ЗАРЭГІСТРАВАНЫ ІНІЦЫЯТЫЎНЫЯ ГРУПЫ

Грамадства

Працэс рэгістрацыі ініцыятыўных груп выбаршчыкаў па вылучэнню кандыдатаў у прэзідэнты быў суперліберальны. Такую думку выказаў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.


Цэнтрвыбаркам Беларусі на сённяшнім пасяджэнні прыняў рашэнні аб рэгістрацыі 17 ініцыятыўных груп. Прычым члены ЦВК вырашылі не адмаўляць у рэгістрацыі нават тым групам, якія дапусцілі істотныя недапрацоўкі, прадаставіўшы права ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі практычна ўсім, адзначыў Мікалай Лазавік. На яго думку, рэгістрацыя праходзіла максімальна свабодна і дэмакратычна.


Самымі тыповымі памылкамі заяўнікаў былі ўключэнні ў спісы ініцыятыўных груп непаўналетніх грамадзян, а таксама тых асоб, хто не даваў згоды на ўдзел у такіх групах. Мікалай Лазавік перасцярог патэнцыяльных кандыдатаў ад паўтарэння такіх памылак у час збору подпісаў, бо, калі больш як 15 працэнтаў подпісаў будуць несапраўднымі, патэнцыяльным кандыдатам адмовяць у рэгістрацыі.


Адказваючы на пытанне журналістаў аб тым, колькі можа быць зарэгістравана кандыдатаў у прэзідэнты, Мікалай Лазавік сказаў, што пакуль устрымаецца ад прагнозаў. Ён толькі прывёў даныя папярэдніх выбарчых кампаній. Напрыклад, у 2006 годзе заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп падавалі 16 чалавек, былі зарэгістраваны восем ініцыятыўных груп, а сабраць 100 тыс. подпісаў змаглі толькі чатыры. У 2001 годзе жадаючых балаціравацца на пост прэзідэнта было 26 чалавек, але ЦВК зарэгістраваў 22 ініцыятыўныя групы, а афіцыйных кандыдатаў, якія атрымалі ў сваю падтрымку больш як 100 тыс. подпісаў, было толькі чатыры.


Удзельнікі ўсіх зарэгістраваных ініцыятыўных груп пачалі збор подпісаў  30 верасня.


БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *