ДАРОГУ – фантазіі, творчасці,ініцыятыве

Грамадства

Даўным-даўно, калі чалавецтва толькі  набыло форму грамадства, па сцяжынах людскіх  лёсаў  стала прагульвацца адна прыгожая асоба.  Яна  глядзела на ўсё, што адбываецца вакол, з вышыні сваёй дасканаласці, прапаноўваючы  кожнаму стаць спадарожнікам, пакорлівай слугой  непераўзыдзенай грацыі. І хто не змог выстаяць перад гэтымі чарамі, адкрылі для сябе свет невычэрпных магчымасцяў і вынікаў творчасці вытанчанай сеньёры, імя якой – Культура. 


Такім  чынам,  у Яе Вялікасці з’явіліся паслядоўнікі. Яны  паставілі на службу грамадству свае  лепшыя  якасці, здольнасці і талент, каб несці  ў  масы святло, гармонію, прыгажосць…


Мінуў  час, але дагэтуль  праца работнікаў  культуры  накіравана на розум,  пачуцці, мысленне  людзей.


Магчыма, і крыўдная, але ўсім зразумелая з’ява: культура не перадаецца і не пераймаецца сама сабой, па шчупаковай волі. Яе ствараюць, берагуць і захоўваюць, вырошчваюць, як той газон, “паліваючы” любоўю і клопатам, карпатлівай працай. А каб дасягнуць жаданага эфекту, мала проста дзейнічаць па шаблоне – патрэбна ўдасканальваць, аналізаваць, знаходзіцца ў пастаянным пошуку. І таму штогод прадстаўнікі  ўстаноў культуры збіраюцца разам, каб падвесці вынікі, выявіць пралікі і парадавацца за поспехі, намеціць планы на бліжэйшае будучае. Не адышлі ад гэтага і сёлета.


Па традыцыі перад прысутнымі з дакладам выступіла начальнік раённага аддзела культуры Ліна Пятніцкая, якая звярнула ўвагу аўдыторыі як на плюсы, так і мінусы ў рабоце, абазначыла асноўныя задачы ў рамках дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі на 2011-2015 гг.”.


Адраджаем, развіваем


З трыбуны прагучала, што ў мінулым годзе ўстановы  культуры  добра спрацавалі  па  канцэртным  абслугоўванні насельніцтва, даходы ад якога склалі 27,5 млн рублёў у супастаўных цэнах. Асартымент платных паслуг папоўніўся такімі відамі, як правядзенне вясельнага абраду, сямейных урачыстасцяў, святочных мерапрыемстваў для прадпрыемстваў і арганізацый раёна, гульнявых праграм і інш.


Буйнымі сумамі вымяраецца добраўпарадкаванне і эстэтычны выгляд, абсталяванне сельскіх устаноў культуры: на гэтыя мэты ў аграгарадкі накіравана 2891,5 млрд рублёў, на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы – 96 мільёнаў, на будаўніцтва кацельняў Красненскага цэнтра культуры і вольнага часу і Асарэвіцкага дома народнай творчасці –750,3 мільёна. Выкананы ўсе мерапрыемствы Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады: чатыры клубныя  ўстановы рэарганізаваны ў цэнтры культуры і вольнага часу, адна – у культурна-спартыўны цэнтр, на базе сельскіх клубных устаноў створана пяць канцэртных пляцовак, камп’ютарызавана 10 бібліятэк, у трох аграгарадках ёсць мультымедыйныя ўстаноўкі для дэманстрацыі фільмаў, дзейнічаюць філіялы дзіцячых школаў мастацтваў у Красным, Вуглах і Бурках.


Пачаты капітальны рамонт будынка былога ДТСААФ, дзе размесцяцца Брагінская раённая і дзіцячая бібліятэкі. Яны  атрымаюць  сучасную  тэхніку і абсталяванне.


Разам з тым, асаблівую занепакоенасць  выклікае  тэхнічны  стан Дублінскага СК, Крыўчанскага СДК, Асарэвіцкага ДНТ, Конанаўскай сельскай бібліятэкі-клуба. Побач з перавыкананнем даведзеных паказчыкаў па платных паслугах Брагінскім РДК, Малажынскім і Буркоўскім цэнтрамі культуры не дасягнулі запланаванага Камарынскі культурна-спартыўны цэнтр і аўтаклуб, Дублінскі, Шкуратоўскі, Бярозкаўскі сельскія клубы, Крыўчанскі  і Чамярыскі  СДК,  Лубяніцкая бібліятэка-клуб. Большая палова ўстаноў культуры не забяспечыла выканання мэтавага паказчыка па энергазберажэнні. 


Захоўваем, прапагандуем


На тэрыторыі раёна знаходзіцца 22 аб’екты, якія атрымалі статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў, 17 з якіх – помнікі археалогіі і пяць – воінскія пахаванні.


Выключная роля ў захаванні нашай спадчыны належыць Брагінскаму гістарычнаму музею з карціннай галерэяй. А ў параўнанні з 2009 годам яго асноўны і навукова-дапаможны фонд папоўніўся на 137 экспанатаў. За 2010-ты калектыў установы арганізаваў 29 выстаў, у тым ліку 12 выязных. Музей за гэты перыяд наведалі 4139 чалавек, 1947 з якіх – дзеці. Традыцыйнымі сталі не толькі экскурсіі, але і лекцыі, тэматычныя вечары. Сумесна з падрастаючым пакаленнем праводзіцца вялікая работа па вырабе абрадавых лялек, здымках фільмаў аб родным краі.


Дарэчы,  прадстаўленая на міжрэгіянальны фестываль “Хрустальнае бусляня” дакументальная стужка “Маё пакаленне і Чарнобыль” заняла першае месца, і гэта  дазволіла музею палепшыць сваю матэрыяльна-тэхнічную базу. Прычым, як адзначыла Ліна Адамаўна, сапернікі былі даволі моцныя, з буйных гарадоў і рыхтавалі свае работы ў абсталяваных кінастудыях. А ў нашага калектыву на ўзбраенні была толькі відэакамера. Выходзіць, не ўсё яшчэ залежыць ад створаных умоў – перамаглі імкненне да творчасці, самарэалізацыі, прага да мастацтва  і душэўны парыў.


Галоўны захавальнік фондаў музея Надзея Мялешка запэўніла, што ў такім жа адзінстве думак і пачуццяў калектыў збіраецца працаваць і ў далейшым: прапагандаваць спадчыну, несці культуру роднага краю людзям, шукаць адказ на пытанне, чым новым і цікавым прыцягнуць увагу і мясцовых жыхароў, і гасцей Брагіна. Паабяцала: “Яшчэ не раз вас здзівім у добрым сэнсе гэтага слова”. І ў знак пацвярджэння запрасіла калег на “Лялечную вечарынку”, якая будзе прымеркавана да Міжнароднага дня музеяў, што адзначаецца 18 мая. Гэту дату ужо ў другі раз захавальнікі спадчыны збіраюцца сустракаць у асяроддзі  сваіх наведвальнікаў. Добрая магчымасць  даставіць ім эстэтычнае задавальненне і духоўна ўзбагаціць.


Арганізоўваем, запрашаем


Каб таленавітыя жыхары Брагіншчыны змаглі раскрыць свой творчы патэнцыял і правесці вольны час з карысцю, на базе клубных устаноў дзейнічае 178 фарміраванняў, у тым ліку 89 – для дзяцей. У клубах па інтарэсах, аматарскіх аб’яднаннях, гуртках мастацкай самадзейнасці займаюцца 1306 чалавек. Актыўную работу ў гэтым напрамку праводзяць Брагінскі РДК, Камарынскі культурна-спартыўны цэнтр,  Красненскі, Буркоўскі і Вуглоўскі цэнтры культуры і вольнага часу. Удзельнікамі мастацкай самадзейнасці за мінулы год было падрыхтавана 789 канцэртаў, 348 тэатралізаваных святаў і абрадаў.


У раёне функцыянуе 11 гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кіраўнікі якіх захоўваюць і перадаюць сваім вучням асаблівасці беларускіх рамёстваў і промыслаў, прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах не толькі раённага, але і абласнога, рэспубліканскага, міжнароднага ўзроўняў. Прыкметны вынікі калектываў Вуглоўскага, Красненскага цэнтраў культуры, Асарэвіцкага дома народнай творчасці, Кіраўскага і Верхнежароўскага сельскіх клубаў.


Значна пашырыліся формы і метады правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў. Больш 50 канцэртаў было арганізавана з удзелам прафесійных артыстаў. Маштабна адзначалася 65-годдзе Вялікай Перамогі. Толькі ў раённым свяце, якое  прайшло  ў  Брагіне, было задзейнічана звыш 300 прафесійных і самадзейных артыстаў, работнікаў культуры, адукацыі, аховы здароўя, лясной гаспадаркі і іншых структур.


Але побач са станоўчымі тэндэнцыямі ў развіцці канцэртнай дзейнасці  з  кожным  годам, на жаль, паніжаецца запаўняльнасць залаў гледачамі. Як недахоп былі адзначаны недастатковая прапаганда мясцовых калектываў і выканаўцаў, увага арганізацыі дзіцячых мерапрыемстваў у святочныя і выхадныя дні, час школьных канікулаў.


Аб недапрацоўках таксама гаварылі пасля выступленняў в.а дырэктара метадычнага цэнтра Сяргея Даўгуляўца і загадчыцы Камарынскага  аўтаклуба Ніны Буйневіч. Культработнікі павінны  больш актыўна вышукваць, прыкмячасць творчыя парасткі, “выцягваць” іх на паверхню. Брагіншчына, багатая на таленты, здольна  заяўляць аб сабе на абласной, рэспубліканскай і міжнароднай арэне больш гучна, а стымул для гэтага ёсць – дастойныя прызавыя фонды фестываляў і аглядаў-конкурсаў. Асноўнае месца дзейнасці аўтаклубаў – не сцэна ўстаноў культуры, а адкрытыя  пляцоўкі,  палі,  фермы,  мехдвары.


Інфармуем,  выхоўваем


Для бібліятэк раёна аб’ектамі павышанай увагі сталі сям’я, работа з падрастаючым пакаленнем, прапаганда здаровага ладу жыцця, патрыятычнае, эстэтычнае, экалагічнае  выхаванне. Іх паслугамі карыстаюцца 12 519 чалавек, у тым ліку 2283 дзіцяці.


Работа ў рамках мэтавай праграмы “Жывая памяць Брагіншчыны” дапамагла стварыць базу даных па захаванні і прапагандзе нацыянальнай спадчыны. Пры бібліятэках створаны гісторыка-краязнаўчыя і этнаграфічныя куткі. А матэрыялы, якія ў іх змяшчаюцца,  актыўна выкарыстоўваюцца пры напісанні сачыненняў, правядзенні ўрокаў і гадзін гісторыі, разнастайных мерапрыемстваў.  У прыватнасці, заслугоўвае ўвагі вопыт работы ў даным напрамку бібліятэкара Святланы Худзенкі (Мікулічы), якая па крупінках,  не адзін год збірала і занатоўвала звесткі пра мінулае свайго краю, успаміны землякоў, фальклор, стварала летапіс вёскі.  У выніку бібліятэка стала своеасаблівай крыніцай мясцовай гісторыі, традыцый і культуры.


Увогуле, дзейнасць кніжных скарбніц у рамках шэрагу праграм –  “Экалогія”, “Міласэрнасць”, “Моладзь Беларусі” і інш. стала неабходнасцю і рэаліяй. Гэта работа з пажылымі жыхарамі, ветэранамі вайны і працы, дзецьмі-інвалідамі, сацыяльна неабароненымі, іншымі катэгорыямі грамадзян. Аб яе выхаваўчым, патрыятычным  і духоўным значэнні, тэматычнай і жанравай разнастайнасці расказала метадыст цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Валянціна Цітуліна


А намеснік дырэктара РЦБС Алена Уласенка дапоўніла калегу, якім чынам далучаюцца да свету кнігі, творчасці і мастацтва юныя чытачы, падкрэсліўшы, што асноўны складальнік поспеху – цеснае ўзаемадзеянне з іншымі зацікаўленымі структурамі.


Пра ўхіленне такой жыццёвай з’явы, як дэфіцыт увагі да састарэлых і знямоглых, гаварыла бібліятэкар з Чамярыс Валянціна Галка. Згадзіцеся: нашы вёскі насяляюць пераважна пенсіянеры, і як часта ім не хапае маральнай падтрымкі, звычайнага цёплага слова.  Ды і ў кожнага за плячыма – вялікі жыццёвы вопыт, падзяліцца ёсць чым. Таму дарэчы тут і сустрэчы, і гутаркі, і вячоркі…


Развіваем, выяўляем


Значная роля па эстэтычным выхаванні, развіцці творчых здольнасцяў падрастаючага пакалення належыць дзіцячым школам мастацтваў. У гэтых установах і іх філіялах займаюцца  134 юныя жыхары раёна, у тым ліку  86 – на інструментальным аддзяленні, 34 – на мастацкім, 12 – на харэаграфічным і 2 – на эстрадным. У першы клас Брагінскай і Камарынскай ДШМ прынята 47 дзяцей.


Вучні з’яўляюцца ўдзельнікамі алімпіяд, фестываляў, конкурсаў, іншых мерапрыемстваў. Толькі за мінулы год яны прапанавалі ўвазе гледачоў 84 канцэрты, у тым ліку 35 – для сельскіх жыхароў. Але гэтага недастаткова. Адным з асноўных паказчыкаў работы школы мастацтваў з’яўляецца  наяўнасць  калектыву з найменнем “узорны”. Пакуль яго не маюць ні Брагінская,  ні  Камарынская ДШМ.


Ставім задачы, плануем


Перш чым вызначыцца з задачамі на будучае, Ліна Адамаўна нагадала, што 2011-ты аб’яўлены  Годам прадпрымальнасці. А значыць, асноўнай рухальнай сілай сферы павінна стаць  ініцыятыва і дзелавая актыўнасць. На фінансавае “падмацаванне” пры абмежаваным бюджэце змогуць разлічваць толькі творчыя і энергічныя натуры. І як магчымасць атрымаць дадатковыя сродкі  на ўвасабленне сваіх  ідэй,  галоўны  спецыяліст  аддзела культуры Таццяна Высоцкая прапанавала калегам праявіць сябе ў распрацоўцы праектаў. Справа не толькі высакародная, разлічаная на жыццёвы поспех, карысць мясцовых жыхароў, але і прыбытковая: дазваляе палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу. У прыклад Таццяна Уладзіміраўна прывяла сумы, якія накіравалі спонсары  на праекты, што  рэалізоўвалі ўстановы культуры сумесна з праграмай CORE на працягу 2005-2010 гг.:


— “Стварэнне веб-сайта “Чарнобыльская спадчына” – 3570 еўра;


— “Страчаныя вёскі – пошук пейзажаў , якія зніклі” – 21 621,6 еўра;


— “Раскажы мне, воблака” – 32 970 еўра;


— “Стварэнне народнага музея імя Васіля Ігнаценкі” – 8 799 976 — “Развіццё музычнай адукацыі на сяле як фактар сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі дзяцей і падлеткаў” – 37 316 040 рублёў.


У 2008-2010 гг. аддзел культуры ажыццяўляў работу па рэалізацыі комплекснага праекта “Адраджэнне”, бюджэт якога склаў 73 мільёны рублёў. Але поле  для дзейнасці ў даным напрамку застаецца яшчэ даволі шырокім – у Брагіншчыны слаўная  гісторыя, яна можа пахваліцца і народнымі ўмельцамі, і традыцыямі… Патрэбна толькі ўключыць свой розум, празорлівасць і фантазію. Тым больш, што практычны вопыт ёсць і на метадычную падтрымку можна разлічваць.


Чырвонай ніткай у планаванні мерапрыемстваў павінны таксама прайсці два моманты  – 25-годдзе з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС і 70-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Даты, вядома, не святочныя, аднак трагічнае ў нашай гісторыі з’яўляецца ў той жа час і гераічным.  Таму патрэбна ведаць, памятаць, вывучаць урокі мінулага і перадаваць у спадчыну. 


Настольнай кнігай кожнага культработніка стане зацверджаная на 2011-2015 гады  дзяржаўная праграма “Культура Беларусі”.


Віншуем, заахвочваем


Пасля справаздачы старшыні прафсаюзнага камітэта работнікаў культуры Алены Уласенкі лепшыя калектывы і супрацоўнікі атрымалі за сваю стараннасць і дасягнутыя поспехі Ганаровыя граматы аддзела культуры і каштоўныя падарункі. Віншаванні прымаў аматарскі калектыў эстраднай песні “Музычны лабірынт” Брагінскага РДК, якому ў 2010-м прысвоена найменне “народны”.


Урачыста, цёпла і хвалююча, з запальнымі канцэртнымі нумарамі праводзілі на пенсію бібліятэкара з 25-гадовым стажам, удзельніцу народнага фальклорнага калектыву “Карлаўчанка” Марыю Уладзіміраўну Шарую. У знак удзячнасці і пашаны – падарунак на памяць.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА 



Адным радком



  • У мінулым  годзе  на фінансаванне галіны культуры было накіравана 2416,9 мільёна рублёў.

  • Клубныя ўстановы за 2010 год правялі 4843 мерапрыемствы, у тым ліку 4135 – на сяле.

  • Кніжны фонд бібліятэчнай сістэмы на канец года склаў 284 321 экзэмпляр кніг, брашур, часопісаў і газет, у тым ліку для дзяцей – 32 010.

  • Зараз у раёне налічваецца пяць калектываў з найменнем “народны”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *