Летам не драмалі, памяшканні рамантавалі

Сельское хозяйство

Яшчэ ўладарыць у прыродзе кастрычнік з плюсавымі дзённымі тэмпературамі, сыпле пад ногі залатое лісце, а начныя замаразкі хутчэй здзіўляюць, чым папярэджваюць аб прадстаячых зімовых халадах і сцюжах, і ўсё ж аграрыі спяшаюцца. Стойлавы перыяд, як патрабуе тэхналогія, пачаўся  першага  чысла гэтага месяца. Вось што расказаў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Раманюк:


– Падрыхтоўка памяшканняў да зімова-стойлавага перыяду была пачата з моманту пераводу жывёлы на пашавае ўтрыманне. У кожнай гаспадарцы створаны спецыяльныя брыгады, камісіі па кантролі за ходам правядзення будаўнічых работ з удзелам спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, ветэрынарнай станцыі, даведзены графікі. У адпаведнасці з распараджэннем Брагінскага раённага выканаўчага камітэта, пытанні гатоўнасці жывёлагадоўчых ферм былі вынесены на павестку дня пасяджэння райвыканкама.


Разглядаліся яны і на саветах упраўлення, заслухоўваліся справаздачы кіраўнікоў тых сельгаспрадпрыемстваў, дзе з рамонтам марудзілі. За непрыняцце належных мер асобным з іх аб’яўлена заўвага.
Як сведчаць даныя, у час зімова-стойлавага перыяду 2010-2011 гадоў на 41 ферме ў 147 памяшканнях будзе знаходзіцца звыш 27 тысяч галоў  буйной рагатай жывёлы. У КСУП імя Жукава, напрыклад, уся жывёла (2763 галавы) будзе размешчана на чатырох фермах у 19 памяшканнях, якія да зімоўкі падрыхтаваны. На МТФ “Мікулічы” давялося дадаткова правесці рэканструкцыю хлява для дойнага статка.
КСУП “Брагінка” мае тры малочнатаварныя фермы (дзесяць памяшканняў) для 1294 галоў. Пагалоўе ордэна Леніна КСУП “Брагінскі” налічвае звыш чатырох тысяч. Каб размясціць яго, даведзены да ладу 19 памяшканняў на чатырох фермах.


На стойлавы перыяд КСУП “Пераможнік” пакідае 3003 галавы буйной рагатай жывёлы, якая будзе зімаваць на чатырох МТФ і жывёлагадоўчым комплексе. 13 памяшканняў адрамантаваны.
КСУП “Малажынскі”, каб развесці па “кватэрах” 6503 галавы буйной рагатай жывёлы, давялося падрыхтаваць 35 памяшканняў на 11 фермах. На адной з іх, у Юркавічах, правялі рэканструкцыю і ўвялі дадаткова хлеў для дойнага статка.


Будаўніцтва і рэканструкцыю двух хлявоў для дойных кароў па лініі Камчарнобыля выканаў КСУП “Чамярыскі”. Яму прадстаіць размясціць 3792 галавы на сямі фермах.
Усе памяшканні (33) на сямі фермах падрыхтаваў да зімоўкі КСУП “Саўгас “Камарынскі”.


Забяспечанасць кармамі, па звестках спецыялістаў, з улікам дадатковых крыніц складзе 26,8 цнт кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Участкі, дзе можна яшчэ касіць, ёсць паўсюдна. Пасля доўгачаканых дажджоў травы пачалі адрастаць. Нарыхтоўку сіласу, а калі дазваляе надвор’е, то і сена, вядуць усе гаспадаркі.


Працягваецца ўборка сакавітых кармоў. Буракі сёлета не такія буйныя, як папярэднія гады, але на нізкіх месцах ураджай нядрэнны. У тых сельгаспрадпрыемствах, дзе змаглі зацікавіць насельніцтва, вяскоўцы ахвотна вырошчвалі кармавыя караняплоды, каб атрымаць за іх натураплату. КСУП “Малажынскі”, да слова, за кожную сотку выдзяляе па 100 кілаграмаў зерня і 10% буракоў ад валавога збору.


Не забыты і ўмовы спаборніцтва на гэты адказны перыяд, паклапаціліся на месцах і аб стварэнні належных бытавых умоў для жывёлаводаў, каб было дзе распрануцца, адпачыць, пазнаёміцца з перыёдыкай, абмяняцца навінамі.


Ніна Сінілава 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *