Першы поспех акрыліў

Грамадства

Выхаванец Брагінскай дзіцячай школы мастацтваў Яўген Уласенка ў абласным мастацкім конкурсе пленэрных работ пад дэвізам “Мой родны кут, як ты мне мілы…” заняў трэцяе месца і быў адзначаны дыпломам.


Конкурс, накіраваны на знаёмства з культурна-гістарычнай спадчынай Гомельшчыны, ставіў сваёй мэтай выхаванне пачуцця гонару, любові да Радзімы, прыцягненне ўвагі дзяцей і моладзі да нацыянальнай духоўнай культуры свайго народа, яго мовы, традыцый і звычаяў. Праводзіўся па трох намінацыях: “Станкавая кампазіцыя”, “Дэкаратыўна-прыкладная кампазіцыя, дызайн”, “Мастацкая фатаграфія”. Удзельчалі ў ім вучні мастацкіх школ і аддзяленняў, выхаванцы студый.


Ад нашага раёна свае карціны прадставілі Яўген Уласенка і Аня Жулега, з якімі займаецца мастак Генадзь Душэнін. Прафесійнае журы іх заўважыла адразу. Са 150 работ, накіраваных на конкурс, для выставы  ў  Хойніках, дзе  праходзіла сёлета святкаванне Дня беларускага пісьменства, было вылучана 30. Яўген і Аня былі ў ліку тых, каму выпаў гонар паказаць першыя творы шырокай аўдыторыі.


Для ўзнагароджвання журы адабрала толькі 15 работ. Сваю карціну Яўген Уласенка маляваў, уяўлячы перад сабой апаэтызаваныя Янкам Купалам пейзажы роднай прыроды. Юнаму мастаку ўдалося перадаць купалаўскае замілаванне  хараством беларускіх лясоў і прастораў, любоў да Бацькаўшчыны. Менавіта гэта і падкупіла прафесіяналаў, якія давалі ацэнку творчаму пошуку дзяцей. Старшыня журы А. Фядотаў падкрэсліў, што яны ў першую чаргу і ўлічвалі адпаведнасць, сугучнасць прадстаўленых работ творам вялікага класіка, а не іх фантазіі.


Маляваннем Яўген захапіўся яшчэ ў дашкольным узросце. Вопытныя педагогі пастараліся развіць яго талент, падтрымалі, параілі займацца гэтым усур’ёз і накіравалі работу на конкурс. Брагіншчына славіцца вядомымі мастакамі, творы якіх выстаўляюцца ў прэстыжных музейных залах. Магчыма, Яўген Уласенка прадоўжыць іх традыцыі і праславіць родны кут сваімі палотнамі. Няхай яму шанцуе і далей. А пакуль – з першай перамогай цябе, юны мастак! Удачы і цікавых творчых знаходак.


Ніна Сінілава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *