Таннае жыллё, чыстая вада

Грамадства

22  лістапада  старшыня  аблвыканкама  Аляксандр  Якабсон  сустрэўся  з  прадстаўнікамі  раённых,  абласных і рэспубліканскіх сродкаў масавай  інфармацыі. У час гутаркі Аляксандр  Серафімавіч  адказаў  на  пытанні, якія датычыліся фінансава-эканамічнага становішча  і  перспектыў развіцця   Гомельшчыны,  рэалізацыі  дзяржаўных  праграм і іншых  бакоў  жыцця  вобласці.


Будаўніцтва жылля – адно з найбольш важных пытанняў, якое цікавіць амаль кожнага. Старшыня аблвыканкама згадзіўся з тым, што ў раённых цэнтрах існуе праблема з фарміраваннем жыллёва-будаўнічых кааператываў, якая звязана ў асноўным з высокімі працэнтамі стаўкі рэфінансавання крэдытаў для будаўніцтва. “Наколькі я ведаю, наша ініцыятыва аб зніжэнні стаўкі для забудоўшчыкаў у райцэнтрах да 1% закладзена ў праект Указа Прэзідэнта”. На думку губернатара, гэты крок здыме праблему.


Удзяляецца вялікая ўвага вытворчым магутнасцям будаўнічых арганізацый. І хоць Гомельшчына па праву ганарыцца самым буйным будаўнічым комплексам у рэспубліцы, да канца гэтага года плануецца павелічэнне магутнасцяў домабудаўнічых камбінатаў вобласці да 320 тысяч квадратных метраў у год. На 2011-ты ў вобласці плануецца ўвесці жылых дамоў у аб’ёме 1 мільён 300 тысяч квадратных метраў.


Аляксандр Якабсон, даючы ацэнку стратам ураджаю, якія былі выкліканы летняй спякотай, паведаміў, што для мінімізацыі ўплыву неспрыяльных кліматычных умоў на новы ураджай у аграрным сектары пашыраюцца пасевы засухаўстойлівых культур (кукурузы, проса, люцэрны, сланечніку), уводзяцца ў севазварот новыя высокаўраджайныя сарты. Неабходна жорсткае вытрымліванне тэхналагічных рэжымаў, падтрыманне ўрадлівасці глебы (своечасовае ўнясенне па тэхналагічных схемах арганічных і мінеральных угнаенняў). Асаблівую ўвагу старшыня аблвыканкама надаў пасевам кукурузы, якая “выратавала нас па кармах”. У 2004 годзе ў вобласці сеялі каля 40 тысяч гектараў кукурузы, а зараз болей 100 тысяч.


Губернатар таксама спыніўся на мерапрыемствах па стварэнні належных бытавых умоў, выкананні сацыяльных стандартаў у малых вёсках. Ёсць адпаведныя праблемы, але развіццё сацыяльнай інфраструктуры вядзецца з такім разлікам, каб не засталіся забытымі малыя населеныя пункты. У кожным раёне вобласці ёсць прыклады, калі менавіта ў невялікіх вёсках будуюцца новыя вытворчыя аб’екты і жыллё для працаўнікоў. Гэта работа працягнецца ў рамках Дзяржаўнай праграмы ўмацавання аграрнай эканомікі і развіцця сельскіх тэрыторый на 2011– 2015 гады. “Упэўнены, што ў вёскі ёсць перспектыва. У нас невялікая краіна, нядрэнныя дарогі, усё болей людзей аддаюць перавагу жыццю за горадам. Недалёка ад Мінска будуюцца гарады-спадарожнікі. Бо гэта ненармальна, калі кожны пяты жыхар рэспублікі жыве ў сталіцы і кожны трэці жыхар Гомельшчыны – у абласным цэнтры”.


Гаворачы аб далейшых планах па рэалізацыі інвестыцыйнай палітыкі на тэрыторыі раёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, Аляксандр Якабсон паведаміў, што з 69 праектаў, прапанаваных аблвыканкамам і накіраваных на сацыяльна-эканамічнае развіццё пацярпелых раёнаў, 51 быў прызнаны эканамічна эфектыўным. Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях прапанаваў гэтыя праекты для ўключэння ў дзяржпраграму па пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС на 2011–2015 гады.


Старшыня аблвыканкама назваў вельмі актуальнай для жыхароў Гомельскай вобласці, асабліва палескіх рэгіёнаў, праблему  якасці вады. Для гэтага плануецца будаўніцтва ў сельскай мясцовасці болей за 130 станцый абезжалезвання, будаўніцтва, рэканструкцыя і мадэрнізацыя 70 артэзіянскіх свідравін.


У час прэс-канферэнцыі губернатар адказаў і на іншыя пытанні журналістаў.


Мікалай Чарнабай



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *