АКТЫЎНА І СВЯДОМА

Грамадства

Перад уваходам на Савецкі выбарчы ўчастак мяне ахапіла пачуццё хвалявання. Менавіта тут вырашаецца лёс нашай краіны, кожнага з нас, бо ад таго, за каго прагаласуем, залежыць многае. Як будзем жыць, якую палітыку на міжнароднай арэне і ўнутры дзяржавы будзе праводзіць прэзідэнт і яго каманда. Тут настолькі  было строга і ўрачыста, што я не адразу адважылася запытаць у намесніка старшыні ўчастковай выбарчай камісіі Сяргея Прыходзькі, ці ўсё гатова да галасавання. На гадзінніку – 9.30. “Пачакайце, мы яшчэ не ўсё падрыхтавалі. Урну апячаталі, бюлетэні выдалі, зараз спісы выбаршчыкаў раскладзём і будзем гатовы прыступіць да работы”.


Першай аддаць свой голас за кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь прыйшла дырэктар Брагінскай школы мастацтваў Іна Ігнацьева. Прызналася, што таксама хвалюецца. Пасля таго, як яе бюлетэнь быў апушчаны ў урну, Сяргей Іванавіч цёпла павіншаваў Іну Веньямінаўну і ўручыў ёй гісторыка-дакументальную хроніку — кнігу “Памяць. Брагінскі раён”.


— У мяне адзін прэзідэнт, — сказала яна. За яго і прагаласавала. Дарэчы, такой думкі прытрымліваюцца і мае родныя.


Праз некалькі хвілін на ўчастку з’явіліся вадзіцелі Брагінскай ЦРБ Аляксандр Цалуйка і Вячаслаў Кузьменка, а потым – калектыў бухгалтэрыі аддзела культуры. Людзі ішлі выбіраць сваю будучыню.


За працэсам датэрміновага галасавання назірала прадстаўнік Рэспубліканскай партыі Таццяна Высоцкая.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *