НА СВАІМ МЕСЦЫ

Грамадства

Гэтыя словы ў поўнай меры адносяцца да аператара па адкорму буйной рагатай жывёлы Сяргея Кечкі.


— З Сяргеем нам сапраўды пашанцавала, — адзначае галоўны заатэхнік Алена Федарэнка. – Працавіты, адказны, сумленны, а галоўнае – добры. Такім і патрэбна быць, працуючы з жывёлай. Часам здзіўляешся таму, як ён адносіцца да цялят, а  іх ў яго нямала – 273 галавы.
Хаця нялёгка спраўляцца з такой колькасцю жывёлы, але Сяргей ніколі не паскардзіўся на цяжкаці. Да сялянскай працы прывык з маленства. Пасля заканчэння школы спачатку паступіў на курсы механізатараў, але да тэхнікі сэрца не ляжала – “не жывая” яна. Некалькі гадоў пасвіў жывёлу, затым – аператарам па адкорму маладняку буйной рагатай жывёлы. Прыемна працаваць у новым памяшканні – прасторна, светла, усё – механізавана.


Кожны дзень спяшаецца да сваіх гадаванцаў, у яго некалькі груп: ад месяца і старэй, дзе сярэднясутачныя прывагі дасягаюць у сярэднім 740 грамаў, і старэй шасцімесячнага ўзросту (823 грамы). А на вуліцы ў доміках чакаюць свайго «гаспадара» яшчэ 33 цяляці, якіх патрэбна ў час накарміць, памяняць салому, каб было суха. Усіх ён песціць, гадуе. І, як ні дзіўна, адрознівае па характару, і па знешняму выгляду.


Працоўны дзень пачынаецца ў шэсць гадзін раніцы. І ў абед прыходзіць Сяргей на ферму – патрэбна напаіць малых цялят, а затым у 16.00 — вячэрні рацыён.


Сваімі дасягненням выхваляцца не любіць, хаця прывагі немалыя.


— Проста працую і ўсё, — сціпла гаворыць жывёлавод. –Нягледзячы на тое, што няма выхадных, стомленасці не адчуваю. Калі цяляты накормлены і ў памяшканні парадак, тады і на душы весялей. А чаму б не працаваць у сельскай гаспадарцы? Ёсць добры заробак, створаны ўмовы  для працы і адпачынку. У апошнія гады сельгаспрадпрыемства не пазнаць: праводзіцца рэканструкцыя старых памяшканняў, будуюцца новыя. Раней аб механізаванай працы мы толькі марылі, а цяпер – усё на яве.


Таццяна ЦІШКЕВІЧ 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *