Абсталяванне нямецкае — сыравіна мясцовая

Грамадства

Гэтага дня ў раёне чакалі даўно. Рэалізацыя праекта “Стварэнне цэха па перапрацоўцы насення рапсу на базе ААТ “Брагінаграсэрвіс” завяршылася. Не было ні ўрачыстага пераразання стужкі, ні гучных прамоў і прыгожых слоў, проста па ініцыятыве нямецкіх партнёраў на выхадных недзе каля 21.00 запусцілі ў работу абсталяванне, якое сумесна з брагінчанамі манціравалі ў апошні час. Таму і мы, супрацоўнікі рэдакцыі, не прысутнічалі пры гэтым гістарычным моманце, а прыехалі ў ААТ “Брагінаграсэрвіс”, калі работа ў цаху ішла поўным ходам.


Убачыўшы столькі новых механізмаў, разгубіліся. Здзіўленне прайшло, калі аператар Васіль Бунас, а ён адчуваў сябе тут поўным гаспадаром, расказаў, як яны працуюць. Насенне рапсу з дапамогай спецыяльнага прыёмніка трапляе ў млын, дзе ачышчаецца, прасейваецца, а потым ідзе ў бункер, адтуль падаецца ў агрэгат, які размяркоўвае яго. На выхадзе атрымліваюць  алей і грануляваны жмых.


Дапрацоўка алею праходзіць у цаху, дзе ён фільтруецца, ачышчаецца і выліваецца ў бочку ўмяшчальнасцю 60 тон. Пасля праведзенага аналізу высветліцца, тэхнічны гэта ці харчовы. Але ўжо візуальна замежныя сябры вызначылі, што з таго насення рапсу, якое перапрацавалі, атрымаецца алей для харчовай прамысловасці, прычым, самы каштоўны. Такую лінію зманціравалі яны і ў Ельску, таму могуць параўнаць якасць сыравіны.


Працуюць шэсць аператараў у тры змены. Спецыяльнай падрыхтоўкі, прызналіся, нідзе не праходзілі. Хапіла таго, што ўстанаўлівалі абсталяванне пяць дзён пад кіраўніцтвам нямецкіх партнёраў, якія і навучалі, і дапамагалі, і тлумачылі. Васіль Бунас трапіў у адну змену з Сяргеем Ларчанкам.


— Аператары патрэбны для візуальнага назірання, — унёс карэктывы ў размову дырэктар ААТ “Брагінаграсэрвіс” Сяргей Набок. — Абсталяванне працуе ў аўтаматычным рэжыме 24 гадзіны, само загружае сыравіну і выдае прадукцыю. Можа перапрацоўваць рапс, сланечнік, сою, лён. Кошт лініі – 554 тысячы еўра. Праект акупіцца праз 2,5 года пры ўмове, калі будзем перапрацоўваць штогод шэсць тысяч тон сыравіны. Менавіта такая яе магутнасць.


Пра лабараторыю, якая абсталявана, неабходна сказаць асобна. І справа не ў тым, што аналагаў устаноўленаму тут апарату ў рэспубліцы няма. Для даследавання сыравіны па розных паказчыках патрабуецца ўсяго 40 секунд. Працуе як звычайны камп’ютар, не пройдзе і хвіліны, як разумная машына выдасць так званы чэк з указаннем усіх параметраў рапсу па вільготнасці, сортнасці, утрыманню тлушчу і інш.


А на чарзе – новы праект. Для забеспячэння рэнтабельнай работы прадпрыемства, стварэння больш спрыяльных умоў працы, павелічэння вытворчасці якаснай і канкурэнтаздольнай прадукцыі ў 2011 годзе плануецца рэалізацыя новага пад назвай “Пашырэнне цэха па перапрацоўцы насення рапсу”. Для яго рэалізацыі неабходна ўкладанне інвестыцый у аб’ёме 3,7 млрд рублёў на набыццё сушылкі ЗСК-20 з дванаццацю ёмістасцямі для захоўвання зерня і аўтамабільных вагаў. Тэрмін рэалізацыі – адзін год, акупіцца павінен праз пяць. Рэнтабельнасць вытворчасці складзе 30%. Плануецца стварыць дадаткова дзесяць рабочых месц. У выйгрышы будзем усе мы, бо дзякуючы гэтым праектам знізіцца працэнт датацыйнасці нашага раёна. Няхай добрыя пачынанні і ініцыятыва працаўнікоў ААТ “Брагінаграсэрвіс” знаходзяць падтрымку і разуменне спонсараў, а жадаючых супрацоўнічаць з імі будзе больш.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *