Рамантаваць давядзецца за ўласныя сродкі

Сельское хозяйство

Прагнозныя  паказчыкі  на 2011 год у цэлым прадугледжваюць  рост вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў параўнанні з мінулым годам.  Пастаўлена задача забяспечыць у разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы вытворчасць усіх відаў кармоў (уключаючы летнія зялёныя) у аб’ёме не менш як 38 цнт кармавых адзінак, нарыхтоўку кармоў на стойлавае ўтрыманне – не менш як 25 цнт. Выканаць яе немагчыма без  арганізаванай  работы  тэхнікі. Як ладзяцца справы з  рамонтам і падрыхтоўкай сельгасмашын да пасяўной, расказаў галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Свірыдзенка.


– Мікалай Уладзіміравіч, днямі гаспадаркі нашага раёна наведаў намеснік начальніка аддзела ААТ “Гомельаблаграсэрвіс” Уладзімір Фіненка. Што выявілася ў працэсе праверкі?


– Акрамя прадстаўніка вобласці, сельскагаспадарчыя арганізацыі абследавала спецыяльная камісія, у склад якой уваходзіў і начальнік інспекцыі Дзяржтэхнагляду Юрый Корань. Пабывалі мы ў КСУП імя Жукава, “Брагінка” і “Пераможнік”. Заўвагі былі зроблены толькі адносна пастаноўкі тэхнікі на захоўванне ў КСУП імя Жукава. І кіраўнік, і галоўны інжынер знаходзяцца на сёння ў водпуску.


Для падрыхтоўкі машынна-трактарнага парка сельгасарганізацый раёна быў падпісаны загад №165, згодна з якім райсельгасхарч давёў заданне кожнай па забеспячэнні тэхнічнай гатоўнасці, вызначана сістэма мераў па кантролі за якасцю, складзены план-графік. Загады “Аб падрыхтоўцы сельскагаспадарчай тэхнікі да палявых работ 2011 года” ёсць ва ўсіх КСУПах, створаны камісіі па прыёмцы яе з рамонту, звенні, у склад якіх уваходзяць зваршчык і токар. Разлічана, колькі грошай пойдзе на ўсе гэтыя мерапрыемствы.


– Калі размова зайшла пра сродкі, якая сума спатрэбіцца аграрыям, каб выйсці ў поле без спазнення і добра падрыхтаванымі?


– Усяго для правядзення рамонтных работ неабходна 935 млн рублёў. Маецца на ўвазе не толькі пасяўной, але корма- і зернеўборачнай тэхнікі. Каб “падлячыць” трактары, давядзецца выдаткаваць 225 млн, зернеўборачную тэхніку – 210 млн. Падрыхтоўка кормаўборачнай абыдзецца ў 180 млн. У кожнага сельгаспрадпрыемства свае расходы. КСУП імя Жукава неабходна 175 млн, “Брагінцы” – 110, рамонтныя работы ў КСУП ордэна Леніна “Брагінскі” пацягнуць на 130 млн, “Чамярыскі” і “Пераможнік”– 115. Малажынцам з іх аб’ёмамі патрэбна 155 млн, КСУП “Саўгас “Камарынскі” – 130. Гэта ўласныя сродкі і крэдыты банка.


– Наколькі мне вядома, летась працаўнікі АПК рыхтавалі сельгасмашыны да пасяўной кампаніі за ўласныя сродкі. Тэндэнцыя гэта захавана?


– Так, сёлета выдзелены бюджэтныя сродкі толькі на  рамонт рухавікоў (50%), у 2010-м не было і гэтага. Адзінаццаць рухавікоў  маркі  Д-260  будуць вернуты да жыцця дзякуючы падтрымцы  дзяржавы. Астатнія  50%  ад  затрачанай  сумы  давядзецца вышукваць у сябе. Такім жа чынам адрамантуюць два апырсквальнікі ОП-2000 з КСУП імя Жукава і “Саўгас “Камарынскі”, якім застанецца аплаціць другую палову кошту рамонтных работ. Усе астатнія сельгаспрадпрыемствы будуць весці падрыхтоўку тэхнікі за ўласныя сродкі.


– Хацелася б спадзявацца, што такая мера прымусіць механізатараў адносіцца да сваіх сталёвых памочнікаў беражліва і ашчадна.


– Мне таксама. Асабліва, калі ўлічыць, што машынна-трактарныя паркі абноўлены ў гаспадарках раёна на 70%. Сельгасвытворцы атрымалі сучасныя трактары і камбайны, дзе ёсць складаныя прыборы, электроніка. Патрэбны веды, дбайны догляд, умелыя рукі. У раён прыйшлі сем “Ягуараў”, эксплуатаваць якія даручылі самым вопытным трактарыстам. І не толькі на гэтыя, але і на іншыя сельгасмашыны патрэбны кваліфікаваныя кадры.


Ствараем у кожнай гаспадарцы пункты тэхнічнага абслугоўвання, каб падоўжыць век тэхнікі. У КСУП імя Жукава, “Брагінка” памяшканні выдзелены, патрэбна закупіць абсталяванне.  Ёсць яны і ў “Пераможніку”, “Саўгасе “Камарынскі”, засталося правесці капітальны рамонт і набыць дыягнастычнае абсталяванне. Дарэчы, як і КСУП “Чамярыскі”. На сёння пункт ТА працуе ў КСУП “Малажынскі”, хутка ён з’явіцца ў “Брагінскім”, тут пакуль не хапае абсталявання для правядзення дыягностыкі.


– А колькі ўсяго сельгасмашын  неабходна адрамантаваць і ў які тэрмін?


– Згодна з даведзенымі графікамі ў рамонтны сезон патрэбна паставіць на лінейку гатоўнасці 34 трактары, 11 камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў, восем – глебаапрацоўча-пасяўных, дзве бульбасаджалкі, дзевяць раскідвальнікаў мінеральных угнаенняў, машыны для ўнясення арганічных угнаенняў, апырсквальнікі, пагрузчыкі і г.д.  Гатоўнасць  тэхнікі  ў  сакавіку павінна  скласці:  трактароў – 90%,  камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў – 91%, плугоў і глебаапрацоўчых машын – 93%, сеялак і бульбасаджалак – 93%. Машыны для ўнясення ў глебу ўгнаенняў павінны быць падрыхтаваны на 90%.


У маі будзем весці размову аб гатоўнасці кормаўборачных камбайнаў, машын для нарыхтоўкі кармоў і доглядзе пасеваў, у ліпені – зернеўборачных камбайнаў, зернеачышчальна-сушыльных комплексаў, а ў жніўні – бульбаўборачных камбайнаў.


Калі хочам атрымліваць высокія ўраджаі і выконваць заданні, павінны прытрымлівацца даведзеных графікаў.


Гутарыла  Ніна  СІНІЛАВА