ЗА ПАКУПКАМІ – У ПАЗЫКУ

Грамадства

Калі сродкаў катастрафічна не хапае, а пакупку нельга ці не хочацца адкладваць на потым, ратуюць крэдыты, за якія набываюцца бытавая тэхніка, мэбля, транспарт… Былі б гібкія ўмовы браць у доўг. І тут на выручку якраз можа прыйсці пазыка па прынцыпе “купляйце беларускае”: прадукцыя якасная, а працэнтная стаўка невысокая. Ільготнае крэдытаванне на спажывецкія патрэбы прадугледжана і на 2011 год.


Нагадаю: Указ Прэзідэнта №371 “Аб ільготным спажывецкім крэдытаванні” ўступіў у сілу са жніўня 2009 года. Сутнасць прапановы – у магчымасці ўзяць пазыку ў банку тэрмінам да трох гадоў пад 10 працэнтаў гадавых і пусціць гэтыя грошы на набыццё тавараў айчыннай вытворчасці. У пераліку спачатку значыліся бытавая тэхніка, мэбля, дывановыя вырабы, ацяпляльныя катлы і электраводанагравальнікі, міні-трактары, мапеды і матацыклы, мотаблокі, прычэпы, дрэваапрацоўчыя станкі. Потым дабавіліся жалезабетонныя вырабы, дахавыя і піламатэрыялы, адзенне і абутак, посуд, шпалеры… Спіс стаў налічваць больш 50 найменняў.


Паводле інфармацыі спецыялістаў разлікова-касавага цэнтра №5 аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” і цэнтра банкаўскіх паслуг №306 філіяла ААТ “АЗБ Беларусбанк”, за перыяд дзеяння Указа з жыхарамі раёна заключаны 91 дагавор на суму звыш 350 мільёнаў рублёў. Пры гэтым, як прыкмецілі супрацоўнікі ЦБП №306, каля 70 працэнтаў выдзеленых сродкаў пайшло на мэблю, а астатняе ў асноўным патрачана на набыццё бытавой тэхнікі і дываноў.  Часцей за ўсё грамадзяне бяруць у доўг два-тры мільёны.


У адпаведнасці з вышэйназваным указам ільготныя крэдыты для набыцця айчынных тавараў па пераліку, які вызначаецца ўрадам, выдаваліся адкрытымі акцыянернымі таварыствамі “Беларусбанк”, “Белаграпрамбанк”, “Белінвестбанк” і “Белпрамбудбанк” у 2009-2010 гадах. Але згодна з унесенымі  ў дакумент змяненнямі і дапаўненнямі, атрымаць грашовыя сумы на спажывецкія патрэбы ў доўг можна будзе і на працягу  2011 года, а набыць  за  іх  тавары –  і  ў  індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць продаж тавараў праз гандлёвыя аб’екты.  Менавіта гэтыя нормы прадугледжаны Указам  №11 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 2009 г. № 371”, які шостага студзеня падпісаў кіраўнік дзяржавы.


Чакаецца, што з уступленнем яго ў сілу попыт насельніцтва на ільготнае спажывецкае крэдытаванне павялічыцца.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *