АДСТАЯЛІ Ў БАЯХ

Грамадства

Дата 23 лістапада для кожнага з нас дарагая і знамянальная. Спаўняецца роўна 67 год з таго незабыўнага дня, калі воіны Савецкай Арміі пры актыўным садзейнічанні і дапамозе мясцовых партызанскіх фарміраванняў і падпольшчакаў вызвалілі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Выгнанню ворага папярэднічала больш двух гадоў цяжкай акупацыі, насілля, страху, грабяжоў… За час свайго гаспадарання на Брагіншчыне фашысты прычынілі шмат гора і пакут насельніцтву, нанеслі вялізныя страты раёну. Гітлераўцы расстралялі і закатавалі 10 740 жыхароў, 1771 чалавека вывезлі ў Германію. З 9000 мабілізаваных на франты брагінчан не вярнулася амаль пяць тысяч.


Назаўсёды ў гісторыі Брагіншчыны застануцца імёны байцоў і камандзіраў партызанскіх атрадаў імя Суворава і Катоўскага, удзельнікаў партызанскіх злучэнняў Каўпака, Сабурава, Фёдарава, членаў падпольных груп – нашых землякоў.


За гераізм і мужнасць, праяўленыя пры вызваленні Брагінскага і Камарынскага раёнаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў восенню 1943 года, высокае званне Героя Савецкага Саюза было прысвоена 396 салдатам, сяржантам і афіцэрам Чырвонай Арміі, тысячы воінаў адзначаны ордэнамі і медалямі. Больш 3,5 тысячы доблесных сыноў Айчыны аддалі свае жыцці дзеля перамогі над ворагам у небывалай па сваім размаху і напружанні дняпроўскай бітве.


Сталі Героямі Савецкага Саюза і тры ўраджэнцы нашага раёна: Пётр Жукаў, Сяргей Мацапура і Павел Шпетны. Іх прозвішчы, імёны герояў-вызваліцеляў увекавечаны ў назвах вуліц нашых гарпасёлкаў  і вёсак, якія сталі своеасаблівымі старонкамі летапісу. На тэрыторыі раёна, бадай, няма ніводнага населенага пункта, дзе б не высіўся ўвянчаны чырвонай зоркай абеліск над магіламі загінуўшых.


Пройдуць гады, дзесяцігоддзі, але нашы нашчадкі будуць ведаць і помніць тых, хто ўдзельнічаў у жорсткай і цяжкай вайне, хто паклаў самае дарагое – сваё жыццё на алтар Перамогі, хто вярнуўся дамоў пераможцам, залечваў свае франтавыя раны, аддаваў сілы і здольнасці справе аднаўлення разбуранай фашысцкімі захопнікамі гаспадаркі, працаваў на палях і фермах, фабрыках і заводах, гадаваў дзяцей… Ад гэтых імёнаў многія павядуць сваю радаслоўную далей, працягваючы добрыя традыцыі папярэднікаў і ўслаўляючы родны край новымі поспехамі, дасягненнямі, здабыткамі.


Падрыхтавала Валянціна  БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *