“Ёсць замест прыватнай неўміручасці бессмяротнасць нацыі тваёй”

Грамадства

26 лістапада споўнілася 80 год  з дня нараджэння класіка  беларускай літаратуры  Уладзіміра  Караткевіча. Паэта, празаіка, драматурга, сцэнарыста, эсэіста, які многае сказаў пра сваіх сучаснікаў, іх духоўны свет, смела ўзняў некранутыя пласты, пайшоў няходжаным шляхам – па сутнасці, стварыў беларускую гістарычную прозу, паспрабаваў знайсці тыя масткі, што злучаюць сённяшняе з мінулым.


Караткевіч быў такім самым жыццялюбам, як і яго героі (Выліваха, Алесь Загорскі), такім жа неабыякавым да жыцця і сваёй  Бацькаўшчыны. І да сябе, і да свету ён ставіўся з той доляй гумару ды іроніі, з якой мусіць ставіцца да нястачаў ды перашкодаў мудры чалавек. Ён  быў наскрозь беларусам, як кажуць у народзе, ад макаўкі да пятак. І культываваў беларускасць не толькі ў жыцці, але і ў мастацтве, музыцы, літаратуры. Ён нават надаў сваю інтэрпрэтацыю Чыстцу з Арахнаю, пакою Смерці, а разам з імі і ўваходу ў апраметную — адмыслова для беларуса, як на яго, бліжэйшы ўваход у пекла “ляжыць на дне Равучага возера, што пры Іпуці (нездарма ж там так раве вада, нібы нехта глытае яе на дне). Кажуць, гэта зроблена, каб ніхто з жывых не трапіў у апраметную і яшчэ каб жывіць падземныя воды і катлы…” Шлях суправаджала адпаведная атмасфера — пачвары, што лётаюць над галавой, зомбі, што стогнуць у рацэ Леце, істоты са зламанаю воляй, што бясслоўна выконваюць ліхія загады, — на cушы. Караткевіч сцвярджаў сусветныя ўніверсаліі праз уласна беларускае.


Праз асабістае ён праходзіў да ўніверсальнага, праз універсальнае  вяртаўся да асабістага. Магчыма, менавіта таму яго творы — удзячная глеба для параўнальнага аналізу з іншымі літаратарамі еўрапейскага маштабу, хаця, безумоўна, перад усім у яго творах выяўляецца нацыянальная спецыфіка.  Яны напісаныя  для людзей яго зямлі… Таму, хто чытаў творы Караткевіча, можа, нават на падсвядомым узроўні, прывіваўся ген беларускасці, любоў да Бацькаўшчыны.
Пісьменнік  пастуліраваў,  што ў  нас,  беларусаў,  ёсць  свая адзіная, Богам дадзеная, зямля (“на якой Бог жыве”), і каб быць вартым заступнікам для яе, мы мусім дбайна і шчыра працаваць на яе карысць.  Душа нашая непадзельная ад мовы, бо “толькі на ёй можа народ найбольш поўна выказаць сябе». Але разам з тым трэба шанаваць і іншыя мовы, якія дадзены Нябёсным Гаспадаром іншым народам. Мы ствараем гісторыю сваімі сэрцамі і рукамі: гісторыю ўласнага кахання і гісторыю сваёй Айчыны. І гэтым мы застанемся ў памяці.


“Трэба працаваць. Не для сябе, а для маёй роднай краіны, для Беларусі, якой, калі дазволіць лёс,  я паслужу,  колькі  будзе дадзена дзён, – многа або мала, але да канца,” – так вызначыў сваё жыццёвае і творчае крэда Уладзімір Караткевіч. І калі мы будзем жыць паводле яго пастулатаў, ніколі ў нас не ўзнікне комлексу нацыянальнай непаўнавартасці.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *