АНАЛІЗАВАЛІ, РАІЛІСЯ, ПЛАНАВАЛІ

Сельское хозяйство

У канторы КСУП “Брагінка” працоўны калектыў падводзіў вынікі работы за 2010 год. Сабраліся разам як адна сям’я, — такое меркаванне склалася ў тых, каму давялося папрысутнічаць на гэтым мерапрыемстве, бо атмасфера  ў зале панавала шчырая, адкрытая, цёплая. Магчыма, таму, што кіраўнік – жанчына? Не было тут камандзіровачных за ўдзел у сходзе, замест іх – харчовыя наборы, мясныя і малочныя прадукты. Жаночая практычнасць і гаспадарлівасць адчувалася і ў гэтым.


Традыцыйна гадавую справаздачу пачынаюць галоўныя аграномы. Парадак парушаць не сталі і першым прадаставілі слова Аляксандру Ярацу. З яго выступлення даведаліся, што плошчы, адведзеныя пад бульбу, збожжавыя і іншыя культуры, засеялі поўнасцю, захавалі пры гэтым нормы ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў, каб атрымаць з кожнага гектара па 30 цэнтнераў зерневых і180 – клубняў. Былі праведзены ахоўныя мерапрыемствы, але ж таго ўраджаю, які планавалі, не сабралі.


Валавы збор зерневых і зернебабовых – 985 тон, з кожнага гектара намалацілі па 21,9 цнт (у 2009-м – па 31,5 цнт). Калі ў 2009-м накапалі 2632 тоны бульбы, то летась – 1193. Знізілі на 47% вытворчасць гародніны. Сказаліся неспрыяльныя кліматычныя ўмовы, небывалая спёка, з-за якой не толькі не дабралі раслінаводчую прадукцыю, але і захоўваецца яна горш. Гэта ўжо ў мінулым, становішча не паправіш, а ў 2011-м давядзецца працаваць з новымі сіламі. Ёсць вялікая колькасць арганікі, каб даставіць яе на палі, створаць звяно. Патрэбна закупіць недастаючую колькасць насення кукурузы, шматгадовых траў, абнавіць сарты бульбы, палепшыць работу па перазалужэнні. Ды і тэхналогія вырошчвання сельгаскультур пакуль не тым узроўні, на якім павінна быць. Галоўны аграном выказаў словы падзякі трактарыстам, паляводам за сумленную работу.


Яго калега Рэната Блоцкая больш занекоена захаванасцю насення бульбы. Пад гарачымі сонечнымі промнямі клубні падпекліся, зараз даводзіцца перавозіць іх у сховішча в. Кавака, перабіраць.
Галоўны эканаміст Кацярына Пінчук растлумачыла прысутным, якія ў іхняй гаспадарцы сабекошт прадукцыі і рэнтабельнасць. Адзначыла, што прыбытак атрыманы нізкі, а гэта не дазволіла весці расшыранае ўзнаўленне вытворчасці. Затраты давядзецца знізіць, каб мець добры эканамічны эфект і вытворчыя паказчыкі. Фінансавае становішча ахарактарызавала галоўны бухгалтар Тамара Курленка. Выручкі, напрыклад, атрымалі на ўзроўні мінулага года. Як ёю распарадзіліся і куды пайшлі грошы,  расклала па паліцах.


Цікава заўсёды слухаць выступленні кіраўнікоў падраздзяленняў, яны непасрэдна звязаны з людзьмі, ведаюць усе хібы вытворчага працэсу, могуць даць слушныя парады. Загадчыца фермы з в. Новы Пуць Тамара Дубіна адзначыла лепшых даярак і даглядчыкаў. У іх ліку – пераможца ў рэспубліканскім спаборніцтве (станавіўся ім не адзін раз) Аляксандр Нікіценка. Яна таксама гаварыла аб захаванасці тэхналогіі, без якой не будзе высокіх надояў і прываг.


На неабходнасці расшыраць вытворчасць і з гэтай мэтай пабудаваць малочны блок, дом для жывёлаводаў засяродзіў увагу кіраўнік сярэдняга звяна са Шкуратоў Анатоль Салодкі. Пагалоўе кароў на іхняй ферме варта павялічыць. Людзей хапае, прычым, працуюць усе сумленна, не было выпадкаў, каб каровы засталіся непадоенымі або ненакормленым маладняку груп дарошчвання і адкорму. Летам, калі слупок тэрмометра ўзнімаўся да адзнакі 40 градусаў, зладжанасць у рабоце механізатараў і жывёлаводаў радавала. Была і вада на пашы, і неабходныя дабаўкі.


Дырэктар КСУП “Брагінка” Тамара Кудан ведае, якім чынам вырашыць тыя задачы, якія пастаўлены перад калектывам: павялічыць вытворчасць раслінаводчай, і жывёлагадоўчай прадукцыі, яе рэалізацыю, знізіць затраты. Тады і заработная плата павысіцца. Пакуль яна меншая, чым у сярэднім па раёне. Асобным пунктам выдзеліла энергазберажэнне. Згадзілася з прапановай пабудаваць малочны блок. Да ўсяго патрэбна рэканструяваць памяшканне для маладняку буйной рагатай жывёлы ў в. Кавака. Перазалужэнне не менш як 200 гектараў сенажацяў і пашы ў год павінна стаць нормай. Патрэбна захаваць пасяўныя плошчы пад бульбу, вырошчваннем якой гаспадарка займаецца мэтанакіравана.


Старшыня Вуглоўскага сельскага Савета Валерый Краўчанка агітаваў вяскоўцаў заняцца развядзеннем жыўнасці на падворку, хаця папракнуць іх няма ў чым. Заданне па закупу жывёлы выконваецца, а што датычыць малака, то яго закупляюць у насельніытва ў тры разы больш, чым у цэлым па раёне. І ўсё ж пагалоўе кароў пажада павялічыць, тым больш, што дзяржава, мясцовая ўлада зацікаўлены ў гэтым. Гатовы прадаставіць льготныя крэдыты банкі, ды і гаспадарка заахвочвае  малаказборшчыкаў і малаказдатчыкаў.


– У вас ёсць паказчыкі, якія вышэй сярэднераённых, але ж ёсць і нізкія, – пачала сваё выступленне начальнік планава-эканамічнага аддзела ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянціна Дзегцярэнка. – Сваю дзейнасць у бягучым годзе неабходна пачынаць з вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны, навядзення парадку. Ёсць упушчэнні ў рабоце. Прадукцыя ферм рэалізуецца нізкай якасцю, жывёла – нізкімі вагавымі катэгорыямі, перарасходуюцца кармы. Сярэднясутачныя прывагі маладняку ва ўсіх даглядчыкаў павінны быць такімі, як у Аляксандра Нікіценкі. Выручку ў разліку на аднаго працуючага – на ўзровень раённай (не менш 45 млн).


Валянціна Рыгораўна параіла абнавіць машынна-трактарны парк, больш увагі ўдзяляць падбору кадраў, палепшыць работу інжынернай службы.
Працаўнікі КСУП “Брагінка” прынялі ўмовы спаборніцтва на гэты год, падвялі вынікі за мінулы, і тым, хто заслужыў, выдалі каштоўныя падарункі.


У рабоце сходу прыняў удзел і выступіў загадчык аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Пётр Голік.


Ніна СІНІЛАВА



Пакінуць адказ