Пабольш бы такіх у нашых вёсках

Грамадства

Пра Святлану Новік у Новай Грэблі раскажуць шмат і толькі станоўчага. У паўапусцелай вёсцы яна – адна з самых паважаных і аўтарытэтных людзей (нягледзячы на ўзрост). А прычын таму некалькі: Святлана Уладзіміраўна – адна з лепшых працаўніц КСУП “Чамярыскі”, якая знаходзіць час для грамадскай работы, патрыёт роднага краю, ініцыятар многіх карысных і цікавых спраў. Не адмаўлялася ад рамонту клуба, калі ўзнікала такая неабходнасць, арганізоўвала навагоднія “агеньчыкі” разам з мясцовымі актывістамі, праводзіла іншыя мерапрыемствы, каб жыццё на перыферыі не затухала. Ды ці толькі гэтым вымяраюцца яе насычаныя будні. І тое, што невялікая ферма існуе і дае прадукцыю, заслуга Святланы Новік. Яна тут – і загадчыца, і асемянатар, і аператар мышаннага даення.


У сваім выступленні на справаздачным сходзе намеснік дырэктара КСУП “Чамярыскі” Канстанцін Краўчанка, характарызуючы работу  жывёлагадоўчай галіны, яе прозвішча выдзеліў асобна, падкрэсліў, што захаванасць маладняку ў групе Святланы Уладзіміраўны – стопрацэнтная. Па  ўмовах  спаборніцтва  ёй выдзелілі ў якасці натураплаты цяля. Дарэчы, надой малака ад кожнай каровы ў групе Святланы Новік атрыманы найвышэйшы –  5028 кілаграмаў. На сёння пяцітысячніца ў гаспадарцы яна адна. А валавы склаў больш 190 тон.


Калектыў фермы, якую ўзначальвае, таксама дабіўся  нядрэнных вынікаў. У разліку на карову  аператары машыннага даення атрымалі па 3726 кілаграмаў малака, 392 цяляці і не дапусцілі паморку, захавалі ўсіх. Тут утрымліваецца 296 кароў. Апорай і дарадчыцай кіраўніка сярэдняга звяна з’яўляецца Таццяна Ефіменка, якая мае два дзесяцігоддзі стажу работы ў жывёлагадоўлі. Таццяна Аляксандраўна надаіла за год па 3857 кілаграмаў малака ад кожнай каровы, а ўсяго – 146 тон. Яе старанне было адзначана грашовай прэміяй. Маладому аператару Марыне Смірновай вучыцца ёсць у каго. Родам яна з Грушнага, на работу ў Новую Грэблю яе і іншых жывёлаводаў дастаўляе “газель”, якую дырэкцыя гаспадаркі набыла для гэтых мэтаў.


Прозвішча Святланы Новік добра ведаюць у раёне. Яе неаднаразова адзначалі за сумленную працу  прэміямі, падарункамі, граматамі. Кіраўніцтва КСУП “Чамярыскі” стараецца прыцягнуць у гаспадарку маладыя кадры, асабліва жывёлаводаў. У заключным слове на агульным сходзе дырэктар Генадзь Краўчанка паабяцаў даяркам высокі сярэднямесячны заробак – не менш мільёна. Няхай будуць паслядоўнікі ў Святланы Новік, такія ж адданыя рабоце, верныя абавязку і роднай зямлі, як яна. Тады і Новая Грэбля адродзіцца, і ферма праславіцца сваімі людзьмі, іх дасягненнямі, і гаспадарка выйдзе на новы ўзровень развіцця.


Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *