СІЛЫ НАДАЕ РОДНАЯ ЗЯМЛЯ

Грамадства

Сёлета   пераможцамі  раённага  спаборніцтва  сярод  камбайнераў   на   ўборцы  зерневых   і  зернебабовых культур  стаў  экіпаж  з  КСУП “Малажынскі”  ў   складзе  Уладзіміра  Чарнянка   і   Вадзіма  Малага.


Гарачая пара ўжо даўно закончылася, але ўдзельнікі ўборачнай час ад часу ўспамінаюць, калі даводзілася працаваць на полі суткамі. Вядома, стамляліся, але ведалі, што ўбраць хлеб хутка і без страт – іх асноўная задача. Ды яшчэ   паспець і на палеткі вяскоўцаў.


Убіраць ураджай  давяраюць у гаспадарцы адказным, надзейным хлебаробам, хто душой хварэе, як за сваё асабістае. Разам з майстрамі хлебнай нівы і моладзь, якая набіраецца вопыту ў старэйшых.


Уладзімір Дзмітрыевіч – токар. Практыку прайшоў яшчэ на Калінінградскім суднабудаўнічым заводзе. У гаспадарцы працуе з 1996 года. А калі надыходзіць адказны час уборачнай, садзіцца за штурвал зернеўборачнага камбайна.


Сёлетняе жніво для яго дзявятае. Раней быў памочнікам, а два апошнія гады – старшым камбайнерам. Яму дапамагаў малады вадзіцель Вадзім Малы. Нягледзячы на тое, што працоўны стаж юнака налічвае ўсяго тры гады, зарэкамендаваў сябе ў калектыве з лепшага боку. Закончыў Прыбарскае ПТВ, атрымаў прафесію вадзіцеля і вярнуўся ў родную вёску.


З васьмі экіпажаў, якія ўбіралі хлебную ніву ў сельгаспрадпрыемстве, першым тысячу тон зерня намалаціў менавіта гэты. А ўсяго бункер іх новага КЗС-1218, які атрымалі ў гэтым годзе, выдаў на ўмоўны камбайн 1339,7 тоны. Як лічаць хлебаробы, стаць пераможцамі раённага спаборніцтва – вялікі гонар. Тым больш, што працаваць даводзілася ў вельмі цяжкіх кліматычных умовах. Пра перамогу ў той час не думалі, галоўнае было –  у сціслыя тэрміны ўбраць вырашчанае.


– Залатыя рукі ў нашых хлебаробаў, – сцвярджаюць у КСУП “Малажынскі”. – За якую справу ні возьмуцца, зробяць на “выдатна”. Магчыма, сілы ім надае родная зямля.


Да механізатара і вадзіцеля на сяле адносіны паважлівыя. Іх лічаць асноўнымі працаўнікамі на зямлі, без якіх немагчыма развіццё сельгаспрадпрыемства. Вось таму вясковыя хлопцы, з дзяцінства прыкіпеўшы душой да тэхнікі, закончыўшы школу, звязваюць свой лёс з сельскай гаспадаркай. Тым больш, што цяпер цэнтральная вёска Малажын атрымала статус аграгарадка.


Таццяна ЦІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *