Падпісчык больш чым з паўвекавым стажам

Грамадства

Не кожнае выданне можа пахваліцца тым, што мае  падпісчыкаў з паўвекавым стажам. У “Маяка Палесся” яны ёсць. Адзін з іх — Іван Максімавіч Залугоўскі, цікавы субяседнік, неабыякавы чалавек. Да нас з фотакарэспандэнтам Вольгай Паляшчук ён выйшаў з суботнім нумарам раёнкі, на якім чырвоным стрыжнем былі зроблены  паметкі ў выглядзе невялікіх птушачак. Убачыўшы нашы здзіўленыя позіркі, растлумачыў: “Гэта я адзначыў тыя артыкулы, з якімі пазнаёміўся. Калі перагорнута апошняя старонка і прачытана ўсё да апошняга радка, стаўлю птушку каля літары “М” у загалоўку газеты”. Вось такі зацікаўлены падыход да зместу выдання, да нялёгкай працы журналістаў і іх творчасці.


Сяброўства з раёнкай пачалося ў Івана Максімавіча ў 1946 годзе, калі пераехаў з Лоеўшчыны ў Брагін. Тады назва яе была іншая, на працягу апошніх дзесяцігоддзяў мянялася, але ж прызначэнне заставалася ранейшае: аб’ектыўна інфармаваць насельніцтва аб падзеях у раёне, расказваць, якія мэты ставяць і ператвараюць у жыццё працоўныя калектывы, як іх здабыткі і дасягненні выглядаюць на фоне вобласці і рэспублікі, што чакае жыхароў Брагіншчыны ў бліжэйшай перспектыве.


Наколькі ўсё дорага ветэрану працы тут, наколькі любіць і ведае ён, што адбываецца і жадае захаваць на дзесяцігоддзі, можна меркаваць па тым, што акуратна аформленая  падшыўка газеты захавалася ў яго за апошнія гады, пачынаючы з 1994-га. Як дарагую рэч Іван Максімавіч перадаў яе рэдакцыі. Мы гарталі пажаўцелыя ад часу нумары “Маяка Палесся” і з цікавасцю даведваліся, як праходзіў у краіне рэферэндум, бачылі знаёмыя твары многіх працаўнікоў раёна, праўда, крыху маладзейшыя, чыталі фотарэпартажы і гумарэскі. Гэта ўжо наша гісторыя…


Акрамя раёнкі, у дом Івана Максімавіча прыходзілі “Труд”, “Известия”, “Гомельская праўда”. Раней у “Труде” друкаваліся задачы для шахматыстаў, а праз тыдзень – адказы на іх. Такім чынам  навучыўся гуляць у шахматы,   задач на сёння ў яго сабралася  каля 800. А яшчэ ён любіць працу на зямлі, плёнам рук сваіх дзеліцца з іншымі. Вось такі ён, наш пастаянны чытач.


Вялікі дзякуй вам, паважаны Іван Максімавіч, за Вашы прыхільнасць і памяць, вернасць раёнцы. Доўгага Вам веку. Ведайце, мы працуем для падпісчыкаў і нам прыемна, што змешчанае ў газеце заўважана і ацэнена, засталося для гісторыі.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *