У ПАГОНЕ ЗА ЛІЧБАМІ НЕ ГУБЛЯЦЬ ЧАЛАВЕЧНАСЦЬ

Территория закона

Дзеці не нараджаюцца дрэннымі ці сапсаванымі – гэта аксіёма. Ды і імгненнага маральнага падзення не бывае. “У бяду трапляюць як у бездань, раптам, у злачынства сходзяць па ступенях…” –   пісаў у адным са сваіх пісьмаў расійскі асветнік-дэмакрат Аляксандр Бястужаў.  Дык вось чаму патрэбна нам,  дарослым, і ў першую чаргу – бацькам, своечасова задумацца:  ці правільна выхоўваем?  чаму вучым? як кантралюем?  які  прыклад паказваем?  У рэшце  рэшт,  уся доля адказнасці за ўчынкі   і  паводзіны  падлеткаў  кладзецца на тых, хто па сваім маральным і службовым абавязку павінен утрымаць падрастаючае пакаленне над пагібельнай мяжой. Прычым станоўчы вынік гарантаваны толькі пры ўмове, калі сям’я, школа, усе зацікаўленыя структуры ў барацьбе з негатыўнымі з’явамі выступаюць партнёрамі, –  лічаць члены камісіі па справах непаўналетніх.


Пытанні, вынесеныя на парадак дня першага  ў гэтым годзе іх пасяджэння  сумесна з прадстаўнікамі каардынацыйнага савета па выкананні Дэкрэта №18 “Аб дадатковых мерах па  дзяржаўнай  абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”  на чале з Ганнай  Бабрынёвай, сапраўды заслугоўвалі  таго,  каб  абмеркаваць іх у шырокай  аўдыторыі.


Вынікі работы па прафілактыцы падлеткавай злачыннасці за мінулы год падводзілі з аптымізмам: назіраецца станоўчая дынаміка. Колькасць злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі, снізілася з 17 (у 2009-м) да васьмі. Усе – крадзяжы. Стала менш і правапарушэнняў: да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута шэсць чалавек (у 2009 годзе – 11) за распіцце спіртных напояў, чатыры (12) – за дробнае хуліганства, з 23 да 17 знізілася колькасць разгледжаных матэрыялаў, што датычаць невыканання абавязкаў бацькамі па выхаванні сваіх дзяцей. Не зафіксавана выпадкаў кіравання транспартнымі сродкамі асобамі, якія не маюць на тое правоў, і ў стане алкагольнага ап’янення.


Што ж, лічбы сапраўды рэч упартая – могуць расказаць лепш слоў. Але на фоне іх, як падкрэсліла Ганна Мікалаеўна, нельга губляць чалавечнасць. “Дзеці павінны перш за ўсё нам давяраць, адчуваць, што іх гатовы выслухаць, зразумець і падтрымаць, ім хочуць дапамагчы”.


Удзельнікі  пасяджэння ўносілі свае  прапановы,  як  удасканаліць механізм  прафілактычнай  работы, над чым патрэбна працаваць яшчэ больш плённа. Спыніліся на такіх аспектах, як міжведамаснае ўзаемадзеянне, фарміраванне прававой культуры падлеткаў і іх бацькоў,  індывідуальны  падыход да кожнага. Зваротная сувязь, іншымі словамі, павінна прысутнічаць.


Разважалі таксама  над пытаннем, як павялічыць працэнт спагнання з гора-бацькоў  грашовых сродкаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне іх дзяцей. За мінулы год давялося кампенсаваць толькі 39,4%, а гэта, на жаль, самы нізкі паказчык у вобласці. Таму пастаўлена задача выкарыстаць усе рэзервы, сродкі і магчымасці,  каб даную планку  ўзняць вышэй, дасягнуць жадаемага эфекту.


74 абавязаныя асобы, 24 дзіцяці, якія знаходзяцца на прафілактычным уліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, 81 (36 сем’яў)  – у сацыяльна небяспечным становішчы. Праблемы падлеткавай занятасці, п’янства, сямейнага недабрабыту… Поле для дзейнасці шырокае. Прафілактыка патрабуе спалучэння адказнасці з сістэмнасцю,  настойлівасцю і нераўнадушшам. Як вядома, хваробу, у тым ліку і духоўную, лягчэй папярэдзіць, чым лячыць.


Удзел  у  пасяджэнні прыняў  пракурор  раёна  Сяргей Кулажанка.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *