Роднае аб родным

Грамадства

Я карэнны брагінчанін. У гэтым прыгожым гарпасёлку нарадзіліся, жылі і сумленна працавалі мае дзядуля, бацька. Наш дом размяшчаўся на вуліцы Кірава. Да дзявятага класа вучыўся ў рускай школе (пазней у гэтым будынку адкрылі музей з карціннай галерэяй), а заканчваў ужо  Брагінскую сярэднюю. Потым была вучоба ў тэхнікуме, пасля – служба ў арміі, пасада брыгадзіра ў калгасе,  паступленне  ў  сельгасакадэмію.


З 1979-га пастаянным месцам працы стала ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання. Спачатку на пасадзе агранома-насеннявода, а ў далейшым – аграхіміка. Тры дзесяткі гадоў у адной арганізацыі праляцелі, здаецца, як адно імгненне. Перажыў тут і самы неспрыяльны перыяд, калі пасля выбуху на атамнай станцыі давялося займацца дэзактывацыяй мясцовасці… Пасля ўсяго, што пройдзена, зроблена, засталося ў памяці і сэрцы, размовы аб тым, выпісваць раёнку ці не, і быць не можа. Яна ж – частка маёй біяграфіі,  неад’емны атрыбут  паўсядзённага жыцця. Як на далоні, у “Маяку Палесся” адлюстраваліся і радасныя, і сумныя падзеі. З яго многае браў для сябе бацька, Рыгор Паўлавіч, з ёй сябруе і мая сям’я.


Пройдуць гады, і нашы ўнукі змогуць даведацца, як развіваўся раён, перагарнуўшы старонкі мясцовага выдання. Ведаю: многія захоўваюць асобныя артыкулы, фотаздымкі, нарысы. Пра людзей пішацца шмат. І нават праграма тэлеперадач на тыдзень змяшчаецца тут  з  улікам, што многія глядзяць праграмы ўкраінскага тэлебачання. Роднае аб родным – так коратка можна назваць мае адносіны і стаўленне да мясцовага выдання. Яму быць, як і гэтаму раёну.


Рыгор ПОКРЫШКА,
чытач са стажам



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *