ФЕСТЫВАЛЬНЫ ТЫДЗЕНЬ

Грамадства

Цырымонія адкрыцця сямнаццатага па ліку Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, які ўжо паспеў за гады свайго існавання стаць адным з найбольш важных і прадстаўнічых кінафорумаў на постсавецкай прасторы, адбылася ў Палацы Рэспублікі ўчора. Зноў з’явілася цудоўная магчымасць убачыць лепшыя работы сусветнага кінематографа і акунуцца ў атмасферу сапраўднага свята. А ў нашым раёне на працягу фестывальнага тыдня ўвазе гледачоў прапаноўваюцца айчынныя мастацкія стужкі.


ККУП “Брагінкінавідэасетка” запрашае аматараў кінамастацтва ў раённы Дом культуры ў панядзелак, восьмага лістапада, на вячэрні прагляд фільма “Кадэт”, які на першым кіеўскім міжнародным кінафестывалі атрымаў дыплом у намінацыі “За лепшы акцёрскі ансамбль”. Дзеянне карціны адбываецца ў першае пасляваеннае лета ў Заходняй Беларусі, галоўны герой –  курсант сувораўскага вучылішча. А для юных гледачоў у гэты ж дзень на шырокім экране будуць прадэманстраваны “Навагоднія прыгоды ў ліпені”, знятыя  Аленай Туравай. Казачная гісторыя пра тое, як Дашка Катастрофа і яе сябра Саша трапляюць у віртуальны свет, дзе пануе злы, уладалюбівы Гала-Вірус. Ён марыць знішчыць усе святы і асабліва Новы год – разам са Снягуркаю і Дзедам Марозам. Ды толькі недаацаніў сучасных дзетак…


І яшчэ адзін фільм — напамінак пра тое, што адбывалася ў нашай краіне і праз якія выпрабаванні прайшоў савецкі народ, – можна будзе паглядзець 12 лістапада. Гэта кінадрама “Ваўкі”.
Да ведама: для юнакоў і дзяўчат, якія з’яўляюцца прадстаўнікамі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, дзейнічаюць 25-працэнтныя скідкі з кошту білета. Цікавага прагляду!


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *