УСЯМУ ПАЧАТАК – НАСЕННЕ

Сельское хозяйство

Час бяжыць хутка. Вось ужо на зыходзе і чарговы сельскагаспадарчы год. Некалькі зімовых месяцаў – і зноў пачнуцца палявыя работы. Каб паспяхова справіцца з імі, пасеяць усё ў аптымальныя тэрміны і на высокім агратэхнічным узроўні, неабходна не толькі своечасова адрамантаваць глебаапрацоўчую і пасяўную тэхніку, але і падрыхтаваць насенны матэрыял – давесці да патрэбных кандыцый. Кожны аграном бярэ пад увагу такія паказчыкі, як усходжасць, вільготнасць, прымесі іншых культур, засмечанасць пустазеллем, наяўнасць шкоднікаў, хвароб. Калі хоць адно з гэтага ёсць, насенне прызнаецца некандыцыйным. Такое зерне не прыдатна для сяўбы.


Пад ураджай-2011 гаспадаркам разам са страхавым фондам  неабходна засыпаць 1409 тон насення яравых зерневых і зернебабовых культур. Што ж мы бачым на сёння? На 15 лістапада ў інспекцыю дастаўлена 927,4 тоны, праверана 849, з якіх 549 – кандыцыйныя, астатнія 300,4 тоны патрэбна дапрацаваць.


З агульнай колькасці не хапае дзвюх тон грэчкі, насенне якой агранамічныя службы гаспадарак набываюць у Гомельскім раёне.


Зараней паклапаціліся аб насенні ў  КСУПах  імя Жукава, “Брагінскі” і “Малажынскі”. Маруднымі тэмпамі вядзецца работа ў КСУП “Пераможнік”, дзе налічваецца толькі 56 тон кандыцыйнага насення (план — 141,6 тоны), у КСУП “Саўгас “Камарынскі” – 71 (план – 239). А вось у гаспадарках “Брагінка” і “Чамярыскі” няма ніводнай тоны кандыцыйнага. 


Разам з гэтым аграномам нельга забываць і пра перазалужэнне сенажацяў і пашаў, бульбу. Для атрымання высокіх ураджаяў вясеннюю пасяўную неабходна правесці толькі высокакандыцыйным насеннем, якое павінна быць праверана і засыпана да 1 снежня.


Мікалай ДЗЕГЦЯРЭНКА,
начальнік Брагінскай раённай дзяржаўнай інспекцыі па
насенняводстве, каранціне і ахове раслін



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *