Будзе на стале і свініна

Грамадства

Музычная камедыя Івана Пыр’ева “Свінарка і пастух” надоўга  запомнілася гледачам. Прызнаюся, і сама з задавальненнем  гляджу гэтую кінастужку, дзе гераіня  Марыны  Ладынінай  з  такім замілаваннем даглядае парасят,  дабіваецца  значных поспехаў і становіцца ўдзельніцай  ВДНГ,  што не парадавацца за яе нельга. Прафесія свінаркі, якая ў наш час лічыцца непрэстыжнай,  апаэтызавана,  узведзена  ў  ранг. Лепшай рэкламы і не трэба. Калі б у наш час ствараліся такія фільмы, прафарыентацыя давала б свой плён і праходзіла з большым поспехам. Магчыма, і кадраў у сельскай гаспадарцы хапала б.


Работнікі  Малажынскай  свінафермы таксама паказваюць  прыклад сумленных адносінаў да работы.  Кожны год сярод пераможцаў у рэспубліканскім  спаборніцтве   ў  жывёлагадоўчай галіне (іх прозвішчы друкавала “Беларуская ніва”), мы знаходзілі прадстаўнікоў нашага раёна.  Менавіта Іван Давыдоўскі і Рыгор Вінічэнка  з  КСУП “Малажынскі” траплялі ў іх лік і атрымлівалі  грашовую прэмію – па 750 тысяч рублёў.  Даглядаюць яны немалое пагалоўе – парасят  ад  двух да чатырох месяцаў, рамонтны маладняк, адкормкаў. Размешчана  яно  ў  двух хлявах.  Летась  у  адным  з  іх  правялі рэканструкцыю.


На ферме працуе і Валянціна Краўчанка, у яе групе – парасяты на падсосе, захаванасць якіх неабходна забяспечыць. А ўзначальвае калектыў Марыя Новік. У мінулым годзе ва ўрачыстых абставінах Марыю Пятроўну адзначылі граматай і каштоўным падарункам. Мерапрыемства было прымеркавана да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці і праходзіла ў раённым Доме культуры. Сама яна з Петрыкаўскага раёна, на Брагіншчыну прыехала пасля заканчэння Рэчыцкага тэхнікума ў 1975 годзе ў калгас “Першамайск” (ранейшая назва КСУП “Малажынскі”).  Спачатку  працавала  загадчыцай малочнатаварнай  фермы,  а  з  1984-га  – свінафермы.


Каб падначаленыя атрымлівалі добрыя паказчыкі, а з імі – адпаведныя заробкі і прэміі, кіраўніку сярэдняга звяна неабходна правільна арганізаваць іх работу. Без спецыяльных ведаў і вопыту гэта зрабіць было б цяжка.  У  мінулым годзе калектыў  свінафермы атрымаў 1378  парасят, сярэднясутачныя  прывагі  свіней склалі 296 грамаў. Ведаюць, што вынікі могуць і павінны быць лепшымі, да гэтага імкнуцца.


Дарогу на Малажынскую ферму ведаюць не толькі жыхары нашага раёна, але і суседніх. Едуць сюды купляць парасят.  Як  расказала  Марыя  Пятроўна, у 2010-м яны  рэалізавалі  насельніцтву  991 галаву. Так што  і  з  гэтага  пункту гледжання  іх  праца важная і карысная. Дзяржава  ўсяляк  заахвочвае вяскоўцаў у развіцці асабістых  падсобных  гаспадарак.  Няхай набываюць  маладняк,  адкормліваюць яго на падворку,  папаўняюць  харчовыя запасы. Свініну  па-ранейшаму  беларусы  любяць.


Ніна СІНІЛАВА


На  здымку:   загадчыца  Малажынскай свінафермы  Марыя  Новік.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *