Што даручана – ВЫКАНАНА

Грамадства

У 2011-м споўніцца 25 гадоў з таго сумнага і трагічнага красавіцкага дня, калі здарылася самая страшная тэхнагенная катастрофа ХХ стагоддзя. Аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі перакрэсліла жыццё брагінчан, прымусіла пакінуць родныя мясціны, пасяліўшы ў сэрцах боль страты бацькаўшчыны і немагчымасць вярнуцца сюды.  Не  ў  снах, а наяве прайсціся сцяжынамі, дзе бегалі ў маленстве, палюбавацца хараством прыроды, пачаставацца яе дарамі. Многія з тых, хто выехаў у чыстыя раёны,так і не змаглі вынесці раставанне, вярнуліся назад, бо гэта было звыш іх сілы і  ўвогуле  ставіла  пад сумненне  сэнс  існавання  на гэтай   зямлі без  радзімага  кутка…


Вучоныя і медыкі забілі трывогу. Што рабіць з самасёламі? Пытанне далейшага пражывання вырашылася, калі сюды ў чарговы раз прыехаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Ён зразумеў адчай людзей, пранікся іх болем і даручыў ураду зрабіць усё, каб насельніцтва ні ў чым не мела патрэбы. У першую чаргу ў медыцынскім і гандлёвым абслугоўванні. Тады ж для абамалоту зерневых на прысядзібных участках жыхарам Савічаў выдзелілі і камбайн.


2006 год. Прэзідэнт даручыў кіраўнікам рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады завяршыць газіфікацыю раёна, працягнуць яго да самай аддаленай кропкі – Камарына. У красавіку 2008-га блакітнае паліва прыйшло ў Камарын раней намечанага тэрміну (планавалася завяршыць работы ў кастрычніку), хаця будаўнікам давялося пераадольваць водныя перашкоды на балоцістай мясцовасці. І ўсё ж дзякуючы іх намаганням аб’ект быў здадзены датэрмінова.


Блакітнае паліва прыйшло ў шматпавярховыя дамы, пацягнуліся размеркавальныя газаправоды і да дамоў сядзібнага тыпу. Сёння тут працуюць шэсць брыгад па  ўкладцы ўнутраных газаправодаў у прыватным сектары. Дарэчы, на газіфікацыю гарпасёлка фінансы, прычым, значныя, выдзеліў Камчарнобыль. Прыватнікам за ўласныя сродкі давядзецца аплаціць устройства дымавога і вентыляцыйных каналаў.


З’явіўся ў дамах і кватэрах газ, а з ім – і гарачая вада. Камунальная служба памяняла катлы, якія могуць працаваць як на блакітным, так і на мясцовых відах паліва. З’явіліся яшчэ жыццёва-важныя аб’екты, якія робяць пасёлак над Дняпром прыгожым і ўтульным, а жыццё яго жыхароў – зручным.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *