СПРАВА ГОНАРУ

Грамадства

Пра такіх, як Валянцін Бельчанка з КСУП “Саўгас “Камарынскі” гавораць: на сваім месцы.  Ён — сумленны вадзіцель, якога  паважаюць, да якога заўсёды звяртаюцца за парадай.


Жыццёвы шлях Валянціна  Яўгенавіча – тыповы для кожнага вяскоўца. Нарадзіўся на Камарыншчыне, у вёсцы з прыгожай назвай Бярозкі. Закончыў Камарынскую сярэднюю школу. Вадзіцельскае пасведчанне атрымаў у час вучобы ў школе ДТСААФ. Да таго, як прызвалі ў армію, працаваў у саўгасе “Краснае”. У Германіі, куды накіравалі юнака, таксама быў вадзіцелем. Адслужыў і вярнуўся дадому, туды, дзе прайшлі шчаслівыя імгненні дзяцінства і юнацтва. Зараз са сваёй сям’ёй жыве ў вёсцы Краснае.


З той пары прайшло дваццаць два гады. Здаецца, нічога за гэты час не змянілася. Толькі гаспадарку далучылі да КСУП “Саўгас “Камарынскі”. І зараз Валянцін Яўгенавіч не здае пазіцый, ён — у ліку лепшых вадзіцеляў, карыстаецца павагай і аўтарытэтам. А колькі тысяч кіламетраў праехаў па знаёмых дарогах,  і не злічыць. І ў камандзіроўку накіроўваюць менавіта гэтага адказнага працаўніка. Яго аўтамашыне “Зіл-130” больш трыццаці гадоў, але працуе як новая. Прыкіпеў да яе сэрцам вадзіцель, яго ўмелыя рукі ведаюць кожную запчастку. Тэхніку ведае на “выдатна”, перадае вопыт моладзі. За якую б справу ні возьмецца, выканае якасна і ў тэрмін. У сельскай гаспадарцы ўсе работы важныя, але самай хвалюючай і адказнай лічыць уборку зерневых.


— Сёлетняе жніво было не з лёгкіх, — гаворыць Валянцін Яўгенавіч. – Яшчэ ні адзін год не даводзілася працаваць у такіх умовах, што нават асфальт плавіўся. Але ж хлебаробы выстаялі, перамаглі спякоту і сабралі ўраджай да апошняга каласка, а затым заклалі фундамент будучага.
Клопатаў на сяле заўсёды хапае, асабліва такім працавітым, як Валянцін Бельчанка.


Таццяна ЦІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *