Новых вам поспехаў!

Общество

З Валянцінай Камандзірчык і Наталляй Захожай кароткая размова ў нас адбылася перад пачаткам сходу, на які яны прыехалі з Рудні Жураўлёвай. Менавіта там працуюць абедзве на мясцовай ферме, раздойваюць нецеляў. Калі работа даяркі лічыцца не з лёгкіх, то іх – тым больш, у нечым падобная на дрэсіроўшчыка. Прывучыць будучую рэкардыстку патрэбна да апарата, каб ведала і сваё месца, і таго, хто яе даглядае. Цярплівасць, настойлівасць, а яшчэ любоў да жывёлы робяць сваю справу. І малако атрымліваюць, і здаровых цялят перадаюць на дарошчванне. Ад гэтага залежаць іх заробкі.


Валянціна Камандзірчык мае ўжо немалы стаж – 13 год работы на гэтым вытворчым падраздзяленні, у Наталлі Захожай ён вымяраецца дзесяцігоддзем. Пакуль першым, хочацца пажадаць, каб было другое, трэцяе. Тым больш, што ўмовы для работы створаны неблагія. У мінулым годзе кіраўніцтва КСУП ордэна Леніна “Брагінскі”правяло рэканструкцыю фермы, устанавіла новы малакаправод. Тое, што на МТФ падтрымліваецца належная дысцыпліна, іх задавальняе.


На ферме – 258 кароў, абслугоўваюць іх сем даярак. Ёсць падменная, а значыць і магчымасць пабыць дома, вырашыць свае сямейныя справы ў свабодны ад работы дзень. Ды проста адпачыць, калі гэта рэальна пры вясковым укладзе жыцця.


У канцы справаздачнага сходу дайшла чарга да падвядзення вынікаў спаборніцтва і ўзнагароджвання лепшых. Мы парадаваліся за Валянціну Сцяпанаўну і Наталлю Паўлаўну, іх таксама адзначылі каштоўнымі падарункамі. Новых вам поспехаў, паважаныя, моцнага здароўя і дабрабыту. А яшчэ – выйсці ў лік перадавых аператараў машыннага даення вобласці і рэспублікі.


Ніна СІНІЛАВА



Пакінуць адказ