НА СТАРОНКАХ ГАЗЕТЫ – НАША ЖЫЦЦЁ

Грамадства

Раённая газета “Маяк Палесся” прыходзіць у мой дом пастаянна, і калі пачынаецца чарговая кампанія, абавязкова афармляю падпіску. На маю думку, калі жывеш у гэтым раёне, дык павінен ведаць пра яго гісторыю, культуру, сацыяльна-эканамічнае развіццё, перспектывы на будучае. Усім знаёма прывычная жыццёвая сітуацыя: едзеш з чалавекам у аўтобусе або цягніку, і ў твайго выпадковага суразмоўцы, які ні разу не быў на Брагіншчыне, узнікае нямала пытанняў наконт таго, як жывуць, працуюць людзі, якая тут сітуацыя, што чакае раён у далейшым. Не ведаю, што можа адказаць на іх чалавек, які нічым не цікавіцца. А пра ўсё гэта можна прачытаць на старонках мясцовага выдання. Добрае ўражанне пра гэты цудоўны край, карэнных жыхароў застанецца ў спадарожніка, калі пачуе з тваіх вуснаў пра цікавыя праекты, працоўныя дасягненні, развіццё фермерства, рэканструкцыю і будаўніцтва, прыход інвестараў.


Мне асабіста цікава ўсё, нават рэцэпты, якія змяшчаюцца, не застаюцца незаўважанымі. Адзін з іх апрабавала ў час нарыхтовак гародніны на зіму. Аб’явы, віншаванні, рэклама, хаця яе і не вельмі многа – для нас, чытачоў. Каб ведалі, куплялі, карысталіся паслугамі.


Сама я родам з Аляксееўкі, раней яна ўваходзіла ў калгас “XVIII партз’езд”, а зараз – у КСУП “Малажынскі”. Хаця жыву і працую ў Брагіне, сачу за развіццём гаспадаркі, працай землякоў. Жывёлаводы мясцовай фермы дабіваюцца добрых вынікаў. Нядаўна раёнка расказвала пра загадчыка Аляксееўскай МТФ Уладзіміра Прышчэпава, якога добра ведаю, быў змешчаны і яго здымак. Прыемна, што на маёй малой радзіме адбываюцца такія змены. Сучаснае жывёлагадоўчае памяшканне пабудавана па Указу Прэзідэнта ў КСУП «Малажынскі». Дарэчы, з’явіліся яны ў кожным раёне, а ў нашым вырашылі такую ферму здаць у эксплуатацыю менавіта ў в. Малажын.


Шмат расказваецца і пра развіццё культуры, спорту. Пачуццё гонару адчуваеш, калі даведваешся з газетных артыкулаў пра ўзнагароды і дыпломы, якімі адзначаюць творчасць і талент самадзейных артыстаў.


Пра дапамогі, пенсіі таксама можна прачытаць у “Маяку Палесся”. Ёсць старонкі, адрасаваныя спецыяльна нам, жанчынам, усёй сям’і. Вялікі дзякуй супрацоўнікам газеты за матэрыялы разнастайнага характару.


Кацярына МАРУЧОК,
эканаміст аддзела культуры



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *