БЫЛО, ЁСЦЬ, БУДЗЕ

Праздники и будни

Чакаем і глядзім, здзіўляемся і суперажываем, знаходзімся пад уражаннем. А потым доўга абмяркоўваем і гаворым, як пра падзеі з уласнага жыцця. Значыць, кіно па-ранейшаму застаецца самым важнейшым з мастацтваў, здольным прыцягваць увагу шырокай аўдыторыі. Як блізкімі і добра знаёмымі, так і новымі тэмамі, формамі, жанрамі. І пры гэтым кожная краіна трымаецца за тое, каб захаваць у ім сваю адметнасць.  Таму зусім не дзіўна, што беларускія кінастужкі аб’ядноўвае вечнае, не падуладнае часу і зразумелае кожнаму: высокія маральныя  і  эстэтычныя ідэалы, гуманістычныя традыцыі, дух народа. Нашы нацыянальныя рысы.


Сваю гісторыю беларускае кіно, дарэчы, вядзе ўжо 86 год.


Пачатак быў пакладзены 17 снежня 1924 года, калі згодна з пастановай Савета народных камісараў БССР арганізавалі Дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі (трэст “Белдзяржкіно”). Праўда, першыя айчынныя стужкі здымалі не ў Мінску, а  ў  Ленінградзе, бо ў разбуранай грамадзянскай вайной Беларусі адсутнічалі ўмовы для стварэння вытворчай базы.


Першыя крокі – гэта пераважна хранікальна-дакументальныя фільмы. Але поспех сябе чакаць не прымусіў – зняты ў 1926 годзе рэжысёрам Юрыем Тарычам мастацкі фільм “Лясная быль” па аповесці М. Чарота ўвайшоў у скарбніцу сусветнага кіно.


На “Белдзяржкіно” пачыналі свой творчы шлях у вялікі кінематограф вядомыя расійскія акцёры Мікалай Сіманаў і Барыс Ліванаў (“Кастусь Каліноўскі”), Вольга Андроўская і Фаіна Ранеўская (“Чалавек у футляры”), Міхаіл Яшын і Эраст Гарын (“Паручнік Кіжэ”). Здымкі мастацкіх фільмаў на гэтай студыі, а потым і на створаным пасля Вялікай Айчыннай “Беларусьфільме”  прынеслі вядомасць многім акцёрам-купалаўцам.


І сёння прыцягваюць увагу гледачоў не толькі высокім мастацкім узроўнем, але і простым апавяданнем пра людзей свайго часу фільмы ваеннай тэматыкі: “Гадзіннік спыніўся апоўначы”, “Я родам з дзяцінства”, “Руіны страляюць…”, “Ідзі і глядзі”. Пра яркія факты нашага жыцця і гісторыі распавялі Віктар Тураў, Ігар Дабралюбаў, Барыс Сцяпанаў, Уладзімір Бычко, якія прыйшлі на “Беларусьфільм” у 60-х гадах. Плеяду таленавітых беларускіх рэжысёраў крыху пазней папоўнілі Міхась Пташук, Валерый Рубінчык, Леанід Нячаяў, Леанід Мартынюк. І мы ўжо з гонарам адзначаем, што стужкі “Пра Чырвоны Капялюшык”,  “Прыгоды  Бураціна”, “Горад майстроў”, “Восеньскі падарунак фей” увайшлі ў скарбніцу айчыннага дзіцячага кінематографа, “Праз могілкі” прызнана адной са ста лепшых кінакарцін усіх часоў і народаў, а “Белыя росы” сталі візітнай карткай “Беларусьфільма”.  Не меншай увагі заслугоўваюць “Анастасія Слуцкая”, “Дняпроўскі рубеж”, “Інсайт”, “Ваўкі”, “Снайпер” і іншыя сучасныя айчынныя карціны, якія сведчаць аб арыентацыі  на лепшыя савецкія ідэалагічныя здабыткі  ў спалучэнні са спробамі выпрацаваць нацыянальную кінаэстэтыку.


За дзесяткі год на “Беларусьфільме” было знята больш за 500 мастацкіх, некалькі тысяч дакументальных і 100 анімацыйных твораў. І ўсе гэтыя і іншыя  работы становяцца даступнымі гледачам дзякуючы людзям, якія арганізоўваюць кінавідэапаказ. Толькі ў нашым раёне  на шырокім экране дэманструецца штогод каля паўтары тысячы фільмаў, аб чым клапоцяцца 15 супрацоўнікаў ККУП “Брагінкінавідэасетка” на чале з Уладзімірам Каваленкам. У калектыве цэняць як вопыт сённяшніх ветэранаў, сярод якіх кінамеханікі Рыгор Малочка і Барыс Дзялец, так і стараннасць маладой змены, з цеплынёй успамінаюць былога, бяззменнага на працягу 15 год кіраўніка Васіля Малага. У ліку цяперашніх прафесіяналаў – кінамеханік Пётр Палявы, вадзіцель Міхаіл Камандзірчык і інш. 


Усім – і стваральнікам, і пракатчыкам, і гледачам кіно – шчырыя віншаванні з надыходзячай святочнай датай і найлепшыя пажаданні: творчага натхнення, прафесійнага росту і цікавых прэм’ер!


Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *