ЗАСЛУЖЫЎ ПАВАГУ І АЎТАРЫТЭТ

Общество

На  календары –  снежань. Ужо завяршылі асноўныя палявыя сельскагаспадарчыя работы працаўнікі сяла. Тая тэхніка, якая цяпер не задзейнічана, пастаўлена на захоўванне. Большая частка механізатараў  у зімовыя месяцы мае магчымасць адпачыць, каб з новымі сіламі прыступіць да  веснавой кампаніі. Толькі ў такіх, як Сяргей Пархамец з КСУП “Саўгас “Камарынскі”, працы хапае круглы год.


Сяргей Паўлавіч  – механізатар з дваццацігадовым стажам. Каму, як не яму, ведаць, як ажывае пасля зімовага сну зямля, сагрэтая сонечнай пяшчотай, аб чым шэпча калоссе на зыходзе дня і як зіхаціць раса на світанні…


Нарадзіўся ў вёсцы Асарэвічы, што на беразе  паўнаводнага Дняпра, і не памяняў сельскія краявіды на гарадскія. Пасля службы ў марфлоце вярнуўся дадому, пайшоў працаваць механізатарам у калгас імя Фрунзе. З таго часу мінула два дзесяткі гадоў. Набытае майстэрства, добрасумленныя адносіны да справы дапамаглі Сяргею Паўлавічу заслужыць павагу і аўтарытэт у калектыве, сярод вяскоўцаў. Не цураецца ніякай работы. З ранняй вясны і да позняй восені шчыруе на трактары. Яго ўмелыя рукі выводзяць у поле розную тэхніку: і трактар “МТЗ-1221”, і зернеўборачны камбайн КЗС-10, і кормаўборачны “Ягуар-870”.  Культывацыя, уздым зябліва, уборка зерневых, корманарыхтоўка… За што ні возьмецца старанны працаўнік, выканае ў тэрмін і якасна.


Прозвішча Сяргея Пархамца добра вядома ў раёне. Не раз выходзіў пераможцам раённага спаборніцтва. І сёлета механізатар на “Ягуары” нарыхтаваў 34 677 тон зялёнай масы і сярод трактарыстаў-машыністаў заняў другое месца. Атрымаў Ганаровую грамату і каштоўны падарунак. А колькі мае ўсіх узнагарод, ужо і не злічыць.


Яшчэ з дзяцінства цікавіліся тэхнікай і яго сыны. У час жніва былі ў бацькі памочнікамі. Сёлета вярнуўся з арміі старэйшы, Сяргей, і на КЗС-10 дапамагаў убіраць зерневыя. А раней, яшчэ ў былым КСУП “Саўгас “Краснае”,  у памочніках быў Павел, які цяпер праходзіць вайсковую службу. Добрасумленнымі, адказнымі выхавалі сыноў бацькі, навучылі не баяцца цяжкасцяў.


Таццяна ЦІШКЕВІЧ



Добавить комментарий