ТЭХНАЛОГІЯ. Яе неабходна захоўваць

Сельское хозяйство

Атрымліваць кілаграмовыя сярэднясутачныя прывагі маладняку буйной рагатай жывёлы і па 7000 літраў малака ад кожнай каровы можна, калі строга прытрымлівацца тэхналогіі, удасканальваць вытворчы працэс. Як дасягнуць такіх паказчыкаў, што неабходна зрабіць, зааветспецыялісты раёна абмеркавалі ў час правядзення чарговага семінара. Аб тым, як ён быў арганізаваны, расказаў галоўны заатэхнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання  Пётр Пінчук.


– Былі вылучаны тры гаспадаркі, на базе якіх 18 і 19 студзеня праходзіла вучоба з удзелам спецыялістаў абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы, РСУП “Гомельдзяржплемпрадпрыемства”, ДУ “Гомельская абласная ветлабараторыя”, – паведаміў Пётр Валер’евіч. – З’ехаліся заатэхнікі, ветурачы, тэхнікі-асемянатары, загадчыкі фермаў нашага раёна, каб вызначыцца, як працаваць далей. У КСУП “Малажынскі” агледзелі новую ферму на 720 галоў, аналагічныя пабудаваны па Указу Прэзідэнта ў кожным раёне. Тут добрыя ўмовы для вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы. Цяляты ўтрымліваюцца ў індывідуальных клетках-доміках, усяго такіх пабудавана 110. Не даяркі, а цялятніцы вырошчваюць іх ад трох дзён пасля нараджэння да 21-го. У клетках суха, чыста, а галоўнае, маладняк здаровы. У карытцах – камбікорм КР-1, зерне кукурузы і аўса.


Першыя тры дні цяляты знаходзяцца разам з каровай у радзільным боксе, атрымліваюць неабходны для росту натуральны прадукт – малодзіва.  Затым іх  пераводзяць у індывідуальныя “кватэры”.  Нагрузка на адну цялятніцу – 25-30 галоў. Колькасць домікаў павінна быць не менш 30% ад наяўнасці кароў (сто кароў – 30 клетак). У час наведвання фермы звычайна звяртаецца ўвага на вытворчасць малака. У КСУП “Малажынскі” наладжана дыферэнцыраванае кармленне кароў, вядзецца раздой тых, што ацяліліся. У цаху сухастою – свой рацыён.


Галоўны ветэрынарны ўрач КСУП “Малажынскі” Міхаіл Калясан паказаў прэпараты для апрацоўкі вымя перад даеннем і пасля, даследавання на субклінічныя мастыты і іх лячэння, правільнага запуску кароў. Пасля ўбачанага сабраліся ў канторы ўнітарнага прадпрыемства, каб яшчэ раз, ужо тэарэтычна, адпрацаваць тэхналогію кармлення, утрымання, лячэння, узнаўлення і захаванасці пагалоўя. Усе гэтыя пытанні спецыялісты вобласці прапрацоўвалі з заатэхнікамі, ветурачамі, кадрамі сярэдняга звяна трох гаспадарак: КСУП “Малажынскі”, імя Жукава і “Брагінскі”.


У КСУП “Чамярыскі”месцам правядзення семінара стала Хракавіцкая ферма. Вучыліся і самі гаспадары, і іх калегі з  “Брагінкі”. Умовы ўтрымання маладняку тут не горшыя, чым у “Малажынскім”. Чамярысцы закупілі 80 пластыкавых клетак-домікаў, дзе гадуюцца нованароджаныя бычкі і цялушкі. У іх рацыёне – камбікорм КР-1, авёс і кукуруза.


Памяшканне для дойных кароў (220 галоў) не выкарыстоўвалася ў гаспадарцы больш трох гадоў. Пасля праведзенай рэканструкцыі тут створаны добрыя ўмовы.  Убачанае ў  час  семінара абагульнялася,  пад  яго падводзілася тэарэтычная база. Паколькі патрабаванні да вытворчасці прадукцыі, яе якасці ўзрастаюць, неабходны і іншыя падыходы, звязаныя з удасканаленнем тэхналогіі.


Спецыялісты “Пераможніка” прыехалі 19 студзеня ў КСУП “Саўгас “Камарынскі”, дзе іх чакалі на ферме (в. Прудавіца), каб разам абмеркаваць тыя ж пытанні, што і іх калегі днём раней. 26 клетак-домікаў кіраўніцтва “Камарынскага” набыло і ўстанавіла на Прудавіцкай ферме. Пасля рэканструкцыі гаспадарчым спосабам двух хлявоў для цялят груп дарошчвання змяніўся мікраклімат у памяшканнях, жывёла атрымала свабодны доступ да канцэнтратаў і вады. Змены адбыліся і ў працэсе вытворчасці малака. Для 150 кароў – бяспрывязнае ўтрыманне і даенне ў даільнай зале на ПДУ з малакаправодам.


Памяшканне раздзелена на тры секцыі: у першай знаходзяцца каровы сухастойнага перыяду, другой – тыя, што ацяліліся, трэцяй – якія дояцца. Кармленне дыферэнцыраванае, з улікам сутачнага надою (кантрольнае даенне праводзіцца рэгулярна). Канцэнтраты выдаюцца на літр атрыманага малака.


Затым у доме жывёлавода адбылася размова спецыялістаў вобласці з іх раённымі калегамі. Не было нудных прамоў і павучанняў, папрокаў і пагрозаў. Ішоў зацікаўлены дыялог аб тым, як пры наяўных кармах, у тых жа ўмовах, з тымі ж людзьмі, але пры ўдасканаленні тэхналагічнага працэсу атрымліваць больш малака і мяса з меншымі затратамі. Вучыліся, аналізавалі, шукалі адказы на пастаўленыя пытанні разам. Неабходна змяніць псіхалогію людзей, іх адносіны да сваіх абавязкаў. На першым этапе расказвалі, паўтаралі тое, што многім вядома, але не заўсёды выконвалася. Калі не зразумелі першы раз, растлумачаць  яшчэ. А ў далейшым давядзецца адказваць, чаму, па якой прычыне не ўкаранілі тое, што бачылі і чулі. Хочацца спадзявацца, што хопіць аднаго такога семінара, каб адчуць перамены да лепшага.


Падрыхтавала Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *