НЕ ЎСЁ ПАДПАРАДКОЎВАЕЦЦА ЖАДАННЯМ

Грамадства

 Як  заўсёды, трэці чацвер кожнага месяца дае магчымасць наладзіць жывы, канструктыўны дыялог паміж уладай і насельніцтвам. І не толькі на тэму, што падказвае адзіны дзень інфармавання, – на гэты раз яна датычыла асноўных арыенціраў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2011 годзе, але і на актуальныя надзённыя. Такія сустрэчы дазваляюць жыхарам падзяліцца набалелым, выказаць свае заўвагі, пажаданні і прапановы, а раённай вертыкалі – прыслухацца да голаса народа, каб потым больш плённа і мэтанакіравана  працаваць на полі жыццёва важных інтарэсаў грамадзян. 


Вяскоўцы Малажына таксама прыйшлі ў мясцовы, нядаўна адрэканструяваны будынак установы культуры, з надзеяй на разуменне і падтрымку. У час размовы, якая тут адбывалася з прадстаўнікамі інфармацыйнай групы на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Ганнай Бабрынёвай, высвятляліся балючыя кропкі, абмяркоўваліся праблемы, даваліся тлумачэнні на хвалюючыя пытанні. Зразумела: жыць лепш хочуць усе, іншая справа – узважыць існуючыя жаданні і рэальныя магчымасці.


Каб задаволіць усе патрэбы, ажыццявіць задуманае, сродкаў часцяком не хапае. Дзе ўзяць? Да кожнай праблемы патрэбна падыходзіць з разуменнем: лакаматыў развіцця нашага рэгіёна – сельскагаспадарчая галіна. Таму ўкладанні ў першую чаргу павінны накіроўвацца туды, адкуль можна атрымаць прыбытак, – на вытворчасць. Ад выканання прагнозных паказчыкаў залежаць і фінансавыя магчымасці. На гэта акцэнтоўвалася ўвага вяскоўцаў, калі вырашэнне таго ці іншага пытання патрабавала значных грашовых затрат.  А кола таго, чым цікавіліся, уключала пераважна дарожнае, транспартнае і камунальнае абслугоўванне. Дыялог з насельніцтвам вялі дырэктар КЖУП “Брагінскае” Аляксандр Атрошчанка, кіраўнік ДЭУ-148 Віктар Цімошчанка, інжынер па перавозках філіяла №8 ААТ “Гомельаблаўтатранс” Святлана Фясько, прадстаўнікі мясцовай улады.


Пытанне размеркавання адраснай сацыяльнай дапамогі закрануў у сваім выступленні дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва  Сяргей Пархамец. Прыемнай навіной для многіх стала тое, што ў Камарыне ўжо завяршаецца працэс па пераабсталяванні былога будынка паліклінікі пад аддзяленне кругласутачнага  знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, разлічанага на 35 месцаў, – на гэта зрасходавана ў мінулым годзе 400 мільёнаў рублёў.


Але самым непрымірымым  для малажынцаў ўсё ж аказаўся пошук адказу на пытанне: чаму ад іх царквы адлучылі айца Іаасафа? Колькі ён зрабіў для людзей, які ўклад унёс у адраджэнне храма і ўмацаванне веры – аб усім гэтым гаварылі з душэўнай узрушанасцю, даючы волю сваім эмоцыям і ўнутраным перажыванням. Было зразумела: вяскоўцамі авалодалі боль, шкадаванне, роспач. Меркаванні многіх, да таго ж, падмацоўваліся чуткамі, таму, вядома, людзі чакалі: раённая ўлада павінна расставіць усе кропкі над “і”.  Як старшыня камісіі  садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях, такую місію ўзяла на сябе  Ганна  Бабрынёва. І ў першую чаргу было падкрэслена: царква ў нас ад дзяржавы аддзелена. Адпаведна, умешвацца ў яе справы, і ўжо тым больш – вырашаць кадравыя пытанні, мясцовая ўлада не мае права. Застаецца толькі канстатаваць факт. А прынятае рашэнне абгрунтаваў у пісьме на імя Ганны Мікалаеўны епіскап Тураўскі і Мазырскі Стэфан.


Па яго словах, на пасяджэнні Епархіяльнага савета Тураўскай епархіі было разгледжана пытанне аб непрыстойных паводзінах, што ганьбуюць сан свяшчэннаслужыцеля, іераманаха Іаасафа (Ігнацьева), настаяцеля прыхода храма ў гонар Казанскай іконы Божай Маці ў Малажыне. І згодна з прынятай пастановай, ён высланы з Тураўскай епархіі з правам пераходу ў іншую епархію рускай праваслаўнай царквы. Яму рэкамендавана несці послух у манастыры, дзе ёсць вопытны духоўны кіраўнік. А ў вясковую царкву  накіраваны іерэй Ігар Кніжонак (храм у гонар святога Мікалая Цудатворцы ў г.п. Брагіне). Ён часова выконвае абавязкі настаяцеля па сумяшчальніцтву.


Што ж, свет наш, відаць, яшчэ далёкі ад дасканаласці, а вецер у жыцці бывае і пераменных напрамкаў.  Таму патрэбна своечасова спраўляцца і з крыўдай, і з раздражнёнасцю – не ўсё залежыць ад нас асабіста, не ўсё падпарадкоўваецца нават вельмі моцным жаданням.


…Дадаць толькі хочацца: хто ступіў на шлях да веры, павінен бачыць і іншыя дарогі – да любові, надзеі, разумення, цярплівасці…


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *