ЗАДАЧЫ СТАВЯЦЦА, КАБ ІХ ВЫКОНВАЦЬ

Сельское хозяйство

Вынікі  работы  жывёлаводаў   раёна за  дзесяць  месяцаў  бягучага года былі  падведзены  на  базе  КСУП  імя  Жукава


ВЫТВОРЧАСЦЬ – НА  СУЧАСНЫ ЎЗРОВЕНЬ


Перад наведваннем аб’ектаў дырэктар КСУП імя Жукава Рыгор Дзегцярэнка пазнаёміў са станам спраў у вытворчых падраздзяленнях, расказаў, што новага ўкаранілі ў практыку ў апошні час. Кіраўнік упэўнены: без тэхнічнага пераўзбраення, сучасных тэхналогій у вытворчасці не абысціся.


Удзельнікі семінара пабывалі на малочнатаварных фермах, пацікавіліся, як ідуць справы ў жывёлагадоўлі, наколькі падрыхтаваны памяшканні да зімы. Яны ацанілі ўклад калектыву ў рэканструкцыю і аднаўленне ферм, якія вядуцца гаспадарчым спосабам. Патрэбна адзначыць, што ў лепшы бок змянілася і прыфермская тэрыторыя, якую абгарадзілі, раздыскавалі, дарогу і пад’езды заасфальтавалі.


Уся жывёла, а гэта 2795 галоў, размешчана на чатырох фермах у 19 памяшканнях. На МТФ “Мікулічы” адрамантавалі старое памяшканне, якое доўгі час пуставала, зрабілі кармавы стол. Зараз тут размешчаны нецелі на раздоі.


Правялі рэканструкцыю хлява для дойнага статка на 150 кароў, устанавілі малакаправод. Здаецца, патэнцыял да павялічэння надояў ёсць, але ў гэтыя дні аператары машыннага даення атрымліваюць на гэтай ферме ўсяго па чатыры кілаграмы малака ад каровы. У чым жа прычына? Па словах Рыгора Рыгоравіча, цяжка знайсці добрасумленных даярак, якія б душой хварэлі за справу. Ды і каровы ў запуску. Пасля ацёлаў сітуацыя павінна змяніцца.


Не абмінулі і МТФ “Буркі”, паглядзелі, як кормяць пагалоўе, што ў зімовым рацыёне, як праходзіць стойлавае ўтрыманне. Тут пачала працаваць устаноўка для загрузкі патакі. І цяпер у меню дойных кароў пастаянна будзе цукар. 


У належным стане цялятнікі і малочнатаварныя фермы ў Рыжкаве. У двух памяшканнях утрымліваецца каля 280 дойных кароў. Менавіта тут надойваюць больш усіх малака ў гаспадарцы. Створаны неабходныя ўмовы для малых цялят. У месячным узросце яны пераходзяць у клеткі-домікі, якія набылі для кожнай фермы. Тут, на свежым паветры, цяляты менш хварэюць і прыкметна прыбаўляюць у вазе.


У час семінара прысутныя звярнулі ўвагу на ўмовы працы і адпачынку жывёлаводаў. На фермах ёсць бытавыя пакоі. Для аператараў машыннага даення набылі па два камплекты адзення з лагатыпам, якія жанчыны мыюць машынай-аўтаматам. Патрэбна адзначыць, што і санітарныя ўмовы значна палепшыліся. У памяшканнях чысціня, парадак, ёсць адпаведная нагляднасць. Працаўнікі могуць азнаёміцца з навінамі прафсаюзнага жыцця, з умовамі маральнага і матэрыяльнага стымулявання. Тут – і вынікі працы жывёлаводаў.


Завіталі і на машынна-трактарныя двары, якія знаходзяцца ў Бурках і Мікулічах. Прысутныя адзначылі, што тут адбыліся значныя змяненні. Тэрыторыя агароджана, заасфальтавана. Ёсць рамонтныя майстэрні. Знайшлі памяшканне і для пункта тэхнічнага абслугоўвання. Тут памянялі вокны, для абагрэву ўстанавілі генератар. Як адзначылі механізатары, у прасторным, светлым і цёплым памяшканні зараз добра працаваць. 


ІМ  МАЙСТЭРСТВА  НЕ  ЗАЙМАЦЬ


Той, хто ўкладвае душу ў справу, дасягае добрых вынікаў. Гонар сельгаспрадпрыемства — Васіль Пікуль, у яго самыя высокія надоі ў раёне. За 10 месяцаў ад кожнай каровы атрымаў у сярэднім 6289  кілаграмаў малака. Працуе разам з ім на МТФ “Рыжкаў” Таццяна Ганчар. Каля пяці з паловай тысяч кілаграмаў – такі ў яе вынік. Каля чатырох тысяч кілаграмаў малака ад каровы надаіла і Ніна Пікуль. У ліку лепшых аператараў машыннага даення МТФ “Конанаўшчына” —   Валянціна Пінчук, Ала Фядун, Юлія Здор, МТФ “Буркі” – Валянціна Козырава.


Большых прываг дабіваецца жывёлавод Валерый Шкурко. На яго групе сярэднясутачныя прывагі за 10 месяцаў склалі 639 грамаў.


Каб мець малако і мяса, статак неабходна аднаўляць, весці племянную работу. На МТФ “Буркі” ў пункце штучнага асемянення працуе Святлана Ігнаценка. Да яе за дапамогай звяртаюцца і вяскоўцы, якія трымаюць у асабістых гаспадарках жывёлу.


ЗМЯНІЦЬ “МІНУС” НА “ПЛЮС”


Вынікі работы аграпрамысловага комплексу за 10 месяцаў падвяла начальнік аддзела эканомікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянціна Дзегцярэнка. А яны не суцяшальныя. Прагнозныя паказчыкі ўсімі катэгорыямі гаспадарак выкананы толькі на 92,7%. Грамадскі сектар забяспечыў прырост прадукцыі на 90,9%. Заданне па тэмпах росту вытворчасці валавой прадукцыі аказалася не па сілах сельгаспрадпрыемствам.
Пагалоўе буйной рагатай жывёлы знізілася на 1,4%, ці на 375 галоў, і склала 26 504, свіней – на 6,9% (на 166 галоў).
Вытворчасць мяса ў парананні з мінулым годам павялічылася на 14,3%. Сярэднясутачныя прывагі склалі 588 грамаў (+74 г).


Цалкам выканана заданне па вытворчасці мяса БРЖ. З пачатку года рэалізавана 2070 тон жывёлы, ці 125,5% да ўзроўню 2009 года.


А вось вытворчасць свініны знізілася на 3,1%. Асноўная прычына – нізкія сярэднясутачныя прывагі (232 грамы), закрыццё свінафермы ў КСУП “Саўгас “Краснае” ў сувязі з рэарганізацыяй гаспадаркі.


Павялічылася вытворчасць малака на 6,1%. Удой склаў 3842 кілаграмы (+200 кг). Ніжэй сярэднераённага паказчыка ён у КСУПах імя Жукава, “Брагінка”, “Чамярыскі”, “Малажынскі” і “Саўгас “Камарынскі”.


Заданне па вытворчасці малака выканана толькі на 92,9%. Адной з прычын недаатрымання стала памяншэнне расцёлаў кароў і цёлак.


За студзень-кастрычнік прададзена ў заліковай вазе 16 685 тон малака, 74,1% – вышэйшым гатункам і 10,8% – гатункам “экстра”.


Таварнасць па раёне склала 79,2% . Вышэй яна ў КСУПах імя Жукава, “Брагінка”, “Чамярыскі”, “Пераможнік” і “Саўгас “Камарынскі”.


Праінфармавала Валянціна Рыгораўна аб закупе малака і маладняку ў насельніцтва. На жаль, і тут  заданне не выканана.


Што датычыцца фінансавай дзейнасці, то за 10 месяцаў атрымана 13 321 млн чыстага прыбытку. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі склала 3,6%, выручка – 37 009 млн рублей, на аднаго працуючага – 27,2 млн. Сярэднямесячны заробак – 700,5 тысячы рублёў.


Як адзначыў галоўны заатэхнік райсельгасхарчу Пётр Пінчук, не лепшым чынам складваецца сітуацыя з вытворчасцю малака ў гэтым месяцы. Чатыры гаспадаркі знізілі яго продаж да ўзроўню мінулага года. А ў КСУП “Чамярыскі” ён склаў толькі 65%. Каб выправіць становішча і змяніць “мінус” на “плюс”, неабходна арганізаваць дыферэнцыраванае кармленне кароў, узмацніць тэхналагічную дысцыпліну.


Зараз ідуць расцёлы, для павелічэння пагалоўя вельмі важна зберагчы маладняк. Кароў, якія нядаўна ацяліліся, неабходна правільна раздаіць, арганізаваць дзяжурствы даярак на фермах. А калі ёсць збоі ў тэхналагічным працэсе — недакармілі, недапаілі, — тады аб якой вытворчасці малака можа ісці гутарка, — падкрэсліў заатэхнік-селекцыянер Іван Кучык.


“Выраслі” і па такім паказчыку, як невытворчае выбыццё буйной рагатай жывёлы. За 10 месяцаў у гаспадарках загінула 658 галоў (+48 да ўзроўню мінулага года). Аб гэтым інфармаваў намеснік галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна Уладзімір Сніцарэнка.


Вядома, на выкананне прагнозных паказчыкаў сёлета паўплывалі кліматычныя ўмовы. Але ж нельга забываць і аб чалавечым фактары. Там, дзе да сваіх абавязкаў адносяцца з адказнасцю, і вынікі адпаведныя. Лепш не  спасылацца на надвор’е, а  сумленна працаваць.


Таццяна ЦІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *