МАЯ ВЁСКА, МАЯ ПРАЦА

Грамадства

Некалі жывёлаводы марылі аб кілаграмовых сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы, шасцітысячных надоях малака ад каровы. Сёння гэтыя паказчыкі для некаторых сталі рэальнасцю. Такія надоі атрымліваюць многія працаўнікі нашага раёна. Сярод іх – аператар машыннага даення КСУП “Малажынскі” Алена Панікэ.


На Брагіншчыну сям’я Панікэ прыехала з Малдовы, можна сказаць, наўгад. Спачатку ў пошуку працы, а потым – і  на пастаяннае месца жыхарства. Набылі дом у вёсцы Аляксееўка. Працавітым рукам былі рады ў гаспадарцы, таму прынялі ў калектыў з цеплынёй: Алену Георгіеўну – даяркай, Міхаіла Васільевіча – даглядчыкам.


З таго часу прайшло восем гадоў. Беларусь для малдаўскай сям’і — другая радзіма. Паважаюць іх вяскоцы, для якіх яны сталі сваімі. Трымаюць вялікую гаспадарку, завіхаюцца на агародзе. На падвор’і  ёсць усё, што неабходна для вяскоўца, які жыве не толькі адным днём, але і смела глядзіць у будучае, спадзяецца заўсёды на сябе. Усюды паспяваюць гэтыя шчырыя людзі. У ліку лепшых яны і ў сельгаспрадпрыемстве.


Аб працоўных дасягненнях Алены Георгіеўны ведаюць за межамі сельгаспрадпрыемства. Яна не раз станавілася пераможцай раённых спаборніцтваў, узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Яе фотаздымак – на Дошцы гонару сельгаскааператыва. Шасцітысячныя надоі для жанчыны – ужо рэальнасць. Як і для яе напарніцы, з якой працуюць у адным памяшканні на малочнатаварнай ферме “Аляксееўка”, Тамары Мазянковай. Алена Георгіеўна за 11 месяцаў бягучага года надаіла ад фуражнай каровы па 5220 тон малака, Тамара Тарасаўна  —  па 5231.


—У апошнія гады многа змен адбываецца ў сельскай гаспадарцы, — гаворыць Алена Георгіеўна, — і гэта вельмі радуе. Пасля рэканструкцыі аблегчылася праца аператара машыннага даення. Трыста кароў утраіх доім малакаправодам, ёсць і новае халадзільнае абсталяванне. Гэта дазваляе атрымліваць прадукцыю высокай якасці.


Зараз ідуць масавыя ацёлы, таму большую частку дня дзяжурная даярка праводзіць на працоўным месцы. За суткі на свет з’яўляецца па 3-4 цяляці. Толькі за апошнія два месяцы атрымалі іх каля сотні. Зараз клапатлівыя рукі жанчын выпойваюць 75 гадаванцаў.


Алена Панікэ сумленна выконвае свае абавязкі, на ферму прыходзіць, каб працаваць. Самааддана, плённа. Яна – адказная гаспадыня, якой неабыякава, як накармілі статак, ці ў час прыгналі з пашы. Добра ведае, як выхадзіць цялят, каб забяспечыць стопрацэнтную захаванасць маладняку.


Паважаюць у калектыве старанную даярку, на якую ўскладзена адказная работа. На заробак не скардзіцца – за высокія надоі і аплата  адпаведная.


Як прызнаецца Алена Георгіеўна, у Беларусі адчула сябе патрэбнай. Пашанцавала і гаспадарцы: жанчына аказалася шчырым, добрым чалавекам і працаўніком.


Таццяна ЦІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *