ГАЛОЎНАЯ ПРЫСТАНЬ — БАЦЬКОЎСКАЯ ХАТА

Грамадства

Даволі жвавая і руплівая Юлія Сцяпанаўна, убачыўшы на парозе гасцей, адразу ж замітусілася: твар расплыўся ўсмешкай, а на стале з’явілася каробка расійскіх цукерак. У першую чаргу – пачаставаць. “Дачка на днях гасцявала, у Маскве цяпер. Працуе ў супермаркеце. Прыязджае рэдка, ды чаго толькі ні прывозіць: і далікатэсаў усялякіх, і ўбранняў. Куды  ў вёсцы ўсё гэтае апранаць?..”


Пачуццё гонару за сваіх крывінак не дазваляе гаспадыні ўтрымацца: праз некалькі хвілін размовы дастае з шафы шыкоўныя блузы і кофты, спяшаецца паказаць хатнія боцікі з аўчынкі – усё падаравалі дзеці.  І такая шчодрасць, шчырае жаданне несці радасць родным, веліч чалавечай душы – ад маці, якая дзеля дабрабыту сям’і ніколі не шкадавала сябе. Дастатак і шчасце ў доме для яе заўсёды асацыіраваліся з сумленнай працай і прыстойным ладам жыцця, а не з чаканнем падарункаў ад лёсу. Таму зусім не дзіўна, што дзеці Юліі Сцяпанаўны нават у складаныя для ўсяго грамадства часы ні ў чым не адчувалі патрэбы.


Успамінае, як калісьці, на крутым павароце гісторыі, заможнікаў пачалі адносіць да катэгорыі кулакоў, і пры гэтым ніхто не задумваўся, якой цаной здабывалася прыдбанае. “Вясной саджай, летам даглядай, восенню збірай ураджай, зімой прадзі…” –  расказвала некалі  пра сваё жыццё Юліі Сцяпанаўне маці. І, як ні дзіўна, засталася ўдзячнай савецкай уладзе, якая раскулачыла іх гаспадарку. Але прагу да працы як асновы жыцця, пачуццё адказнасці за дзяцей, з якіх Юлія была малодшай – дзявятай, пранесла да скону. Трапяткія ўзаемаадносіны і падтрымка адзін аднаго ў цяжкія хвіліны  яшчэ больш згуртоўвалі вялікую сям’ю.


Калі ў родную вёску Дублін прыйшлі немцы, 10-гадовая дачурка асабліва баялася за жыццё маці: бацька і старэйшыя браты на фронце, а з роднымі абаронцаў Айчыны нярэдка размовы былі кароткія, магла пасцігнуць і кара. Некалькі чалавек за непадпарадкаванне ворагам расстралялі прама на вачах у мірных жыхароў.


“Новы парадак”  прадугледжваў прымусовыя работы, таму  Юлія разам з маці штодня накіроўвалася то ў поле, то на кухню – куды пашлюць акупанты, абы побач. Ды не ўсе сярод іх былі маладушныя. Літасць і чалавечнасць аднаго нямецкага  афіцэра, які ўсяляў маці надзею на хуткае завяршэнне вайны і вяртанне сыноў дахаты, дагэтуль адгукваюцца цеплынёй у душы. Гэта дзякуючы яму хатняя гаспадарка сям’і засталася некранутай. Ды і прадчуванні набліжэння вызваленчай аперацыі спраўдзіліся.


Як толькі распаўсюдзіліся чуткі пра імклівыя атакі савецкіх войскаў, сельскія жыхары кінуліся хавацца ў лес і акопы, каб азлобленыя фашысты не ўчынілі над імі расправы. З жахам назіралі здалёк, як палала школа, дзе размяшчаўся нямецкі шпіталь, думалі, што падпаляць і вёску. Ды, на шчасце, абышлося: назаўтра ў Дублін увайшлі свае.


Двое братоў так і не вярнуліся з палёў бою, адзін застаўся інвалідам і заўчасна памёр. А з цягам часу не стала і бацькі, маці… Цяпер з усёй вялікай сям’і засталася толькі Юлія Сцяпанаўна.


Азмрочанае вайной дзяцінства, вядома, пакінула балючы след. Ды пасля перамогі над ворагам ужо нічога не перашкаджала спакойна працаваць і будаваць планы, радавацца жыццю. Учарашняя дзяўчына-падлетак так і расцвіла на вачах прыгажуняй-кветкаю, і любая работа гарэла ў яе руках. Нявеста не толькі прыкметная, але і зайздросная.


У  1952 годзе выйшла замуж за Цімафея Нікалаенку, былога франтавіка.  На свет з’явілася трое  дзяцей, ды… Аднаму не суджана было жыць. А бяда, як кажуць, не прыходзіць адна — у двухгадовым узросце на аперацыйны стол паклалі сына. Душа разрывалася на часткі, а празмерныя хваляванні выбелілі валасы маладой маці ў сівізну. Нават зараз успамінае пра гэта з пякучым болем у сэрцы.


А пра сваіх дзяцей, унукаў Юлія Сцяпанаўна сёння, здаецца, можа расказваць бясконца: асвятляюць сэнсам яе жыццё. І хаця цяпер далёка за межамі Беларусі, у родныя мясціны спяшаюцца з радасцю. Такія ж жаданыя ў доме і любімыя — нявестка-ўкраінка і зяць-асецін, перад якімі ніколі не дэманстравалася нейкае  вяршэнства ці перавага, таму і прыхільнасць узаемная. Лепшай дарадчыцай і сяброўкай  паспела стаць для ўнукаў, і тыя яшчэ з маленства засвоілі мудры наказ бабулі прытрымлівацца на жыццёвым шляху толькі маральна чыстага, добрага і карыснага. У гэтым Юлія Сцяпанаўна сама заўсёды была лепшым прыкладам.


У свае амаль восемдзесят разважае: “Не разумею маладых, якія жывуць у вёсцы і не маюць з уласнай гаспадаркі кавалка сала ці малака, а толькі скардзяцца, што не хапае грошай. Вясковы падворак заўжды прыносіў селяніну выгаду”. І праца на ім для Юліі Сцяпанаўны была па сутнасці “другой зменай” пасля калгаснай. Як толькі, здаецца, паспявала пры гэтым быць пераможцай сацыялістычных спаборніцтваў, ударніцай пяцігодак? Нават пуцёўкай за мяжу  заахвоцілі.  Так  што  пашчасціла і ў Германіі, і ў Чэхаславакіі пабываць.
Часам уздыхне: “Усяго хапіла…” На хвіліну засумуе. І тут жа па-іншаму зірне на пройдзены шлях: “Праца ўсё-такі ўпрыгожвае, выратоўвае чалавека, не дазваляе быць бяссільным, узамен дорыць радасць ад сваіх здабыткаў. Я сапраўды шчаслівая… ”.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *