Тэлефон міліцыі 102

Территория закона

ПАКАРАННЕ  — ПРАЗ   СЕМ   ГАДОЎ


Гісторыя пачалася ў 2003 годзе. З  Камарынскай бальніцы прапаў новы апарат ультрагукавога даследавання. Каштаваў ён тады ні многа, ні мала – 17 мільёнаў беларускіх рублёў. РАУС была заведзена крымінальная справа па арт. 205 – крадзёж у буйным памеры. Аднак раскрыць злачынства па гарачых слядах не атрымалася.


Доўгі час справа пылілася на паліцы ў  архіве.  Дакапацца да сутнасці  вырашыў Алег Бабровіч. У ходзе вышуковых мерапрыемстваў ён ўстанавіў, што ў тым годзе, калі быў здзейснены крадзёж, у Камарыне працавала будаўнічая брыгада. Пад падазрэнне трапілі двое рабочых, жыхароў Жлобінскага раёна.  Аднаго з іх удалося адшукаць. Ён даў прызнальныя паказанні і зараз знаходзіцца пад следствам. Другі  з’ехаў у Расію на “заробкі”.  Міліцыянеры чакаюць яго вяртання на Радзіму.


За злачынства, здзейсненае сем гадоў назад, сёння злодзеям “свеціць” да 12 гадоў пазбаўлення волі.


ХТО  КАГО  ЛЮБІЦЬ,  ТОЙ  ТАГО  ЧУБІЦЬ


Гэта народная прымаўка ўжо даўно стала жыццёвым дэвізам адной сям’і з вёскі Краснае. І чым больш муж з жонкай прымуць  моцных напояў, тым больш моцным становіцца паміж імі каханне. Неаднойчы ў такім запале  суджаная хапалася за нож. Ды так, што мужчыну патрабавалася медыцынская дапамога. Аднак прыцягваць жонку да адказнасці любячы муж не жадаў.


Усплеск гарачых пачуццяў адбыўся і нядаўна. Пасля чарговага вясёлага застолля, калі мужчыну змарыў сон і ён мірна драмаў на ложку, каханая нанесла яму  нажом тры ўдары ў шыю.  На шчасце,  яны былі не смяротнымі.  А ў час падаспеўшыя медыкі зрабілі ўсё, каб  бедалага застаўся жыць.


І на гэты раз пацярпеўшы не пажадаў пісаць заяву ў міліцыю. Аднак жанчына ўсё роўна будзе прыцягнута да адказнасці згодна з Крымінальным кодэксам – за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання.


ГРЫБНАЯ  ЭРА


Восень – гарачая пара для аматараў “ціхага” палявання. Калі вы ніколі не збіралі грыбы, то вам  не зразумець грыбніка, яго пачуццё радасці пры знойдзеным баравіку, зялёнцы ці падбярозавіку. Аднак грыбы могуць завесці чалавека ў лес настолькі далёка, што самастойна выйсці адтуль проста немагчыма.


Нягледзячы на сталы ўзрост, вырашыў пайсці па грыбы і 80-гадовы жыхар вёскі Рудня Жураўлёва. Калі ён у час не вярнуўся дадому, сваякі забілі трывогу – дзядуля заблукаў! Група, якую ўзначаліў намеснік начальніка РАУС Вячаслаў Лысянок, неадкладна  адправілася на пошукі.  Па лясным масіве міліцыянеры прайшлі пешшу больш кіламетра.


У 22.30 гора-грыбнік быў знойдзены.


ГАЛІВУД   АДПАЧЫВАЕ


Пагоню як у амерыканскіх фільмах давялося назіраць жыхарам Мікуліч сваімі вачамі.


Ігнаруючы патрабаванне супрацоўнікаў міліцыі спыніцца, вадзіцель аўтамабіля “Форд” яшчэ больш націснуў на педаль газу. Выехаўшы за вёску, ён пачаў рухацца ў бок Брагіна. Стварылася рэальная пагроза для жыцця і здароўя ўсіх, хто ў той час мог апынуцца на шляху нецвярозага аўтамабіліста.


Міліцыянерам нічога не заставалася, як прымяніць табельную зброю. Пачуўшы стрэлы, ліхач спыніўся.  Аднак парушальнік спакою не збіраўся здавацца і аказаў злоснае непадпарадкаванне стражам парадку. Давялося надзець на яго наручнікі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *