З Фінляндыі накіруецца ў Швецыю

Грамадства

Загадчыцу амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Таццяну Катлабай дома застаць у апошні час практычна немагчыма. Нядаўна толькі вярнулася з Фінляндыі, а ўжо ў бліжэйшы панядзелак паедзе ў Швецыю. Мэта наведвання гэтых краін – вучоба, перайманне вопыту. Справа ў тым, што Таццяна Уладзіміраўна ўдзельнічае ў міжнародным пілотным праекце, які прадугледжвае пашырэнне паўнамоцтваў сярэдняга медыцынскага персаналу пры аказанні пярвічнай медыцынскай дапамогі.


Каб ён пасля спецыяльнай падрыхтоўкі мог і рэцэпт выпісаць, і лісток непрацаздольнасці адкрыць, як гэта робіцца ў медустановах Еўропы. Замяніць, адным словам, урача. Вядучыя партнёры праекта – шведы і фіны, удзельнічаюць у ім і прыбалтыйскія краіны.


У Фінляндыі праходзіла падрыхтоўку пры ўніверсітэце, дарэчы, яго заканчваюць усе медсёстры. Зараз прадстаіць такая ж вучоба ў Швецыі, а потым – адкрыццё цэнтра для навучання сярэдняга медыцынскага персаналу вобласці на базе амбулаторыі ўрача агульнай практыкі ў Новай Іёлчы, дзе Таццяна Уладзіміраўна працуе. Чаму навучылася сама, павінна перадаць іншым.


Таму старанна ўсё канспектуе, задае шмат пытанняў, дзеліцца сваім вопытам. Праз паўгода зноў паедзе ў Фінляндыю, трымаць свайго роду справаздачу аб тым, што ўдалося зрабіць у сябе дома.


Нам жа застаецца крыху пачакаць, калі ўсё новае, перадавое будзе ўкаранёна ў практыку. У выйгрышы апынуцца сельскія жыхары, ім кваліфікаваную медыцынскую дапамогу акажуць на месцы, а ў паліклініках Брагіна і Камарына зменшацца чэргі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *