны рамонт у памяшканні, аднавілі пакой для адпачынку жывёлаводаў, дзе на стэндах размясцілі неабходную інфармацыю.


ПАДЫХОДЫ РОЗНЫЯ


На плянарным пасяджэнні намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання М.А. Раманюк настроіў прысутных на адкрыты дыялог, адзначыў, што ўдалося  дасягнуць  і  над  чым   яшчэ  давядзецца працаваць. Дакладчык падрабязна спыніўся на выкананні прагнозных паказчыкаў за 8 месяцаў, пазнаёміў з фінансавым станам гаспадарак. Досыць спякотнае лета, якое мела, здавалася б, мноства “плюсаў” прынесла яшчэ больш “мінусаў”. Асабліва ўскладніла арганізацыю пасьбы жывёлы. Таму ў такі складаны час немалаважна было строга прытрымлівацца тэхналогій. Але, як паказала практыка, для нашых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў запланаваныя задачы аказаліся не па сіле.


Прагнозныя паказчыкі выкананы толькі на 97,8% (пры плане – 113,0%). Як і раней, асноўны цяжар нясе грамадскі сектар. Ён забяспечыў прырост прадукцыі на 97,5%, насельніцтва – 93,1%.


Вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічылася на 9,8%, у тым ліку буйной рагатай жывёлы – на 14,9%, малака – на 6,2%. Стратнай з’яўляецца вытворчасць свініны, якая знізілася на 5,1%.


Як і ў мінулыя месяцы, найбольшы рост вытворчасці прадукцыі ў КСУП “Малажынскі” і “Брагінскі”, на якія прыходзіцца па 20,5% і 17,5% адпаведна, КСУП “Чамярыскі” – 15,5%, “Саўгас “Камарынскі” – 13,8%.


Вытворчасць працы застаецца рознай, але стабільнай. У сярэднім па раёне на кожнага работніка атрымана прадукцыі на  35,7 млн рублёў. Больш – у КСУП “Брагінскі” – 64,1 млн руб., “Пераможнік” – 41 млн руб., “Чамярыскі” – 46,3 млн рублёў. А вось у КСУП імя Жукава выраблена на аднаго чалавека толькі на 26,3 млн рублёў.


Мікалай Аляксеевіч сканцэнтраваў увагу на тым, што пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў грамадскім сектары  складае 27 007 галоў (100% да аналагічнага перыяду мінулага года), у тым ліку 7962 каровы (106,5%). А вось пагалоўе свіней знізілася на 14,1%. Тут “засвяціліся” не лепшым чынам тры гаспадаркі – імя Жукава, “Пераможнік” і “Саўгас “Камарынскі”, якія не толькі не выйшлі на ўзровень мінулага года, а, наадварот, знізілі пагалоўе.


Хаця валавая вытворчасць малака склала 17 834 тоны (106,2%), але заданне выканана толькі на 93,2%. На 20% забяспечылі прырост аператары машыннага даення КСУП “Саўгас “Камарынскі”, у той час як “Брагінскі” знізіў на 2,6%.
За восем месяцаў надоена ад фуражнай каровы ў сярэднім па раёне па 3219 кілаграмаў малака, што вышэй адпаведнага перыяду мінулага года на 165. Найбольш атрымліваюць яго ў КСУП “Брагінскі” – па 3711 кілаграмаў, але ніжэй мінулага на 99, у “Пераможніку” – 3540 (+124 кг), у “Чамярыскім” – 3251 (+192 кг).


Вызначаюцца стракатасцю паказчыкі па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы. Калі з пачатку года яны склалі 590 грамаў, то свіней усяго 243, а ў КСУП імя Жукава і наогул “дасягнулі” 197 грамаў. Тут ёсць над чым працаваць жывёлаводам.


Не абмінуў Мікалай Аляксеевіч такія пытанні, як выплата зарплаты, закуп малака і маладняка ў насельніцтва. Запланаванае заданне выканана на 56,7% — было закуплена 570 галоў. У параўнанні з мінулым годам знізіўся закуп малака і склаў 585,3 тоны.


Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, не мае “вясёлкавага” выгляду і карціна з  узнаўленнем статка. Гэта датычыцца амаль усіх гаспадарак. На 100 матак атрымана 59 галоў, што менш мінулага года на шэсць цялят. Недаатрымалі 447 галоў прыплоду.


Акрамя таго, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 34 галавы павялічылася і невытворчае выбыццё жывёлы. Найбольш – у КСУП “Малажынскі”, “Саўгас “Камарынскі”, імя Жукава. Прычына гэтага – недастатковая работа ў першую чаргу зааветспецыялістаў на месцы, слаба кантралюецца яна і з боку райветплемстанцыі, ветлячэбніцы. Каб выправіць становішча, падкрэсліла галоўны ветэрынарны ўрач раёна А.І. Абашына,  патрэбна ў час праводзіць вакцынацыю жывёлы, біяхімічны аналіз крыві, даследваць кароў на масціт і лейкоз.


Ёсць праблемы і з якасцю малака. На гэтым падрабязней спынілася галоўны спецыяліст па якасці і закупках сельгаспрадукцыі Н.М. Купрыенка. Базісная тлустасць — 3,57%. У сувязі з гэтым страты склалі 343,7 млн рублёў, на адной тоне – 38,8 тысячы рублёў. Па гэтай прычыне недаатрымана 546 млн рублёў. Вось на чым гаспадаркі губляюць грошы.


У параўнанні з мінулым годам рэалізацыя малака павялічылася на 3,3% і склала 14 090 тон у заліковай вазе. На перапрацоўчае прадпрыемства гатункам “экстра” адпраўлена 7,8% ад агульнага аб’ёму прадукцыі, вышэйшым – 77,3%.
Нізкай застаецца і таварнасць малака – 79,7%. Ніжэй сярэднераённага яна ў КСУП “Брагінскі” і “Малажынскі”.


Усё вышэйадзначанае не магло не паўплываць на выкананне прагнозных паказчыкаў па вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі. Ёсць над чым працаваць жывёлаводам, каб да канца сельскагаспадарчага года прыйсці з лепшымі вынікамі.  
Падводзячы вынікі семінара, намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу  вызначыў тэрміны для выпраўлення недахопаў. Пакуль на вуліцы яшчэ цёплыя дні, неабходна паскорыць працэс падрыхтоўкі ферм да стойлавага перыяду, не забываць і пра іншыя сельскагаспадарчыя работы.


Т. ЦІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *